— Якой жа ты прыгажуняй стала, Волечка…
А яна ўсміхнулася ўдзячна, адказала трошкі гулліва:
— Цяжарнасць і дзіця кожнай жанчыне на карысць!
Пасля ён стаяў ля рэдакцыі, курыў, Воля на ганку расцалавалася з жанчынамі, пайшла. Ён глядзеў крадком ёй услед і балюча перажываў за адно: яму здавалася, што лыткі жанчыны, якія былі зараз адкрыты кароткай сукенкай, залішне поўныя для яе, не самай прыгожай формы. Яму так хацелася, каб у Волечкі ўсё было самым дасканалым…
Тады ён адчуў, што глядзіць за ёй так, як мужчына глядзіць за жанчынай. Адчуў жаданне. Захацелася пацалаваць тыя лыткі. Пасля ў сваім кабінеце доўга сядзеў, гледзячы ў манітор, а перад вачыма была не цыганаватая ўсмешка Волечкі, а яе грудзі, белыя і налітыя паўкружжы, якіх Віталь так добра бачыў колькі хвілін таму ў шырокім выразе сукенкі.
2
Ён доўга думаў, што рабіць, калі Воля вернецца ў рэдакцыю да немажлівасці зваблівай жанчынай. Самае простае — звольніцца. Канешне, кідаць працу, якой аддаў амаль трыццаць гадоў, нялёгка. Ды і што ён яшчэ ўмеў? Так, адукацыя зусім не журналісцкая, паводле дыплома — настаўнік. Ды хто ўжо ў школу возьме, тым больш настаўнікам фізкультуры? Далёкае яго цела ад спартыўнай формы… У любым выпадку, трэба было калі не парваць сяброўскія стасункі з Воляй, дык звесці іх да мінімуму. Да прахалодных і афіцыйных. Бо іначай… Іначай ён скампраметуе яе. І будуць непрыемнасці. Тым больш, муж Волі — чыноўнік райвыканкама ды яшчэ іх «роднага» ідэалагічнага аддзела. А чуткі пра закаханасць Віталя, старанна прысыпаныя эмацыйнымі дэталямі ды асабістымі меркаваннямі, гулялі па рэдакцыі і трошкі за яе сценамі. І не маглі не дайсці да Глеба Сурніча — мужа Волечкі.
Але непрыемнасці цяжкай хмарай нанесла з іншага боку.
Пятроўна, рэдактар, выклікала яго да сябе літаральна праз два тыдні пасля таго, як Воля завітвала ў рэдакцыю. Мажная, з маршчыністым тварам змардаванай цяжкай працай сялянкі, з такімі ж рукамі — агрубелымі ад корпання ў зямлі, рэдактарка менш за ўсё была падобная на чалавека разумовай працы. На гэтым знешнім уражанні многія абпаліліся, бо мела Марыя Пятроўна глыбокі аналітычны розум, выдатную інтуіцыю, багацейшы вопыт і веданне ўнутранай уладнай кухні на іх раённым узроўні. Так, працы на зямлі яна не цуралася, як памерлі бацькі, перабралася ў іх дом на ўскрайку горада, шчыравала на дзесяці сотках, праўда, акрамя курэй ды ката з сабакам, жыўнасці не трымала.
— Сядай, Андрэевіч, — запрасіла яна, і Віталь зразумеў, што размова будзе непрыемнай.
Ён прысеў не вельмі хвалюючыся — ці мала было самых розных размоў і сітуацый? Ператром і гэтую…
— Тваім крытычным артыкулам пра бытавое абслугоўванне ў аграгарадку вельмі незадаволеныя. Здагадваешся, хто? — без уступу пачала Пятроўна, уздыхнула і закончыла: — Сурніч званіў.
Віталь уздрыгнуў. Гэта было нечакана. Запытальна ўскінуў позірк на Пятроўну.
— Ага, вось так… — падціснула вусны Пятроўна, працягнула без хаджэння кругом і навокал — не тыя ў яе адносіны з намеснікам, каб гуляцца ў здагадайкі: — Нас чакаюць перамены… Мне час на пенсію, тры гады далі папрацаваць — і дзякуй. Цябе на пасадзе рэдактара новы наш старшыня не бачыць. Стары бачыў, а новы — не. Спецыяліста з ідэалагічнага аддзела адправілі вучыцца… Яна пойдзе на начальніка. А Глеб… Глеба плануюць на маё месца. Таму рыхтуйся… Я буду бараніць цябе, пакуль змагу, але, сам бачыш — часы не тыя.
Марыя Пятроўна ўздыхнула і апусціла вочы, круцячы ў тоўстых кароткіх пальцах аловак — такі тонкі і кволы.
— Зразумела, дзякуй, — Віталь падняўся, не задаючы больш ніякіх пытанняў.
Не, ён ніколькі не зазлаваў, не пакрыўдзіўся. Не было ні разгубленасці, ні крыўды. Што ж, хай будзе і так. Ён разумеў, што некаторыя думкі ў асобных артыкулах маглі некаму не падабацца, але не мог не казаць пра тое, што балела. Хоць бы пра высечку дрэў у горадзе і ўздоўж дарог, якую чыноўнікі абгрунтоўвалі дарожнай бяспекай. Бязглуздасць жа…
Да таго як Воля выйшла на працу, Пятроўна яшчэ двойчы адзін на адзін казала пра факты незадаволенасці ў райвыканкаме ягонымі матэрыяламі. Сітуацыя была зразумелай для ўсёй рэдакцыі. Перашэптваліся, Віталь часам заўважаў спачувальную інтанацыю ў размовах з ім. Казалі, быццам нейкі адзін матэрыял страшэнна раззлаваў старшыню райвыканкама, які адчытаў Глеба Сурніча, а той у сваю чаргу — Пятроўну.
Калі Волечка выйшла на працу, Віталь сустрэў яе не прахалодна, але амаль афіцыйна, з усмешкай ветлівасці, не больш. Ён адчуў, што тая ўсё ведала і разумела, імкнулася трымацца на той дыстанцыі, якая і павінна быць між маладой замужняй жанчынай і старым халасцяком. І тым не менш, не губляла ў адносінах да яго сяброўскай цеплыні.