Кухар хмыкнуў, паціснуў плячыма і, не хаваючы вясёлых смяшынак у сваіх вачах, пацікавіўся аб іншым:
— А вам, Таня, падабаецца жыць?
— Жыць? — пачуўшы пытанне, дзяўчына раптоўна сцялася і насцярожана, нават спалохана, паглядзела на суразмоўцу: — Чаму вы пра гэта пытаецеся?
— Проста я ніколі не адчуваў раней і не адчуваю зараз аніякай цягі да самазнішчэння. Наадварот, мне вельмі цікава і хораша жыць на гэтай планеце. Я хачу жыць кожнай сваёй клеткай і спадзяюся дажыць да глыбокай старасці гэткім жа здаровым і шчаслівым чалавекам.
— Дапамагай вам Бог, — гаспадыня сумна ўсміхнулася і зручней уладкавалася на канапе. — Чалавек не мае органаў, якія здольны кантраляваць разбурэнне яго асобы, і таму для яго гэтыя працэсы адбываюцца непрыкметна і неадчувальна. Але вы азірніцеся навокал, задумайцеся і шчыра адкажыце самі сабе: што сталася з прыродай, з чалавекам? Чаму яны зрабіліся такія агрэсіўныя? Чаму людзі масава выракаюцца сваёй веры і ў той жа час ахвотна вераць розным прайдзісветам? Куды знікае чалавечая мараль і ўва што ператвораны сем смяротных грахоў? Ды і хто зараз пра іх памятае!
— Пра грахі я вам нічога не скажу, а вось агрэсіі, лічу, і раней было не менш, чым зараз.
— Раней агрэсія была больш прыкметнай, паколькі здзяйснялася праз учынкі, праз кроў і смерць. Зараз жа яна амаль нябачная, звыклая, бо праяўляецца праз рэчы, на якія мы даўно не звяртаем увагі. Нават просценькая ігольніца ў форме чалавечай галавы, а іх зараз поўна ў нашых крамах, з’яўляецца элементам агрэсіі. Такіх прыкладаў мноства, яны дапаўняюць адно аднаго, сабраны ў цэласную сістэму і ўсе служаць рэалізацыі праграмы самазнішчэння. Каму гэта патрэбна, Андрэй?
Андрэй некалькі разоў адмоўна хітнуў галавой, паціснуў плячыма і прамаўчаў. А Таня працягвала:
— Максім усё выдатна разумеў. Ён не быў дурнем або наіўным хлапчуком, аднак ён не хацеў быць і абыякавым назіральнікам. Куды ён толькі не звяртаўся, але... У лепшым выпадку з яго адкрыта не смяяліся. Таму і хаваў ён свае напрацоўкі, таму і спрабаваў у адзіночку пранікнуць у Залу Ведаў, каб урэшце спыніць праграму знішчэння, каб накіраваць чалавечыя памкненні не да матэрыяльнага, а да духоўнага багацця. Ён верыў, што калі чалавек павернецца тварам да адзінства з Прыродай, да любові, да дабрыні і прыгажосці, у яго адродзіцца духоўнасць і гарманізуюцца светлыя сілы. Максім спадзяваўся выратаваць чалавецтва. — Таня стомлена ўздыхнула.
— Я недзе чуў пра такую тэорыю, — на гэты раз у словах Кухара гучала зацікаўленасць. — Здаецца, расійскі доктар Бутэйка таксама сцвярджае, што наша цывілізацыя ў сваім развіцці, як і чалавечае жыццё, праходзіць чатыры этапы: нараджэнне, росквіт, заняпад і смерць, і што зараз мы ўступілі ў трэці этап эвалюцыі — заняпад. Аднак — гэта ўсё словы, якія гучаць загадкава, прыгожа, а часам, нават, і праўдзіва. І ўсё ж я думаю, што менавіта сам чалавек з’яўляецца кавалём свайго лёсу, што толькі ён вырашае меру сваёй духоўнасці, сваёй маралі і сваёй разбэшчанасці. Вось вы кажаце, што і немцы з «Аненербэ» шукалі ўваход у Залу Ведаў, але ж я не думаю, што ён ім быў патрэбны для таго, каб адрадзіць у людзей духоўнасць.
Таня паціснула плячыма: «Нешта не аб тым мы гаворым», задумалася, потым адкінулася на спінку канапы і заплюшчыла вочы. Участковы нейкі час глядзеў на дзяўчыну, потым ціха падняўся, каб непрыкметна выйсці і пакінуць яе ў спакоі, аднак гаспадыня кволым голасам, амаль шэптам, папрасіла:
— Пасядзіце са мной яшчэ крышачку, мне з вамі ўтульна і спакойна.
— Калі ласка, — адказаў міліцыянер і зноў сеў на крэсла.
Дзяўчына расплюшчыла вочы, сумна ўсміхнулася і прапанавала:
— А можа, вып’еце кавы?
— Дзякуй, — Кухар крыху разгубіўся і, нечакана для сябе, згадзіўся: — З задавальненнем.
Гаспадыня зноў яму ўсміхнулася, на гэты раз удзячна, паднялася з канапы і накіравалася на кухню. Кухар таксама ўстаў з крэсла і, не ведаючы, што рабіць далей, пакорліва пакрочыў услед за дзяўчынай.
Кухня была невялічкай і ў ёй ледзь змяшчаліся газавая пліта, халадзільнік і стандартны набор кухоннай мэблі.
— Сядайце ў кут ля халадзільніка, — прапанавала Таня, — там любіў сядзець Максім, — і, калі капітан уладкаваўся на табурэтцы, прадоўжыла свой расповяд:
— «Аненербэ» курыравала амаль усю навуковую дзейнасць Германіі: магчымасці масавага псіхатропнага ўздзеяння на людзей, стварэнне «звышчалавека», распрацоўкі новых нестандартных відаў зброі і шмат-шмат што яшчэ. Іншая справа, што многія свае пачварныя эксперыменты яны праводзілі на ваеннапалонных, на вязнях канцэнтрацыйных лагераў, на жанчынах і дзецях, і за іх злачынствы ім няма і ніколі не будзе даравання ні перад людзьмі, ні перад Богам.
— Аднак, якое дачыненне тая арганізацыя мае да скарбу, пра які згадваецца ў сшытку? Вы, Таня, мяне зусім заблыталі: Максім шукаў уваход у Залу Ведаў, скарб ці хацеў выкрыць ваенных злачынцаў з фашысцкай арганізацыі «Спадчына продкаў»?
— Мой брат быў разумным, адукаваным хлопцам і ён спрабаваў знайсці дзверы, уваход у Залу, а скарб і нямецкая арганізацыя — гэта проста выпадковыя адгалінаванні ў яго даследаваннях.
— Вы думаеце, што яго забілі?
— Я не ведаю, — шчыра адказала Таня. Яе вочы напоўніліся слязьмі. — Я баюся пра гэта думаць.
Кухар падняўся з табурэта, каб суцешыць дзяўчыну, аднак у гэты момант у калідоры зазваніў электразванок.
— Маці прыйшла з працы, — падхапілася з табурэткі і дзяўчына. Яна хуценька змахнула з вачэй слёзы, усміхнулася госцю: — Зараз я вас пазнаёмлю.
— Але мне трэба ехаць.
— Вельмі шкада. З вамі так цікава гутарыць, і маўчаць цікава.
Дадому капітан прыехаў вечарам і калі ён падняўся ў сваю кватэру, там
ужо некалькі хвілін заходзіўся яго тэлефон. «Пэўна, Міклашэвіч хвалюецца за Максімаў заплечнік», — падумаў Кухар і падхапіў трубку.
— Капітан Кухар, забудзься пра ўсё, аб чым табе расказвала Таццяна Камяневіч. Інакш... — у трубцы загучалі доўгія гудкі.
— Інакш што? — няведама на каго закрычаў міліцыянер. — Заб’еш мяне, спаліш або атруціш? — але тэлефон маўчаў.
8
Спаў капітан трывожна. Сніў нябожчыка Максіма, стральцоў, якія выцягваюць з ледзяной купелі свайго ваяводу, іншапланецян з антэнамі на скафандрах і эсэсаўцаў, якія расстрэльваюць гэтых іншапланецян з аўтаматаў. Кухар з нецярпеннем чакаў раніцы, і ледзь-ледзь жнівеньскае сонца расфарбавала небасхіл у жоўты колер, як ён схапіў трубку тэлефона і нервова пачаў набіраць міжгародні нумар. На тым канцы трубку доўга не паднімалі, аднак участковы ўпарта чакаў. Урэшце доўгія гудкі заціхлі.
— Ало, — прагучаў сонны голас Тані. — Слухаю вас.
— Таня, добрай раніцы. Гэта я, Андрэй Кухар.
— Андрэй? Кухар? — дзяўчына не пазнавала ўчарашняга суразмоўцу. — Вы памыліліся нумарам.
— Я перадаў вам учора заплечнік і рэчы вашага брата. Потым мы пілі каву.
— Малады чалавек, майце сумленне, — пакрыўдзілася дзяўчына. — Я ж вам ясна сказала, што я вас не ведаю і вы памыліліся нумарам.
— Прабачце, — участковы павесіў трубку і злосна стукнуў кулаком па сценцы.
А днём ён быў ля Гіблай затокі і на ўсялякі выпадак сціскаў у руцэ вайсковы гузік з выявай арла. Ён нерухома стаяў на беразе і спакойна глядзеў на цёмную і гладкую стужку вады. Няўжо пад ёй хаваецца патаемны ўваход у Залу Ведаў? А можа, менавіта тут адступаючыя фашысты схавалі свой архіў, а сведкаў расстралялі? А можа, на дне ракі і сапраўды ляжыць куфар з золатам маскоўскага ваяводы? Ды лухта ўсё гэта, трызненні хворых людзей. Аднак чаму ж тады так трывожна на душы? Чаму часта, бы спалоханая птушка, б’ецца ў грудзях сэрца? Які жартаўнік званіў учора вечарам і адкуль ён ведаў пра візіт да Тані і размову з ёй? Чаму Таня раптоўна пра ўсё забылася? Не, трэба ўсё ж даследаваць гэтае гіблае месца, прайсціся па беразе з металашукальнікам, узяць пробы вады, аера, чарота. Трэба заспакоіць сваё сумленне, трэба даказаць і сабе, і такім, як Грышка Баранаў, што ніякіх звышлюдзей на нашай планеце няма, і што чалавек звычайны — вянец тварэння і самамэта Прыроды.