Неба пачало праясняцца, яны пабачылі светлую пляму сонца за хмарамі.
— А ўжо і вечарэе, — ціха азваўся Віталь. — Пайшлі, я збегаю яшчэ на той поплаў, можа, пашанцуе…
Але не пашанцавала. У вадзе быццам ніколі і не было рыбы.
Данік быў падхапіўся, калі пабачыў Віталя:
— Дзядзя Віталь, вы несяце рыбу?
І змоўк, сустрэўшы сумны позірк.
— Пацярпі, хлопчык, заўтра ў нас будзе рыба, будзе многа, колькі захочаш, — пачаў Віталь, прысеў ля іх. — Бачыш, Данік, сёння дождж, рыба пахавалася далёка і глыбока. Але заўтра яна выйдзе на плыткае месца і мы яе здабудзем.
— Заўтра за намі прыедуць, Данічак, — прыгарнула да сябе сына Воля. — І мы будзем дома, я нагатую табе ўсяго самага смачнага, чаго толькі захочаш. І ў кафэ цябе зваджу, будзеш выбіраць свае любімыя пірожныя…
— Я не хачу пірожных, мама, — сумна адказаў хлопчык. — Я хачу рыбу, якую дзядзя ты і Віталь гатуеце на кастры… Яна самая смачная ў свеце…
Нейкі час усе маўчалі, пасля Віталь сказаў, успомніўшы:
— Заўтра — Дзень Перамогі…
— Дык што? — ускінула вочы Воля і апусціла іх, усё зразумеўшы: наўрад ці хто будзе заклапочаны дымам на балоце ў такі дзень.
Віталь адпачыў з паўгадзіны, пераматаў правую далонь.
— Я пайду… Яшчэ светла, трэба спяшацца…
— І мы з Данікам зараз прыйдзем…
Віталь пайшоў, а ў вушах гучалі словы хлопчыка пра самую смачную рыбу ў свеце.
Некалі ўсё мінецца, бо ўсё мінаецца, — думаў мужчына, надразаючы гонкую, але зялёную яшчэ хвойку. Некалі прыйдзе дзень, калі ён, Віталь, будзе сядзець дома з бляшанкай піва (ён любіць з бляшанак). Ён будзе піць піва, лянотна глядзець на экран свайго вялікага тэлевізара. І там будзе ісці адна з тых перадач, якія звычайна глядзіць Віталь, можа, нешта пра падарожжы. І ён успомніць пра гэты востраў. Хоць знікне ў небыцці пякучы боль у далоні, забудзецца стома ў руках і плячах, няўтульнасць мокрага неба. Што ён будзе помніць? Як білася на яловых зубах самаробных восцяў вялікая рыбіна, як маленькі хлопчык скажа, што самая смачная рыба ў свеце — тая, якую ён злавіў і засмажыў на вуголлі. Усё праходзіць, і гэты востраў — пройдзе. І наступіць час, калі былое згадаецца з ціхім сумам і прыемнасцю. З сумам таму, што больш такога ніколі ў жыцці не будзе. І з прыемнасцю, што ты зрабіў усё, што мог для іх — для гэтай цудоўнай маладой жанчыны і яе сына. Няхай не твайго. Але — яе.
Віталь пачаў працаваць, а змрок пакрысе ўжо ўздымаўся над зямлёй, выпаўзаў з кустоў і гушчару.
Прыйшлі Воля з сынам, але давялося папрасіць суседку вярнуцца, каб прыхапіць галавешак, ды раскласці тут касцёр: у гэтым месцы густа растуць патрэбныя ім хвойкі, можна яшчэ доўга рэзаць пры святле кастра і месячыка, які хутка ўзыдзе.
— Данік просіць есці, — з ноткамі адчаю прагаварыла ціха Воля, звярнуўшыся да Віталя, калі хлопчык прысеў ля разведзенага кастра. — Божа, я не ведаю, што яму даць… А як заўтра нас не забяруць?
— Усё будзе добра, — ціха, але ўпэўнена адказаў Віталь і інстынктыўна, падпарадкаваны хваляй пяшчоты і жадання абараніць, супакоіць жанчыну, прыгарнуў адной рукой Волю да сябе. Яна паддалася, прыціснулася, уздрыгнулі яе плечы.
Віталь удыхаў пах яе валасоў.
— У цябе валасы гэтак дымам прапахлі — не вымыеш, як прыедзеш дадому, — заўважыў ён.
— Вымыю. А калі і не, то хай будзе такі пах, — адказала Воля, вызвалілася і адступіла на крок, азірнуўшыся на сына. — Не абдымайце мяне больш, — ціха папрасіла. — Бо магу расплакацца, — усміхнулася няёмка.
Узышоў месячык, хутка ўзняўся вышэй, у ляску адразу пасвятлела.
— Можа, ідзіце, кладзіцеся? — прапанаваў Віталь.
— Не, мы пабудзем, — адмовілася Воля.
7
Маленькая галоўка чаплі ледзь угадвалася сярод чароту, але гэта была яна, чапля. Віталь сцяўся, замёр, яму здавалася, што ўдары сэрца аддаюцца ў ногі, у ваду, а праз яе — да птушкі.
Быў ранак з бязвоблачным небам. Узыходзіла сонца, пакуль схаванае ў коўдры тумана. Вакол панавала ціша, толькі ледзь чутна звінелі камары, якія пасля ўчарашняга дажджлівага дня нарэшце ажылі і цяпер густа абляпілі твар і рукі Віталя.
Ён не адчуваў іх укусаў. Ён не міргаў. Ён быў зверам. Усё знікла: далёкі адсюль горад і рэдакцыя, ягоная кватэра і праца. Было толькі адно, і яно захліснула і падпарадкавала кожную мышцу ў целе, кожную клетачку мозга: чапля — гэта ежа. Есці хоча маленькі хлопчык, сын каханай жанчыны, есці хоча каханая жанчына, есці трэба яму самому, каб уратаваць іх — каханую і маленькага хлопчыка.