— Не трэба. Хай ляжыць там.
Капітан зноў апусціў заплечнік на дыван. Дзяўчына яму падабалася, і ён быў не супраць нейкі час пагутарыць з ёй. Вось толькі аб чым? Акрамя міліцэйскіх тэм у галаву больш нічога не лезла, і ён запытаўся:
— Скажыце, а што хацеў адшукаць ваш брат у рэчцы? Скарб нейкага маскоўскага баярына? У ваколіцах Лядава ходзяць чуткі, што ў Мірэі патануў куфар з золатам, аднак гэта было так даўно. Ды і байкі ўсё гэта.
— Ну чаму байкі? Вось каля вас на стале ляжыць сшытак, які я выпадкова знайшла ў Максімавым пакоі, і там ёсць некалькі ўспамінаў пра той скарб. Пачытайце, калі вам цікава.
Кухар узяў у рукі сшытак. Ні ў якія скарбы на дне Мірэі ён не верыў, аднак сам жа першым загаварыў на гэтую тэму, і таму ён адгарнуў вокладку і пачаў чытаць.
Скарга сялян вёскі Лядава на свайго лаўніка:
«Мы, убогие подданые з села Лядава, ускаржаемося вашым милостям, нашым милостивым паном, на лавника дубовенского на име Рома Беззубца, который нам великие а незносные кривды чынит от колко лет безвинне нас грабит и грабежы у него гинуть, а коли почнем у него грабежов просит, тогды нас бьеть, мордуеть нас самих и детей наших, што узмовит на нас брат пану, то сам берет во двое того. Ябедник лихий, присяжник, лихвяр примушае нас скарб московского боярина в Мирее искати ан нет так сребро ему давати. С пугою железною ходит, што кат. Дети, скоро обачывшы его с пугою идучого, то от него утекают, а псы и духу его боятся».
Вытрымка з запіскі невядомага ліцвіна аб бітве пад Улаю:
«1564 р. 11 лютага
…Еще, по написанию цедулы моей, другая потешная новина пришла до пана моего, иж в той битве самого Шуйского забито и тело его в реке знойдено; а то поведил подскарбий его, которого поймано от наших людей, ищучи тело пана своего. А Шереметьев также в битве будучи древом шкодливе пробит и скоро приехавши до Полоцка умер. А тое войско неприятельское, што под Дубровною было, уже ся были перепровадили на сюю сторону Орщи и Днепра; а скоро о войску господоря нашего и теж о поражьце Шуйского з войском уведали, вземши на себя страх и покинувши увесь кош побегли, и яко за три дни у Смоленска стали; а бегучи, добра и маетности свои кидали. Тако ж Серебрянный-Аболенский казну утопил, а оршанцы поведають, иж такое великое добычи и при великой Оршанской не взято. А теперь князь великий московский послал был дворянина своего Петра Ивановича Сотницына-Клобукова з сорокма коней, снать, казну отшукати и даючи ведати о той битве: которого казаки Дубровенские побили и двух живых поймали, с чого со всего нехай будет хвала пану Богу!»
Кухар стаміўся чытаць неразборлівы Максімаў почырк, яму надакучылі спробы зразумець сэнс некаторых слоў, таму ён не стаў чытаць далей і паклаў сшытак на ранейшае месца.
— Так, тут упамінаецца пра нейкую казну, аднак гэтыя доказы ўскосныя, без канкрэтыкі. І што, толькі па гэтых фактах ваш брат хацеў знайсці золата?
— Золата Максіма зусім не цікавіла. Ён шукаў іншае і ўшчыльную займаўся адной звышсакрэтнай фашысцкай арганізацыяй, — дзяўчына задумалася, уважліва паглядзела на свайго суразмоўцу, усміхнулася:
— Дарэчы, мяне завуць Таня.
— Андрэй, — прадставіўся капітан і паспрабаваў падняцца з крэсла.
— Вельмі прыемна.
— Мне таксама, — Кухар зноў апусціўся на мяккае сядзенне. — Скажыце, Таня, а што за ваенныя сакрэты знайшоў Максім у Лядаве?
— Я не ведаю, што знайшоў Максім у Лядаве, але дакладна ведаю — ваенныя тайны яго цікавілі мала і ён шукаў архіўныя звесткі з аддзела «Германскі навуковы патэнцыял у дзеянні». А за тры дні да сваёй смерці Максім вярнуўся дамоў узнёслы, радасны, светлы. Сказаў, што яго пошукі наблізіліся да заканчэння і што хутка ён стане вядомым чалавекам.
— А над чым ён працаваў канкрэтна?
— Над усім, — Таня сумна ўсміхнулася і пальцам выцерла пад вокам нябачную слязінку. — Падрабязнасці ён абяцаў мне расказаць пазней, баяўся сурокаў. А можа, інфармацыя была сапраўды выбухованебяспечнай, калі ён не захацеў падзяліцца ёй нават са мной?
— Я не ведаю, — шчыра прызнаўся капітан. — Я нават пра гэтую нямецкую арганізацыю раней нічога не чуў і даведаўся пра яе толькі ад вас.
— Яшчэ Максім неяк прагаварыўся, што за ім сочаць, і аднойчы па тэлефоне яму пагражалі, патрабавалі спыніць пошукі і спаліць усе паперы.
— Калі гэта было? Як яны прадстаўляліся?
— Ніяк яны не прадстаўляліся. Проста патэлефанавалі і сказалі, што, калі ён хоча жыць, то няхай спыняе сваю дзейнасць. А было гэта месяцы два таму.
— Магчыма, гэта канкурэнты ці зайздроснікі, — паспрабаваў заспакоіць дзяўчыну Кухар. — Ён жа не адзін цікавіўся «Спадчынай продкаў», пэўна, ёсць у горадзе і іншыя... краязнаўцы? Той жа Арол ці Грыфон.
— Тое, што адбылося з братам, не ўкладваецца ў маёй галаве. Я ніколі не паверу, што ён памёр ад сардэчнай недастатковасці. Так, Максім не быў асілкам, аднак і на сэрца ён ніколі не скардзіўся. Я не паверу, што яго смерць на сумленні нейкіх міфічных зайздроснікаў, бо іх у яго не было, ды і зайздроснікі ў сваёй большасці людзі слабыя, нерашучыя і на сапраўдны ўчынак ніколі не асмеляцца. А забойства чалавека — гэта ўчынак. Таму я і не разумею, пра якіх Арла з Грыфонам Вы ў мяне пытаецеся? Не было ў Макса знаёмых з такімі мянушкамі.
— Пра іх ён расказваў свайму спадарожніку, з якім разам прыехаў у Лядава.
— А-а, пэўна, брат меў на ўвазе грыфона — міфічнага крылатага звера, сімвала сонца, які лічыцца апекуном зямнога і нябеснага царстваў, і арла — міфічнага ахоўніка шчасця і ўдачы, магутнасці і спрытнасці, розуму і спакою. Толькі арол можа глядзець на яркае сонца не міргаючы, а таму толькі яго не кранае грыфон.
— Магчыма і так, — капітан згодна хітнуў галавой. — Але ж, я думаю, ваш брат усё ж расказваў вам нешта пра свае захапленні, радасці, бо з кім, як не з блізкім чалавекам, можна падзяліцца імі? Каму, як не роднай сястры, даверыць пякучую тайну?
— Не, Максім лішняга ніколі не гаварыў і мне амаль нічога не расказваў. Ён нават свае запісы захоўваў недзе ў незнаёмым мне месцы. Хаця, месяцы два таму, прагаварыўся, што вылічыў, дзе схаваны дзверы ў Залу Ведаў, і ўсё.
— Дзверы куды, у Залу Ведаў, пад рэчкай? — міліцыянер ледзь стрымаўся, каб не засмяяцца. — Што гэта яшчэ за зала?
Таня з недаверам паглядзела на суразмоўцу і, прачытаўшы ў яго вачах, што той і сапраўды нічога не ведае пра Залу, патлумачыла:
— Зала Ведаў — гэта комплекс памяшканняў для захоўвання і перадачы інфармацыі аб нашай планеце, аб народах, якія яе насяляюць, аб іх мовах, звычаях і абрадах, аб рычагах уздзеяння на прыроду і гэтак далей. З дапамогай гэтай Залы абраныя людзі, Максім называў іх Вялікімі, могуць кіраваць рознымі працэсамі на зямлі: паводкамі, землятрусамі, войнамі, знікненнем адных і ўзнікненнем другіх дзяржаў. Яны могуць нават рэгуляваць курс валюты той або іншай дзяржавы праз эканамічныя зносіны або прыродныя катаклізмы. На планеце існуе дванаццаць дзвярэй у Залу Ведаў і адны з іх — у нас. Магчыма, там, ля той вёскі, і знаходзяцца гэтыя дзверы, і мой брат на ўласныя вочы хацеў у гэтым упэўніцца.
— Лухта нейкая, — не стрымаўся Кухар.
— Чаму лухта? Дарэчы, дзверы ў гэтую Залу ў час апошняй вайны шукалі і вучоныя з «Аненербэ», а гэта была сур’ёзная арганізацыя, а не кааператыў па нарыхтоўцы рагоў і капытоў, і працавалі ў ёй найлепшыя вучоныя з розных галін навукі.
— Ну а навошта ваш брат шукаў гэтую Залу? Ён жа павінен быў разумець, што калі яна і існуе, то ўваход у яе будзе надзейна абаронены і пранікнуць туды простаму смяротнаму немагчыма.
— Ён усё гэта ведаў, — Таня зноў змахнула з вейкі нябачную слязінку. — Ён выдатна разумеў, што час герояў-адзіночак даўно прайшоў, аднак разам з тым ён быў перакананы, што невядомая нам сіла ўжо запусціла на Зямлі праграму самазнішчэння чалавека і што толькі ў Зале Ведаў гэтую праграму можна спыніць ці наогул адключыць.