Выбрать главу

— Згодны з абвінавачваннямі? — ціха спытаў суддзя, дадаў яшчэ цішэй: — Штрафы будуць па мінімуме, хоць намякалі нам даваць па поўнай…

Віталь моўчкі кіўнуў, паставіў подпісы ў паперах. У думках падлічваў, колькі ў яго грошай вольных. Не хапала. Пасля суда паехаў у бліжэйшы банк, дзе можна было хутка аформіць крэдыт, у іншым банку аплаціў усё. Вярнуўся ў рэдакцыю, пайшоў да Пятроўны і папрасіў адгул на пятніцу, на заўтра.

Мабыць, па твары Віталя работніцы рэдакцыі здагадваліся аб яго стане, перашэптваліся. Зайшла Воля, спыталася ўстрывожана:

— Нешта здарылася, Віталь Андрэевіч? У вас такі выгляд, быццам… быццам вы з хаўтураў па лепшым сябры вярнуліся.

— Не, Волечка, усё добра… так, дробязі, галава надта разбалелася, — ён паспрабаваў усміхнуцца, выйшла непераканаўча, фальшыва, таму дадаў наўмысна-бадзёра: — Нечаканая атака на асабістым фронце, якая была паспяхова адбіта!

— Вы мяне падманваеце, — паўшчувала Воля, азірнулася: — Калі справа тычыцца і мяне — я вам пасля не дарую!

— Усё будзе добра, Воля. Усё зараз добра.

Гэтым разам усмешка атрымалася сапраўднай.

Назаўтра ён паехаў у запаведнік. Не хацеў, ды каля адміністрацыйнага будынка сустрэў дырэктара. Васіль Токар застыў на месцы. Ён, мажліва і чакаў, што Віталь будзе шукаць з ім сустрэчы, можа, і падрыхтаваў ужо якую водпаведзь. Але зараз дырэктар разгубіўся так, што не ведаў: ці падаваць руку.

Віталь сам працягнуў яе і, не даючы Токару ні пра што іншае загаварыць, папрасіў сам:

— Мне адпачыць у вас два дзянькі, можна? Каб з лодкай…

— Адпачыць? — Токар вылупіў свае маленькія вочы. — Дык… Канешне, канешне! У нас ёсць гасцявыя домікі, выбірайце, зараз я паклічу, вас правядуць, — і ён закруціўся на месцы, вышукваючы вачыма некага на тэрыторыі.

— Не-не, не трэба мне дамка, — спыніў яго Віталь. — Я хачу на тым востраве пабыць. То ці лодку, калі можна, дайце, ці хай мяне туды завязуць, а ўдзень заўтра забяруць. У мяне ўсё неабходнае ёсць…

Твар дырэктара запаведніка выцягнуўся, ён лыпаў сваімі вочкамі, пасля скура на ілбе сціснулася: відавочна, ён імкнуўся разгадаць: навошта Віталю трэба на той востраў.

— Ды вы не хвалюйцеся, — крыху насмешліва дадаў Віталь. — Штрафы я аплаціў, абскарджваць нічога не збіраюся.

— То канешне, канешне…

Праз гадзіну Віталь з заплечнікам, адпусціўшы лодку, падыходзіў да свайго будана. Нетаропка расклаў цяпельца. Разуўся, прысеў на зямлю ў тым месцы, дзе сядзеў тут некалі, дастаў з заплечніка тэрмас, невялікую пляскатую бутэльку з каньяком, нераскрыты пачак цыгарэт. Ён паспеў зрабіць глыток з бутэлькі і наліць сабе кавы, калі заспяваў мабільнік. Хацеў не адказваць, але зірнуў — тэлефанавала Воля.

— Вы дзе зараз, Віталь Андрэевіч? — усхвалявана запытала яна. — Чаму вы мне нічога не сказалі пра суд?! Як вам… Гэта нячэсна! Кім я сябе зараз павінна лічыць, вы не падумалі?

— Вітаю, Воля, — адказаў ён. — Супакойся, калі ласка, усё ў мінулым. Хай іхняе будзе ім. Дзе я? А ты паспрабуй угадаць... Помніш, я табе казаў пра сваё вялікае жаданне? Вось, я лічу, што жаданні трэба здзяйсняць. Ты не уяўляеш нават, што я адчуваю зараз, адкрываючы тут пачак цыгарэт. Тым больш, так хочацца курыць…