У Віталя ўзнікла было кволае жаданне разабраць іх будан ды пакідаць у касцёр — няхай гарыць усё, як Воля ціха прамовіла:
— Што ж, дзякуй гэтаму дому, нам час плысці к другому…
А дом паліць нельга. Прыхапілі з сабой з будана па ахапку травы, каб можна было прысесці на плыце Даніку.
Яны праплылі мо сотні тры метраў, пакінуўшы за спінамі свой востраў, калі пачулі наперадзе характэрны гук матора і пабачылі выразную кропку, якая за секунды пераўтварылася ў лодку. Віталь не адчуў радасці, нават больш за тое, быццам расчараванне. І Воля не гукнула ўсхвалявана ад пабачанага.
Двое мужчын у касцюмах егераў запаведніка глядзелі на іх, не хаваючы свайго ўзрушэння. Адзін ужо дастаў свой мабільнік і тэлефанаваў.
— Скажыце, няхай тэрмінова патэлефануюць майму мужу! — загадала, так, менавіта загадала Воля мужчыне, і Віталь здзівіўся трохі яе незадаволенаму, нават злоснаму голасу, але ўсё стала зразумелым далей: — Чаму вы так доўга? Тры дні гарыць на востраве! — не магла утрымацца Воля.
— Мы людзі паднявольныя, — апраўдаўся адзін егер. — Зараз мы развернемся, забяром вас.
— Не хачу!!! — раптам закрычаў адчайна, са слязьмі ў голасе, Данік. — мамачка, не аддавай мяне ў лодку, я не хачу, яна перавернецца!
— Не, Данічак, што ты, не перавернецца, тут дзядзі іншыя, бачыш, лодка вялікая, — спрабавала ўгаварыць Воля сына, а той кінуўся да Віталя, абхапіў яго за ногі:
— Дзядзечка, я з табой паплыву, не трэба ў лодку, не трэба! Яна перакуліцца!
Егеры ў лодцы спачувальна маўчалі, разгублена застыла Воля.
— Дык гэта… у нас тут вяроўка ёсць, — прапанаваў адзін з мужчын. — Можам зачапіць вас ды пацягнем памалу. Не разваліцца ваш плыт?
— Не разваліцца, кідайце, — узрадаваўся Віталь, пагладзіў па галаве хлопчыка: — Мы застанемся на плыце, Данік! Ідзі да мамы, усё будзе добра.
…Яны так і плылі спачатку па адным, пасля па другім, шырэзным і паўнаводным канале між балот. Яшчэ павярнулі і недзе праз паўгадзіны пабачылі прычал і вялікі дом з тэрасай на ўзгорку. Тая самая дача…
У кабінеце дырэктара запаведніка Васіля Токара пілі гарачы чай з цукеркамі і пячэннем, ад іншага адмовіліся.Токар запрашаў Волю з сынам і Віталя хвалюючыся і неяк залішне мітусліва клапочучыся. Чакалі Глеба — Воля паразмаўляла па тэлефоне з мужам, той ужо выехаў.
Васіль Токар, мужчына гадоў сарака пяці, невысокага росту, але залішне раздабрэлы, чарнявы, з вялікімі залысінамі, ажно падаваўся наперад, зазіраў у твары па чарзе Віталю і Волі, калі яны коратка расказвалі пра сваё выратаванне. Пацмокваў, ківаў галавой, ёрзаў на стуле. Ён, несумненна, адчуваў сваю віну, а Воля і не думала хаваць сваё абурэнне, крыўду:
— Няўжо вам сапраўды не цікава, што там у вас гарыць? То ж запаведнік, ёсць жа у вас вышкі назіральныя, так? — адказу не стала чакаць, прадоўжыла: — Тым больш, людзі прапалі, тут, здаецца, на кожны дымок ляцець трэба… Добра, у нас быў нож. А як бы не было? Шышкі нам есці?
— Усё так, усё так, паважаныя… Але ж зразумейце: вялікія выхадныя, тры групы экскурсійныя, больш за пяць груп адпачываючых, а яшчэ — пяцёра замежнікаў. А з гэтымі ж, як з дзецьмі… Не хапае людзей, ніяк не хапае. Так, трошкі прамахнуліся, зараз вадой у нас палова запаведніка заліта, то… самі разумееце, не надта пакуль страшныя тыя пажары. А наконт пошукаў… Той хлапец, які вас вёз і, разява, на бервяно наляцеў, уратаваўся, праз пяць гадзін яго знайшлі… Фатограф з Бельгіі з вышкі, ёсць у нас такая — за птушкамі назіраць, праз фотакамеру яго і пабачыў. Амаль непрытомны, рукі ледзь адарвалі ад бервяна. Пакуль ён у сябе прыйшоў, гаварыць пачаў… Ён казаў, што найбольш верагодна, вы патанулі, бо краем вока бачыў, як упала і схавалася пад вадой жанчына з дзіцём, вось вы, — кіўнуў ён на Волю. — Мы ліхтары пабралі, паляцелі ў той бок, бо дагэтуль жа па іншых каналах шукалі. Кофту знайшлі… На раніцу вадалазаў выклікалі. Тыя паўдня шукалі… Глыбока, віры ды яміны, вада далёка ў балота заварочвае… Вось.
Магчыма, пасля доўгага часу, праведзенага на востраве, Віталю было вельмі няўтульна ў сценах кабінета, аздобленага рамкамі з фотавыявамі. І было чамусьці холадна. Новая фірмовая куртка егера, якую яму далі накінуць на плечы (Воля адмовілася ад такой, сказала, што ёй і так, у шортах і «топе», добра), не грэла, непрыемна казытала цела.
— Так хочацца курыць, — выказаў услых жаданне Віталь, і Воля зірнула на яго з удзячнасцю — мабыць, ёй таксама было няўтульна тут.
— Ідзём, на ганку пачакаем Глеба…
Віталь не паспеў спытаць у каго з мужчын цыгарэту — заляцеў у двор аўтамабіль, рэзка спыніўся. Воля і Данік зрабілі колькі хуткіх крокаў яму насустрач.