— Я прадстаўнік сілавых структур, — Кухару пачала надакучваць такая гутарка ні аб чым, — і якія факты я перад вамі скажаю? Я прашу вас расказаць мне пра канкрэтнага чалавека, а вы расказваеце мне пра сусветны розум.
— Мы жывём не ў вялікай краіне, а вы — усяго толькі малюсенькі вінцік у яе механізме. Аднак вы пыталіся ў мяне, чаму Максіма зацікавіла наша Гіблая затока. Вы не верыце агульным словам, тэорыі, верыце толькі фактам. Што ж, даю факты. Мой бацька ў сорак трэцім годзе быў дзесяцігадовым смаркачом і ён мне расказаў, што ў верасні таго года да гэтай затокі на дзвюх машынах фашысты прывезлі нейкіх палонных людзей, мабыць, чалавек дзесяць-дванаццаць. Фашысты адразу пачалі нешта вымяраць ля рэчкі, забіваць у зямлю калкі, чарціць нейкія планы, а палонныя прыняліся капаць траншэю ўздоўж берага. Мой бацька тады вудзіў непадалёку і, заўважыўшы чужынцаў, схаваўся ў кусты, пачаў назіраць за імі. Ён бачыў, як раптам над затокай заклубіўся туман, як з гэтага туману з’явілася здань у вобразе чалавека і як яна пачала доўгім мячом сячы тых, хто знаходзіўся ля рэчкі. Фашысты крычалі ад жаху, стралялі па здані з аўтаматаў, аднак яна не звяртала на кулі ўвагі і секла людзей, пакуль не пазабівала ўсіх. Потым яна знікла, растварылася ў рачной вадзе разам з туманам. А самае цікавае — на целах забітых не было ні крыві, ні нават глыбокіх драпін. Праз тры тыдні вёску вызваліла савецкая армія і пра тое здарэнне бацька больш не ўспамінаў.
Магчыма, Максім у архівах знайшоў нейкую інфармацыю пра той выпадак і яго ён зацікавіў, не ведаю, ён мне аб сваёй рабоце нічога не расказваў. Гучыць неверагодна, праўда? Мне аб ім расказаў бацька перад сваёй смерцю, аднак я ўсё роўна недзе ў глыбіні душы сумняваюся ў яго праўдзівасці, спадзяюся, што тады яму гэта падалося са страху.
— Так яно і было, — упэўнена пацвердзіў міліцыянер. — Маленькі хлапчук упершыню зблізку ўбачыў смерць, спалохаўся яе выскалу і яго ўяўленне, каб дачасна не выпаліць дзіцячы розум, адразу намалявала пачвару з мячом у руках. Гэта, як міраж, часовы псіхічны разлад.
— А вось Максім паверыў у расказ майго бацькі, нават па-свойму патлумачыў, чаму тая здань не пасекла фашыстаў.
— Ну і чаму?
— У фашыстаў на форме і на пілотках былі нашыты арлы, а грыфон арла не кранае. Гэтыя і тыя нясуць смерць.
— Які Грыфон? Што за Арол?
Грышка паціснуў плячыма:
— Пра іх некалькі разоў успамінаў Максім.
— Пэўна, мянушкі яго сяброў?
— Магчыма. Я не зразумеў.
Кухар дапіў чай, падзякаваў і, імкнучыся больш не закранаць тэм пра НЛА ці сусветны розум, запытаўся пра рэчы нябожчыка.
— Вунь на куфры ляжыць яго заплечнік. Я да яго нават не дакранаўся.
Участковы падняўся з табурэткі, падышоў да куфра, узяў у рукі невялікі заплечнік, зазірнуў у яго. Той быў амаль пусты і ляжалі ў ім толькі фотаапарат «Зеніт», пачак фотаплёнкі «Кодак», кашалёк ды невялікі радыёпрыёмнік. Аднак у бакавой кішэні Кухар знайшоў тое, дзеля чаго працаваў цэлы дзень — пашпарт незнаёмца. Раскрыўшы яго, ён з шумам выдыхнуў з сябе паветра, а разам з ім і клопаты, і перажыванні, і раздражнёнасць прайшоўшага дня.
— Камяневіч Максім Фёдаравіч, — амаль па складах прачытаў ён прозвішча і тут жа пачаў гартаць старонкі пашпарта, шукаючы прапіску яго ўладальніка. — Горад мне добра вядомы, вуліца Дубовенская. Што ж ты, Максім Фёдаравіч, хацеў знайсці ў гэтай рэчцы? Чаму табе не сядзелася дома? Няўжо і сапраўды паверыў у байкі пра туманных ратнікаў?
— А вы не паверылі?
— Ды лухта ўсё гэта. Калі я раскажу заўтра следчаму, што Камяневіча Максіма Фёдаравіча забіла пачвара, якая ўзнікае з туману, а жыве ў рацэ, то мяне адразу ж, у лепшым выпадку, адправяць да псіхіятра, у горшым — у псіхушку. Ладна, калі б гутарка ішла пра Днепр ці Дзвіну, а то — у нейкай ручаіне жыве няведама хто! Вы самі, паважаны Грыгорый, ці верыце ў свае міфы?
— Веру, — цвёрда адказаў гаспадар. — А вам я спачуваю, бо калі вы паверыце ў іх, ужо можа быць позна.
— Я ў іх не паверу ніколі, — капітан працягнуў Баранаву на развітанне руку. — Дзякуй за чай. Прыемна было пазнаёміцца.
Міліцыянер паехаў. А гаспадар выйшаў на панадворак, паглядзеў на цёмную стужку ракі, у якой ужо серабрыўся месяц, прагаварыў:
— Дзвіна і Днепр — рэкі вялікія, паўнаводныя, людныя, навідавоку, а наша Мірэя — рака хатняя, ціхая і непрыкметная. Аднак не дарэмна ж продкі назвалі яе Мірэя, што азначае Мроя, Мара, надзея на лепшае.
7
Прайшоў тыдзень з дня смерці Максіма Камяневіча. Падзеі таго дня пачалі паступова сцірацца з памяці ўчастковага капітана Кухара, адыходзіць на задні план. Зноў яго рабочы дзень напоўніўся турботамі пра якасную ўборку ўраджаю, пра парадак на калгасных мехдварах і фермах.
Аднойчы раніцай у аддзеле міліцыі яго выпадкова сустрэў следчы пракуратуры Павел Міклашэвіч. Павіталіся.
— Паслухай, Андрэй, — не адпускаючы Кухаравай рукі, загаварыў следчы. — Ты не збіраешся, выпадкам, сёння ў горад?
— Вось зараз і паеду. Але па справах.
— Я ведаю, — суха ўсміхнуўся Міклашэвіч. — Завязі ты туды заплечнік Камяневіча. Пакінеш у дзяжурцы, а хлопцы потым самі перададуць яго каму трэба.
— Без праблем, — пагадзіўся капітан.
— Ну вось і добра. А то валяецца на складзе без патрэбы.
Аднак Кухар не выканаў свайго абяцання, забыўся, не пакінуў перадачу ў райаддзеле міліцыі і ўспомніў аб ёй толькі на выездзе з горада. «Чорт бы мяне ўзяў! — спыняючы машыну, лаяў сябе капітан. — Трэба ехаць назад». І тут ён успомніў, што Камяневіч Максім жыў на Дубовенскай вуліцы, а гэта ж недзе зусім побач. Ён паглядзеў на нумар бліжэйшага дома, праехаў яшчэ крыху наперад і прытармазіў ля звычайнай вясковай хаты, якую акружаў стары сад і невялікія дагледжаныя кветнікі. Ён выйшаў з машыны, наблізіўся да ўваходных дзвярэй, націснуў на кнопку электразванка. Дзверы адчыніліся амаль адразу, і ў іх праёме ўзнікла дзявочая постаць у жалобным строі.
— Вы да каго? — пацікавілася дзяўчына.
— Я хацеў бы пабачыць каго-небудзь з родных Максіма Камяневіча.
— Я яго сястра. Бацькі зараз на працы.
— Я хачу перадаць рэчы Максіма.
Дзяўчына крыху падумала, уздыхнула, потым адхілілася ўбок.
— Праходзьце, — дазволіла яна і, калі Кухар зайшоў у сені, зачыніла дзверы. — Праходзьце ў хату, не саромцеся.
У хаце панаваў паўзмрок. Капітан зайшоў у вітальню і спыніўся ў нерашучасці, не ведаючы, куды ісці далей.
— Праходзьце ў залу, — данёсся з сяней дзявочы голас.
Кухар прайшоў у залу, агледзеўся і ўладкаваўся ў крэсле ля зграбнага журнальнага століка, на якім ляжаў патрапаны тонкі вучнёўскі сшытак і некалькі часопісаў. У пакоі было прахалодна, чысценька і ўтульна, і ўчастковаму стала нават сорамна, што ён не здагадаўся зняць абутак. Аднак гаспадыня не звярнула на гэта ўвагі. Яна прайшла да канапы, села на яе край і запытальна паглядзела на заплечнік, які ляжаў на падлозе ля ног участковага.
— Тут рэчы вашага брата, — перахапіўшы позірк дзяўчыны, парушыў няёмкую цішыню Кухар. — Фотаапарат, грошы, прыёмнік, ласты з маскай, ружжо для падводнага палявання. — Ён узяў у рукі заплечнік і хацеў падаць дзяўчыне, аднак тая адмоўна, нават спалохана, махнула рукой: