Напачатку трэба адмыць бутэльку і знайсці адносна чыстую ваду.
Дайшоў да азярыны, побач з якой была іх зямлянка, зайшоў у яе. Дзіўна, што вада падалася халаднейшай за тую на поплаве ля канала. Дно было цвёрдым, пясчаным. Ён намацваў сабе шлях наперад зрэзанай хвойкай, ішоў у адзін бок — быццам пацяплела, павярнуўся, пайшоў у другі, аддаляючыся ад вострава, а вада і папраўдзе пахаладнела.
Але пачуўся здушаны крык:
— Віталь Андрэевіч! Куды вы?
Ён стаяў яшчэ цалкам не ўсведамляючы, што адбылося, чаму Воля спалохалася. Павярнуўся і пайшоў да берага, да яе.
— Там вада быццам халаднейшая, — пачаў тлумачыць Віталь, — а нам піць трэба. Прабач… Зараз у бюстгальтары кладуць такія… быццам паралон. У тваім ёсць такія? Бо вада кішыць розным, вясна ж, трэба працэджваць…
— А-а-а, — разгублена працягнула Воля, спахапілася: — Зараз… Адвярніцеся, — і сама павярнулася спінай да Віталя, праз некалькі секунд працягнула станік: — Трымайце…
Віталь памацаў станік, адчуваючы цеплыню жаночага цела, прыглушыў усхваляванасць.
— Патрымай, калі ласка…
Яны прыселі і Віталь хутка ўспароў нажом тканіну, выцягнуў устаўку. Не паралон, але шчыльны шматслойны кавалак. Тое, што трэба. Дастаў другі. Пакруціў у руках распатрошаны станік, узняў вочы на Волю:
— Мне станік твой трэба. Тут паскі… Мне трэба нешта кшталту вяровачак. Многа. І, прабач, шнурок з красовак. А другі трэба распалавініць, каб красоўкі трымаліся, бо басанож па лесе не паходзіш.
— Бярыце, канешне, — усміхнулася Воля, пачала расшнуроўваць красоўкі. — А навошта вам?
— Восці хачу зрабіць… Рыбу бачыў, але ж як яе зловіш? То трэба вяровачкі моцныя, доўгія…
Віталь прысеў і пачаў выцягваць шнуркі са свайго абутку. Розум ужо намаляваў, як зрабіць восці: дзве двайныя перакладзінкі, між імі… шэсць, так, хопіць шэсць зубцоў. Сантыметраў на трыццаць ушыркі. Зубцы і перакладзіны — з сухіх яловых лапак. Моцныя будуць, і можна добра завастрыць. Але ж замацаваць трэба надзейна. Вельмі надзейна. Шэсць зубцоў, дванаццаць вузлоў, яшчэ чатыры пяпэрэчынкі і штосьці кшталту трохвугольніка, каб зубцы трымаліся толькі прама. Значыць, трэба яшчэ…
Воля хутка ўправілася з красоўкамі.
— Мне за кастром сачыць?
— Так, Волечка, гэта наша надзея.
Калі яна падалася да вогнішча, Віталь басанож зайшоў у ваду, завярнуў за рог сухога чароту. Там сцягнуў з сябе джынсы і трусы, джынсы надзеў зноў, спаласнуў бялізну ў вадзе. Што ж, тут ёсць гумка, можна нарэзаць палоскі…
Заняты справай ужона беразе, не пачуў, як падышла Воля.
— Данік так салодка спіць… Вам дапамагчы? Вой, вы свае трусы на справу пусцілі? — усміхнулася сарамліва.
— А што ж паробіш, — усміхнуўся і Віталь. — А ты не смейся, зараз я і цябе папрашу.
— Ды ў мяне такія, што тканіны амаль няма, — яшчэ больш засаромелася Воля.
— Затое паскі, мабыць жа, моцныя…
— З майкі маёй адрэзаць можна, — падказала Воля.
— Майка добра… Але на іншае, баюся, спатрэбіцца пазней.
— На што іншае? Як пазней? Нас жа павінны заўважыць!
— Я тут падумаў… Вялікія выхадныя, вось… Хто ведае, што ў іх там. Спадзявацца будзем, аднак сядзець, рукі склаўшы, нельга. Ёсць у мяне думкі. Але пакуль — восці, бо нам трэба паесці.
— Добра, пачакайце…
Воля ўстала і пайшла ў будан. Вярнулася са скрутачкам у руцэ, зайшла ў ваду, прапаласкала.
Потым Віталь адрэзаў верх у знойдзенай бутэлькі, распраміў пластык, падаў Волі:
— Ты пакуль вымый добра, пяском шаруй, ён тут дробны і чысты.
Сам пайшоў у глыб вострава. Нарэзаў неабходнага, вярнуўся. Разам з Воляй зайшлі падалей у азярыну, дзе вада была халаднейшай. Віталь чэрпаў ваду верхняй часткай бутэлькі і ліў у ніжнюю праз «фільтр» з укладышаў ад станіка.
— Цяпер можна напіцца… як прычасціцца, — вырвалася нечаканае. І калі піў, яму здавалася, што ён адчувае ў смаку вады водар Волінага цела.
Туман з балота знік, дым іх вялікага кастра падымаўся высока.
Віталь рабіў восці быццам і няспешна, але пазіраў на сонца. Данік прачнуўся, папіў вады, сеў побач. Ні пра што не пытаўся.
— Ну, Данік, як мужчына застаешся за старшага: глядзі за мамай, а яшчэ, каб вогнішча гарэла добра, каб добра дым ішоў…
— Яны павінны зараз прыехаць, такі дым! — з незадавальненнем сказала Воля. — Куды яны глядзяць?
— Так, Волечка... Але хто адразу зверне ўвагу на невялікі пажар на балоце? Востраў і востраў, узялася гарэць леташняя трава — згарыць дый годзе. Не дзве-тры гадзіны павінен гарэць касцёр… І вось што трэба ўлічыць: будуць шукаць на тым канале. Гэтай раніцай знойдуць, бо некуды да берага прыб’е тваю блакітную кофту. І гэта пра многае скажа. Нас могуць ужо сягоння залічыць у мерцвякі.