Выбрать главу

— А Іван — мужык гаспадарлівы, — пахваліў гаспадара старшы з аператыўнікаў.

— Гаспадарлівы, — чамусьці ўздыхнуў Кухар і, некалькі разоў тузануўшы зачыненыя дзверы брамкі, загрукаў па іх кулаком: — Іван, адчыняй. Міліцыя!

Аднак за варотцамі ніхто не адгукнуўся на стук участковага. Тады Кухар паўтарыў спробу:

— Іван, адчыняй. Трэба пагутарыць.

Зноў цішыня стала адказам на заклікі міліцыянера. «Можа, яго няма дома?» — Кухар яшчэ некалькі разоў ударыў кулаком па тоўстых дошках брамкі, прыслухаўся і прыпаў вокам да невялікай шчыліны ў дошках. Прыпаў і тут жа, бы ўджалены, адхіснуўся — праз шчыліну на яго глядзела немігаючае чырвонае вока.

— Чорт бы цябе ўзяў! — вылаяўся ўчастковы некалькі разоў, бы адганяючы насланнё, хітнуў галавой і патлумачыў сваім сябрам: — Ён жа, хлопцы, стаіць за дзвярыма і даўно назірае за намі.

— Што вам трэба? — данёсся з-за варот рыпучы голас.

— Хочам задаць табе пару пытанняў.

— Пытайцеся.

— Праз вароты? — здзівіўся малодшы аператыўнік і, не пачуўшы адказу, змірыўся, запытаўся: — Ці ведаеш ты чалавека, якога знайшлі на беразе рэчкі?

— Не ведаю.

— А ці бачыў ты, адкуль ён прыйшоў?

— Не бачыў.

— Можа, учора вечарам чуў нешта незвычайнае ля рэчкі ці ў суседзяў?

— Нічога не чуў і за суседзямі я не сачу.

На гэтым гутарка закончылася.

Калі міліцыянеры адышліся далей, гаспадар расціснуў кулак — на яго далоні мяккім залатым бляскам заблішчэла палова манеты. Ён уздыхнуў, схаваў золата ў кішэнь, прысеў на кукішкі і патрапаў за морду вялікага белага сабаку, што ўвесь час стаяў побач з ім. «Будзем чакаць, Грыфон. А гэтых людзей нам няма чаго баяцца, бо ў іх разуменні — мы з табой бессмяротныя!»

4

Мішка Бабыль — бліжэйшы сусед Івана Хлястова. Жыў у цагляным калгасным доме і па характары быў поўнай супрацьлегласцю Івана: лянівы, неахайны, аднак бяскрыўдны і гаваркі. У сябрах ён меў добрую палову вёскі, другая палова была яго таварышамі. Яго дом не меў агароджы і часта нават наогул не зачыняўся на замок. «А што ў мяне можна ўкрасці? — пытаўся ў сяброў Мішка. — Усё каштоўнае я заўсёды нашу з сабой». А на пытанне, што ў яго ёсць каштоўнага, нязменна адказваў: «Добрае сэрца і чыстая душа». І калі наконт чысціні яго душы можна было паспрачацца, то сэрца ён і сапраўды меў добрае, лагоднае.

Як і Іван, Мішка быў ужо на пенсіі, але працягваў працаваць на ферме падвозчыкам кармоў. Работа цяжкая, аднак ён кожны дзень меў магчымасць папіць уволю свежага малака а, калі побач не было даярак, то і наліць бутэльку сырадою сабе на вячэру.

Калі міліцыянеры падышлі да яго дома, Мішка ўжо садзіўся на веласіпед, каб ехаць на ферму. Убачыўшы нечаканых гасцей, ён спыніўся, нават зняў з галавы брудны капялюш. У яго бясколерных вачах побач з бесклапотнасцю і цікаўнасцю з’явіліся і іскрынкі трывогі. Ён першым павітаўся з міліцыянерамі і, чамусьці гледзячы на Кухара, сцяўся ў чаканні пытанняў — усё ж такі крыху хлусіў Мішка, не вельмі чыстым было яго сумленне.

— А не познішся ты на работу? — пацікавіўся ўчастковы. — Сонца ўжо вунь як высока.

— Я цялятак даўно пакарміў, — Мішка нават паружавеў ад напружання і невядомасці. — Прыехаў на паўгадзінкі дахаты, каб паснедаць і...

— Добра, аб працы пагаворыце потым, — перапыніў Бабыля старшы аператыўны работнік. — Зараз ты нам скажы, што незвычайнага ты бачыў учора вечарам?

— Незвычайнага? Учора вечарам? — Мішка некалькі разоў паціснуў плячыма, задумаўся. Урэшце ён нешта ўспомніў, бо вочы яго зазіхацелі вясёлым смехам: — Учора вечарам некалькі цялятак вырваліся з загону, дык мы з заатэхніцай да глыбокай ночы іх лавілі і цягалі на ферму.

— А тут, ля рэчкі?

— Тут? — Мішка хмыкнуў. — Тут я нічога не бачыў, бо дахаты вярнуўся позна ноччу. Пакуль пералавілі...

— Добра, пра цялят мы ўжо чулі, — старшы аператыўнік нешта памеціў у нататніку. — А што ты нам скажаш пра свайго суседа: ну, які ён чалавек, чым займаецца ў вольны час, хто яго наведвае?

— Пра іншага я за вочы вам нічога не расказаў бы, але пра Ваньку скажу. Чалавек ён цяжкі, падазроны, з нейкай гнільцой. Я яго ведаю з дзяцінства і ўвесь час ён быў такім: скрытным, вечна пахмурным, маўклівым. Адзін прыклад з будаўніцтвам хаты для Цішкі Прышчэпы чаго варты!

— Прышчэпа — гэта ваш інжынер? — удакладніў Кухар.

— Ён самы.

— Дык і што здарылася з будаўніцтвам хаты для Цішкі і пры чым тут твой сусед?

— Гэта даўняя і непрыемная гісторыя.

— Мы папалім, а ты расказвай, — старшы аператыўнік выцягнуў пачак цыгарэт. — Пяць хвілін табе хопіць?

Мішка па звычцы зноў паціснуў плячыма:

— Як пойдзе.

— Расказвай.

— Гадоў з дзесяць таму Цішка закончыў тэхнікум і быў размеркаваны ў наш калгас механікам. Ён і зараз хлопец гарачы, а тады быў — агонь, самы сапраўдны Везувій. Яму давалі кватэру ў цэнтры вёскі, але ён адмовіўся. «Сам хачу паставіць хату, сваімі рукамі», — сказаў ён на праўленні і ад яго адчапіліся. Ён выпісаў лесу, праз калгас закупіў цэглу, дошкі, цэмент, шыфер і з дапамогай сваіх бацькі і двух братоў распачаў ставіць зруб. Тры месяцы ішло будаўніцтва, затое і хату яны пабудавалі адмысловую — высокую, на тры пакоі, з шырокімі вокнамі і прасторнай верандай. А ў красавіку амаль усю вёску Цішка запрасіў на наваселле.

Месяцы тры хлопец ніяк не мог нацешыцца сваім жытлом. Аднак неяк пад восень у яго раптоўна захварэла карова і яе давялося прырэзаць. Потым здохлі два парсюкі, куры, пачалі хварэць і самі гаспадары. Цішка быў у роспачы, не ведаў, што рабіць, да каго звярнуцца па дапамогу ці хаця б параду.

Аднойчы да яго зайшла бабка Сідарыха.

— Кепскае ў цябе жытло, — яна ўважліва агледзела хату. — Ні абраза, ні крыжа няма ў ім, а значыць, і бараніць цябе няма каму.

— Дзе ж узяць абраз і ці дапаможа ён маёй сям’і?

— Ён дапаможа табе зразумець прычыну, а перамагчы зло ты павінен сам, — бабка прайшлася па хаце і паказала вачыма на кут, дзе трэба павесіць абраз. Потым развязала хустку, якую прынесла з сабой, дастала з яе невялікі абразок, паклала на стол.

— Гэта мой падарунак табе на наваселле, — сказала яна, прачытала кароценькую малітву, перажагналася і накіравалася да выхаду.

— А мне што рабіць?

— Павесь абраз і чакай.

У той жа дзень Цішка павесіў абраз ва ўказаным Сідарыхай куце, а вечарам да яго зайшоў у госці Ванька Хлястоў. Ні да каго ніколі не заходзіў, а тут на табе, прыпёрся, ды яшчэ з пляшкай гарэлкі.

— Хлястоў хадзіў у госці? — не паверыў Кухар. — Ён жа, як кажуць, не ўсіх вяскоўцаў у твар ведае. І чаму ён такую пашану хацеў аказаць Прышчэпу?

— Дык Цішка хату паставіў вунь там, амаль побач з Ванькавым замкам.

— Вось нават як, — прысвіснуў участковы. — А я і не ведаў гэтага.

— Аднак расказваю, што адбылося далей, — Мішка сам захапіўся сваім расказам і адчуваючы, што яго ўважліва слухаюць, узяў невялікі перапынак, закурыў цыгарэту, са смакам выдыхнуў смярдзючы дым. — Піць Іванаву гарэлку Цішка не стаў, а калі той пайшоў, зачыніў за ім дзверы і лёг спаць. Але спаў ён нядоўга — апоўначы, акурат ля яго хаты пачуліся валтузня, енк і сабачае скавытанне. Спачатку Цішка спалохаўся, а потым схапіў стрэльбу, выскачыў на панадворак і пальнуў адразу з двух ствалоў у суцэльную цемру.

Рэшту ночы Прышчэпа спаў спакойна, а пад раніцу сасніў сон, быццам ён едзе на машыне ў раён і па дарозе падбірае спадарожніка — старога з доўгай сівой барадой, і на развітанне той яму кажа: «Добры ў цябе дом, хлопец, аднак яго трэба разабраць і перанесці ў іншае месца». Разабраць дом — гэта не жартачкі, ды яшчэ восенню. Але Цішка з наступнага дня і прыступіў да работы. І што вы думаеце, — Мішка пераможна пачаргова агледзеў міліцыянераў, — у тым куце, дзе вісеў абраз, разам з мохам ляжалі абпаленыя косткі жывёл. Хто іх туды падкінуў — загадка і па сёння. А Цішка перавёз свой дом на іншую вуліцу і зараз жыве там без усялякіх клопатаў і турбот.