Птушка не адчувала небяспекі, пераступала цыбатымі нагамі ў густым чароце па сваіх птушыных справах. Яна выйшла на невялікі прагал. І тады Віталь кінуў восці. Шпурнуў не як кап’ё, а дзвюма рукамі, размахнуўшыся коратка, як звычайную палку, каб яна ляцела, круцілася, бо розум падказаў: так больш шанцаў.
Ён бачыў гэты момант, калі чапля, спуджаная ценем кінутых восцяў, узмахнула крыламі, бачыў, як канец восцяў зачапіў шыю птушкі і зрынуў яе, ужо амаль узляцеўшую, у ваду. І сам Віталь ірвануўся ўслед за восцямі, быццам кінуты некім, нешта хрыпата крычаў, гыркаў і сіпеў. Паспеў балюча упасці на свае ж восці рэбрамі, але рукамі схапіўшы пер’е, невідушча перахопліваў, намацваў нешта больш трывалае, чым пер’е, ухапіў, ускінуўся і яшчэ раз упаў — ужо на саму птушку, гатовы хапіць зубамі за шыю і сціснуць, абы толькі птушка засталася тут, не ўзляцела.
А чапля адчайна біла крыламі, нагамі, нешта цвёрдае ўдарыла балюча ў твар, ды ён ужо намацаў, схапіў адной рукой шыю птушкі, другой перахапіў — і ламануў, устаючы на ногі, ап’янелы ад звярынага адрэналіну ў крыві.
На ўзгорку ён глядзеў на цела птушкі і разумеў, што звярынае трэба пакідаць тут. Нельга несці птушку такой да дзіцяці. Чапля — гэта прыгажосць. Нельга забіваць прыгажосць…
Успомніў, як некалі пісаў пра аднаго майстра, што рабіў чучалы. Трэба зняць пер’е птушкі разам са скурай. Выкінуць вантробы… Паспрабаваў, але ніяк не атрымлівалася — не хапала рук. Панёс знявечаную птушку да будана, пабачыў здалёк Волю, якая ўжо завіхалася ля вогнішча. Клікнуў яе.
Воля здзіўлена войкнула, калі пабачыла ля ног Віталя забітую чаплю.
— Мне аднаму вельмі нязручна трымаць, — апраўдваўся ён. — Будзем лічыць, што гэта вялікая-вялікая качка… Данік спіць яшчэ?
— Спіць пакуль. Камары надта скусалі ноччу, круціўся. Так шкада яе… — Воля прысела, кранула пер’е птушкі, галоўку, правяла пальцамі па дзюбе. — Першы раз бачу чаплю так блізка — і вось, мёртвай… — Яна коратка ўздыхнула. — Прабач, божае стварэнне, але нам няма чаго больш есці…
— Так, не было і сёння рыбы там, — быццам апраўдаўся і Віталь. — Мабыць, аднерасціліся язі…
Разам яны даволі хутка знялі скуру, выкінулі вантробы.
— Трэба вось гэты жоўты тлушч саскрэбці, бо ён, я чытаў, дае вельмі непрыемны пах рыбы і балота, — казаў Віталь. — Пасля памыць вельмі добра… Натром чарамшой, многа чарамшы трэба, каб аж соку было колькі. І хай яна паляжыць з гадзіны дзве. Парэжам на кавалкі, будзем смажыць, як шашлык… От, будзе ў нас мо адзіны ў жыцці шалык з чаплі…
— Усё, ідзіце па чарамшу, а я буду тлушч прыбіраць!
Настрой дадаў сілы і спрыту — за нейкіх паўтары гадзіны, пакуль «марынавалася» птушка, Віталь зваліў недзе з пяць хай сабе і тонкіх, затое гонкіх хвоек, Воля сцягнула жардзіны да канала.
— Там ужо столькі ляжыць… Мо хопіць нам, утрымае? — спытала, калі вярнулася.
— Трэба яшчэ з пяток ці болей, — адгукнуўся Віталь. — Заўтра з раніцы звяжам — і паплывём… Калі наш капітан дасць дабро на адплыццё, а, Данік?
Хлопчык нечага засаромеўся, пасля ціха папрасіў:
— А хадземце качку смажыць…
— Ідзём, дарагі, ідзём! — Віталь падхапіў хлопчыка на рукі. — Зараз будзе ў нас лепшы ў свеце шашлык!
…Толькі асобныя кавалкі ад хрыбта аддавалі моцным пахам балота, а мякчэйшыя кавалкі ад грудзіны былі нават смачнымі, з лёгкім пахам часнаку — недарэмна Воля шчыравала. Данік стрымліваўся, еў павольна, адрываючы ад кавалка маленькія палоскі цёмна-чырвонага мяса. Калі Воля глядзела на сына, нечакана па яе шчоках пабеглі кроплі слёз.
— Вой, дым у вочы трапіў, — ніякавата апраўдалася, кранулася краю майкі, каб захапіць і выцерці твар, ды сканфузілася яшчэ больш — давялося б агаляць грудзі, і яна папракнула сябе: — От, дурніца! — і выцерла твар тыльным бокам далоні.
Дзень быў падобны на ўчарашні, хіба сёння было ўдвая весялей: і сонца на небе, і яны не былі галодныя. Воля, здаецца, і пешкі не хадзіла: усё бегам паспявала.
У добрых прыцемках Віталь прыцягнуў апошнія бярвенцы. Ён быў упэўнены, што гэтага хопіць.
Вячэралі пры святле вогнішча і зыркага месячыка. І Віталь, і Воля з’елі нямнога, быццам змовіліся якіх кавалкаў пакінуць на заўтра.
Калі Воля ўкладвала Даніка спаць, Віталь абрэзаў, не здымаючы штаноў, калашыны. Прыйшла Воля, пабачыла яго і ўсміхнулася сарамліва:
— Мне загадаеце скідаць штаны? Але ж помніце, што трусікі вы ўжо забралі! Мо які фартушок змайстравалі з аеру?
Віталь сканфузіўся на імгненне.
— Не трэба здымаць… так абрэжам.
Першы раз ён кранаўся яе ног — іначай было не справіцца. Воля адцягвала тканіну на сцёгнах, камандавала-папярэджвала: