Выбрать главу

— Вось, Данік! Нідзе такую ежу больш не паспытаеш. Табе ўсе дзеці ў садку зайздросціць будуць: ты еў мядзведжую цыбулю і сапраўдны аер!

Белыя парасткі аеру малому прыйшліся больш даспадобы, ён ахвотна прымаў з рук Віталя пачастунак. З’ела трошкі і Воля.

Яны сядзелі ля кастра доўга, пакуль зусім не сцямнела. Услухоўваліся ў цішыню, спадзеючыся пачуць чужыя прыродзе гукі: чалавечыя крокі або трэск лодачнага матора. Віталь яшчэ двойчы схадзіў да бліжэйшых елак наламаць лапак, каб было чым укрыцца. Пасля палезлі ў будан.

Віталь прапанаваў сваю кашулю, каб Воля з сынам прыкрыліся, але яна адмовілася наадрэз: хопіць травы, не змерзне. Віталь лёг бліжэй да ўваходу, Данік ляжаў між ім і Воляй, заснуў хутка. Мужчына і жанчына прыслухоўваліся да яго роўнага дыхання. Не спалі.

— Божа, як падумаеш… — ціха, з заўважным адчаем пачала Воля. — Сёння павінна быць свята, мне везлі з вобласці нейкую грамату. Я магла танчыць, есці смачны шашлык, запіваць добрым віном. Адзін толькі міг — і вось мы ледзь не загінулі, мы — сярод балота без ежы і вады, начуем у страшнай яміне пад вываратнем. Хоць бы заўтра заўважылі дым, прыехалі…

Віталь маўчаў. Баяўся, што не зможа заснуць — першы раз у жыцці ён атрымаў такі, лічы, эмацыйны ўдар. Падумаў, што яшчэ няма камароў, і гэта так добра. Што ім пашанцавала — вечар такі цёплы, дасць Бог, ноч не будзе халоднай. Што ён з каханай жанчынай і яе сынам на востраве далёка ад людзей, і цяпер так многа залежыць ад яго. ТРэба не проста выжыць і вярнуцца, а выжыць і вярнуцца з годнасцю, не саромецца пасля ўспамінаў. І праваліўся ў сон, мо хутчэй за Волю.

5

Віталь прачнуўся ад галасоў птушак: здаецца, востраў звінеў-пераліваўся спевамі. Было ўжо светла. Узняў галаву — Воля спала, прыціснуўшы да сябе сына, яго амаль не было відна. Мужчына асцярожна вызваліўся з-пад травы і лапніку, падумаў і прыкрыў ім Волю.

Паднімалася сонца. Востраў нібыта плыў па моры густой смугі, якая была раўнюткай, без клубоў і разрываў. Некалькі таўставатых ствалоў, напалову спарахнелых, якія Віталь учора прыцягнуў і падлажыў у вялікі касцёр, згарэлі дарэшты, але пад сівым попелам вуголле было чырвоным, ад вогнішча ішло прыемнае цяпло. Віталь падсунуў ствалы далей, яны заняліся. Зараз бы кубак кавы… І імгненна абудзілася смага. Добра, ён пап’е балотнай вады. А Данік?

Віталь пачаў абыходзіць востраў. Іншым разам станавіўся блізка да вады, зачэрпваў далонню, углядаўся. Яна здавалася чыстай, толькі нешта драбнюткае ў ёй жыло, шавялілася, звівалася… З-за старога чароту раптам бязгучна ўзляцела вялікая шэрая птушка. Чапля… Віталь глытнуў. Ладзіць гняздо ці палюе на жаб? Ішоў, глядзеў пад ногі, хоць розум даводзіў сваё: вясна, прырода толькі прачынаецца, якія могуць быць грыбы-ягады? У адным месцы, якое было падобна на заліты вадой поплаў, прыпыніўся: падалося, у вадзе слізгануў цень. Падпарадкаваны інтуіцыі, крочыў у ваду, нечакана цёплую. І ажно уздрыгнуў у першы момант ад тых ценяў у вадзе і таго, як вярхі чорных спін імкліва рассякалі ваду.

Рыбы!

Тут плытка, цёпла, яны зайшлі сюды класці ікру!

Але калі зайшлі, то як? Віталь рушыў па вадзе далей, асцярожна, у душы спадзеючыся пабачыць той цень блізка. Пабачыў. Кінуўся плазам, здавалася, што так імкліва, але толькі на імгненне кончыкі пальцаў адчулі слізкае цела рыбіны. Углядаўся ўдалеч, пабачыў — вось ён, канал, бяжыць адсюль і губляецца ў тумане. Значыць, з яго можна патрапіць у другі, трэці, і па цячэнні дайсці да дамбы, там цвёрда. Кожная дамба блізка да людзей, там дарогі…

Адзін бераг канала заўважна ўразаўся ў востраў. Віталь узышоў на яго і ўздрыгнуў ад убачанага: у зямлю нехта ўваткнуў старую рагульку, якую звычайна ставяць рыбакі, каб класці вудзільна. Тут былі людзі… Ён пачаў азірацца вакол сябе, не разумеючы яшчэ, што хоча знайсці, але нейкая частка мозгу аддавала каманду на пошук, бо гэта было чамусьці вельмі важным, вельмі… Вочы заўважылі ў старой траве чужое тут, але звычнае ў іншым жыцці — пакамечаную пластыкавую бутэльку. Вада. Трэба піць, але працадзіць спачатку.

Цяпер — рыба. Свядомасць не адпускала ні на імгненне тыя вялікія цені пад вадой. Ім трэба рыба, каб есці. Рыбу трэба злавіць. Вуды няма. Яе не зрабіць. Сеткі няма. Яе не зрабіць… Што застаецца? Восці… Ён можа зрабіць восці?

Віталь яшчэ і не адказаў сабе на пытанне, а вока ўжо зачапілася за даўгалыгую роўную хвойку наперадзе. Тут быў гушчар, дрэўца цягнулася да неба і цяпер вырасла метраў у сем пры таўшчыні ля кораня не больш за пяць сантыметраў. Прысеў, надрэзаў і хутка зламаў, узважыў у руцэ. Добра… А з чаго і як зрабіць астатняе? Мозг тым часам перабіраў магчымасці, пакуль рукі абразалі галінкі і тонкую верхавінку.