Выбрать главу

Сапраўды, сонца ўжо было амаль у зеніце, прыпякала моцна.

— Я і сама падрамала б. Быццам і спала ноччу, але гэтак трывожна было… — выказала Воля ўслых сваё жаданне, пацягнулася па восці, узяла іх у рукі, з павагай разглядваючы нескладаную канструкцыю. — О, Віталь Андрэевіч, я зараз магу з гонарам усім расказваць, што мае стрынгі выратавалі мяне і сына ад галоднай смерці! — засмяялася яна. — Гэтыя восці я забяру да сябе ў дом і яны будуць стаяць у чырвоным куце!

Яна быццам лёгка ап’янела ад сытасці.

— Ідзі адпачні з сынам, — сказаў ёй Віталь. — Я тут дроў падкіну і сам паляжу крышку.

— Ага, пайду, — падхапілася з зямлі. — Дзякуй за абед вам! — і нечакана зрабіла крок да Віталя, хутка чмокнула ў шчаку і патлумачыла з гарэзлівай усмешкай: — То яшчэ вінюся за дурныя думкі раніцай. Спужалася, раптам падалося, вы нас кідаеце, сыходзіце з вострава. Не крыўдуйце…

Віталь паляжаў хвілін з пятнаццаць — сапраўды, вельмі хацелася спаць. Прымусіў сябе падняцца, падкінуў у вялікі касцёр з таго, што сабрала Воля, пакуль ён «рыбачыў» — яна нацягала немалую кучу. Густа паваліў дым. «Няўжо іх не зацікавіць, што дым то мацнее, то заціхае?» — думаў ён, ставіў сябе на месца назіральнікаў і сам адказваў:

— Можа, і не зацікавіць. Ці мала што бывае ў прыродзе?

Узяў восці і пайшоў да поплава — гэта сёння сонца і рыба ідзе на нераст, а заўтра яе можа не быць. І болей увогуле не быць. Таму што ўсё — часова, а ўдача — шчасце імгнення…

Здаецца, ён ухапіў сваё сённяшняе шчасце толькі за хвост: вялікая рыба з залітага вадой поплава некуды знікла. Імкліва мільгалі невялікія акуні ці яшчэ нейкая рыба, але дробная, у такую толькі пры вялікім шанцаванні патрапіш восцямі. Недзе з гадзіну Віталь сноўдаўся па вадзе, жмурыўся, узіраючыся ў глыбіню. І пераканаўся, наколькі яму пашанцавала ранкам — ён кідаў восці ўжо з дзясятак разоў, і дарма. Нарэшце патрапіў. Зноў язь, куды менш першага, стаў ахвярай вострага яловага клыка.

Вярнуўся да будана, хоць мякка ступаў па зямлі, аднак Воля прачнулася і ціха радасна войкнула. Віталь хацеў сам управіцца з рыбінай, але Воля нечакана з крыўдай папікнула яго:

— Я ж не маленькая, Віталь Андрэевіч… Дазвольце і мне самой ратавацца і ратаваць майго сына, нешта рабіць. А вы адпачніце пакуль.

Віталя ўкалолі гэтыя словы, і балюча было ад таго, што Воля казала праўду: ён хай і падсвядома, але імкнецца сам усё вырашаць і рабіць, нібыта збіраецца пазней усе заслугі за іх выратаванне забраць сабе. Таму перадаў ёй нож, прылёг ля кастра, заплюшчыў вочы.

Воля ўправілася хутка. Нарвала крапівы, у яе паклала рыбіну, крапівой і прыкрыла. Калі Віталь адкрыў вочы і пабачыў гэта, патлумачыла:

— Бабуля некалі так рабіла, калі тата з возера многа рыбы прыносіў, а халадзільніка не было. Казала, што свежая рыбіна ў крапіве дакладна даляжыць да вечара…

6

Ён выбраў сухую хвойку, таўшчынёй не больш за дзесяць сантыметраў, даючы сабе галоўны загад: не спяшацца, не ціснуць больш патрэбнага на лязо нажа, бо нож — гэта іх ратаванне. А яшчэ берагчы рукі — трэба зваліць не адно дрэва. Кару зняў лёгка, пасля прымераўся і зрабіў першы надрэз, ніжэй — другі. Зрэзаў першую паску. Вось так, падразаць і зразаць — так можна простым складаным нажом паваліць нятоўстую хвою. Віталь ведаў, што зробіць гэта. З хвоі выйдзе тры бярвенцы. Калі такіх бярвенцаў збярэцца трыццаць, ён пачне збіраць плыт.

Ён рэзаў і рэзаў, няспешна, але і не даючы сабе часу на перапынкі. Паступова перасаджваўся, падразаў з усіх бакоў. Віталь захапіўся працай, не адчуваў стомы, хіба што пачала смылець правая далонь, у якой ляжалі тронкі нажа.

Пачуў — яго заве Воля. Не трывожна, проста заве.

Адгукнуўся ў адказ, пачакаў. Воля ішла да яго з сынам.

— Вой, навошта нам такія дровы? — здзівілася яна.

— То не дровы, — усміхнуўся Віталь. — Мы будзем рабіць плыт.

— Плыт? — Воля здзівілася, у вачах яе адбілася трывога: — Вы што, думаеце, па нас не прыедуць?

— Я нічога не думаю, Волечка… Я думаю, што калі ў цябе ёсць магчымасць нешта рабіць, то трэба рабіць. Ад вострава пачынаецца канал — ён ідзе скрозь балота. Па ім патрапім у іншы — і да людзей. Хто ведае, калі нас заўважаць, калі збяруцца. Выхадныя ж, турыстаў шмат наехала, ўсе занятыя. Будзем самі рабіць усё магчымае.

— Каб сумленне было чыстым? — спытала нечакана Воля з незразумелым для Віталя сэнсам.

— Не ў сумленні справа, — мякка адказаў ён. — Калі можаш нешта рабіць дзеля свайго ўратавання — рабі… А так у нас будзе сапраўдны плыт, і мы паплывём на ім, а наш Данік будзе капітанам! Так, Данік, будзеш капітанам на плыце, які прывязе нас дадому?