— А можна я задам вельмі асабістае пытанне?
Ён уздрыгнуў, але кіўнуў згодліва:
— Калі яно не надта сакрэтнае…
— Чаму вы не жанаты?
Віталь сеў, падкінуў галля ў касцёр — ён бачыў, як Воля ціснецца бліжэй да агню і час ад часу дробна ўздрыгваюць яе плечы.
— Прабачце…
Віталь азірнуўся на Волю і ўсміхнуўся ветла:
— Дзівачка, за што прабачэння ппросіш?
Сеў, пачаў гаварыць, асцярожна выбіраючы словы, быццам адкрываў нейкую надзвычай важную таямніцу:
— Ведаеш, Волечка, калі б ты мне задала такое пытанне да гэтага вострава, дык я б табе, не задумваючыся, адказаў: не склалася. З першай не склалася, пасля не складвалася з іншымі жанчынамі. Мы, людзі, прыдумалі для сябе гэтае ўніверсальнае «не склалася». І што за ім — ніхто надта не імкнецца спасцігнуць. Так прасцей, так лягчэй. Не твая віна, не твая параза, а нешта нейкае недзе там у нябёсах не склалася…
— А што змянілася на гэтым востраве? — асцярожна спытала Воля, бо Віталь замаўчаў.
— На гэтым востраве ты. І з табой я зразумеў вельмі важную рэч. І зразумеў, чаму я не жанаты, чаму ў мяне не складвалася.
— Я падказала? Якім чынам? — ажно трошкі напалохалася Воля.
— Ты падказала, Воля. Ты мне падказала, што каханне — гэта не толькі гатоўнасць аддаць усяго сябе, ахвяраваць. Каханне — гэта яшчэ і ўменне прыняць…
8
Распалілі вялікі касцёр, накідалі ўсё, што назбірала Воля ўчора. Рабілі гэта больш па заведзенай звычцы, чым па неабходнасці. Бязветраны ранак даваў дыму ўзнімацца слупам. Снедалі рэшткамі разагрэтых на агні кавалкаў чаплі.
Усе разам прыйшлі да берага канала, дзе горкай ляжалі тонкія сасновыя бярвенцы.
— Ну, Данік, давай будзем рабіць наш плыт, на якім мы паплывём дадому!
Цёмная вада канала была як гарачая, туман над ёй падаваўся парам. Віталь не стаў марудзіць, выбраў дзве папярэчыны, паклаў іх канцамі ў ваду, на іх — таўсцейшае бярвенца.
— Самае галоўнае нам зараз — добра пачаць, — тлумачыў ён. — Ты, Воля, трымай гэтую папярэчыну, а ты Данік — гэтую. Прысядзь, хапі яе, ага, вось так… Не, не цісні, не цягні, проста трымай, каб яна не спаўзла раней патрэбнага ў ваду. А я буду прывязваць…
З даўжэйшай вяроўчынай, звязанай учарашнім вечарам ля вогнішча, ён рушыў у ваду, сцепануўся — яна была халодная, даходзіла да грудзей. Прымусіў сябе забыцца на холад, зрабіў першы вузел, пасля другі на іншай папярэчыне.
— Малайцы, пачатак пакладзены! Цяпер адпускайце… Волечка, давай па чарзе бярвенцы нашыя, кладзі на папярэчыны, соўгай да мяне…
Ён, ашчаджаючыся, перахопліваў крыж-накрыж па два, па тры бярвенцы з папярэчынай. Калі перайшоў мацаваць на другі бок, Воля, пабачыўшы, як яму не вельмі зручна, зайшла ў ваду, войкнула ад неспадзяванага холаду:
— А з выгляду дык і цёплая, — апраўдалася яна і прапанавала: — Давайце, кажыце мне, як і што трымаць…
Карацейшай вяроўчыны на гэты бок не хапіла.
— Што рабіць? — Воля зірнула на Віталя, на сябе, на сына. — У Даніка штонікі…
— Напачатку мусім ахвяраваць нашым рарытэтам, — усміхнуўся Віталь. — На восцях… Развяжам усё, спляцём коску, пабачым.
— Вой, я і праўда хацела іх прывезці дахаты, як ўспамін, — засмуцілася Воля. — Дайце нам з Данікам хоць зубоў пару… на якія рыбіна патрапіла!
Віталь разабраў восці, два яловых вострых клыкі працягнуў хлопчыку:
— Трымай! Яны прынеслі нам удачу!
Дасталі яшчэ палавінкі шнуркоў са сваіх красовак, але…
— Данічак, мабыць, давядзецца табе са штонікаў зрабіць шорты, як і ў мяне, і ў дзядзі Віталя, — падміргнула Воля сыну. — Ты згодзен?
А той, не чакаючы загаду, хутка скінуў свае красовачкі на ліпучках, прысеў і сцягваў штонікі.
Плыт атрымаўся з выгляду вялікім — недзе пяць на тры метры. Сцягнулі яго цалкам у ваду. Віталь не марудзячы надта, каб не паказаць сваё хваляванне, хутка абапёрся рукамі аб край, падцягнуўся і закінуў адну нагу, ускараскаўся. І выдыхнуў з палёгкай усю сваю трывогу, якая не знікала з першага рэзу нажа па першай выбранай хвоі — плыт трымаў яго надзейна. То і Волю з Данікам утрымае. Загадзя падрыхтаваным доўгім і моцным дручком упёрся ў дно, падагнаў плыт пад самы бераг.
— Ну, Воля, ступай хуценька… Данічак, ты не пужайся, мы толькі праверым, каб было надзейна.
Бярвенцы хоць і схаваліся амаль цалкам у ваду, але трымалі ўпэўнена.
— Будзем збірацца, — прапанаваў Віталь і сам усміхнуўся: а што ім збірацца, калі ўсё іхняе — на іх і з імі?
Але Воля ўжо скочыла зноў на бераг, і сам ён зрабіў тое ж.
— Хадземце з востравам развітаемся ці што? — з нечаканай ноткай жалю прамовіла Воля.