Выбрать главу

На адной з чарговых рэдакцыйных «лятучак», калі абмяркоўвалі нумары за тыдзень, Віталь учыніў разнос Волеччынага рэпартажу з раённага свята: шаблонна, суха, не для людзей, а дзеля справаздачы. Казаў горача і злосна, нават Пятроўна глядзела на яго з неразуменнем і спалохам. Пасля «лятучкі» ў ягоны кабінет зазірнула Ліда, сяброўка Волі, карэспандэнт.

— Віталь Андрэевіч, што ж вы так накінуліся? Ці ж Воля вінаватая ў нечым? Яна зараз плакала… Матэрыял яе не горш, і не лепш за іншыя, быццам вы не бачыце і не ведаеце, як гэтыя тэксты пісалі і пішам…

— Што пачытаў, пра тое і казаў, — суха адгукнуўся Віталь.

Ён вельмі перажываў, не знаходзіў сабе месца, мераў крокамі свой невялічкі кабінет, але ўтрымаўся, не пайшоў суцяшаць Волю. «Так трэба», — казаў ён сабе, і быў упэўнены: больш ніякага збліжэння, няхай яна расчаруецца ў ім, няхай думае нядобрае, няхай трымаецца варожа. Віталь завязваў вузел так, каб можна было толькі рассекчы.

3

Роўна за месяц да Дня друку Віталь ехаў на рынак і выбіраў кавалак сала: каб з ружовай паскай мяса, каб патрэбнай, у тры пальцы, таўшчыні, каб абавязкова смаленае (тады яно ля скуркі не цвёрдае і сама скурка мяккая). Дома той кавалак Віталь саліў па сваім рэцэпце. І калі выязджалі па даўняй штогадовай традыцыі адзначаць сваё прафесійнае свята, той кавалак сала займаў асаблівае месца на святочным вечары. Ужо перад самым ад’ездам Віталь вырэзваў (для чаго браў свой вялікі складаны нож) пруткі для кожнага, рэзалася сала. Усе збіраліся вакол кастра, і няхай ўсе былі сытыя і напітыя, але Віталь асабіста нанізваў сала на пруткі — і кожны смажыў на свой смак. Тады ж з’яўляўся «рэдактарскі кілішак» з круглым донцам, які паставіць нельга было, не выпіўшы — куляўся. Усім галівалася па кроплі. І кожны згадваў самае шчаслівае са свайго жыцця, што здарылася за год. На такім светлым моманце і завяршалі святкаванне. Было, канешне, калі ў нейкі год гэтыя першыя майскія дні былі халоднымі, тады заседжваліся недзе ў памяшканні, але заўсёды выязджалі за горад для таго, каб было месца для традыцыйнага вогнішча з печаным на агні салам і глытком з «рэдактарскага кілішка». Калі і кім была заведзена традыцыя, — і Пятроўна не магла прыгадаць, ды яе трымаліся цвёрда.

Віталь пасаліў ужо сала, яно ляжала напагатове ў халадзільніку. Забягалі жанчыны, пыталіся, ці ведае ён, што ў гэтым годзе будзе нейкі асаблівы сцэнарый? Бо ж з імі разам едзе муж Волі, але не як муж, а як начальнік ідэалагічнага аддзела. Кажуць, будуць граматы ды падзякі ўручацца, з прэміяльнымі. Віталь паціснуў плячыма:

— Нам абы не ў гарадскім рэстаране. Калі папросім, дык у двары мангал паставім, — там будзем сальца смажыць. Хіба што праблемна будзе пруткоў добрых нашукаць, — нацягнута ўсміхаўся Віталь. Ён гатовы быў не паехаць: захварэць ці яшчэ неяк. Не, з Волей размаўляў роўна, як з іншымі ў рэдакцыі (хай яму гэта нямала каштавала). І з Глебам вітаўся пры рэдкіх сустрэчах за руку — усё ж начальнік, перакідваліся парамі слоў — не адчувалася нейкай варожасці ці непрыязнасці. Але ехаць не хацелася. Настолькі не хацелася, што Пятроўна адчула ягоны настрой, паклікала да сябе:

— Андрэевіч, уваж мяне. Я апошні раз паеду, хачу словы асаблівыя сказаць усім на развітанне пад тваё сальца. Ужо потым хай сабе маладыя кіруюць, як ім прыйдзе ў галаву. Але ж ты сала насаліў, так? — усміхнулася.

— Так, Пятроўна, гатова сала…

— Вось і добра… Я сама сцэнар мала ведаю. Глеб камандуе. Напачатку мы на страусіную ферму паедзем. А пасля некуды ў заказнік. Але куды і як — не ведаю. Там пабачым…

Апошнія дні красавіка і першыя майскія выдаліся на дзіва спякотнымі. Прайшлі вялікія дажджы, з першымі нясмелымі пакуль навальніцамі. У пятніцу, як заўсёды, загрузіліся ў наняты бус, прыехалі на страусіную ферму ля возера. Не проста так туды патрапілі: гаспадар яе атрымаў пазыку ад цэнтра занятасці, вось і трэба было паглядзець ды пасля напісаць — так задумаў Глеб, які ўжо пачуваў сябе кіраўніком газеты. Ды і ўладальнік фермы — ягоны добры знаёмы.

Страусы не ўразілі Віталя. Нават больш — расчараваўся, калі зблізку пабачыў позірк птушкі, у якім не заўважалася і кроплі розуму. Ды яшчэ гаспадар расказаў: птушкам не трэба моцнай агароджы, дастаткова жэрдкі на ўзроўні грудзей. Бо страус ніколі не нахіліць галаву, не сагне шыю, каб падлезці пад тую жэрдку…

З буса Глеб (ён борзда пачаў распараджацца адразу ж, як прыехалі) загадаў не выгружаць рэчы:

— Далей будзе сюрпрыз! Бус паедзе сваёй дарогай, доўгай! А мы паедзем дарогай кароткай!