Выбрать главу

— Паляцім? — спытаўся нехта з работніц.

— І пешкі пойдзем, абы такі малады камандзір нас вёў! — іншая работніца ёй адказала.

Віталь усміхнуўся: што ж, жанчыны ў рэдакцыі ўжо прынялі змены, Пятроўна прысутнічае тут хіба як вясельны генерал. І сам ён яе ад’ютант.

Воля была, як і большасць жанчын, у спартыўным касцюме. З ёй быў сын — чатырохгадовы чарнявы хлопчык, ціхі, трохі засаромлены ўвагай да яго гэтулькіх цётак. Ён трымаўся пастаянна побач з Воляй, не адпускаючы яе руку.

— Хвосцік мой мілы, — пажартавала яна, калі нехта з жанчын заўважыў гэта.

У апошні момант, калі бус разварочваўся, Віталь спыніў яго, заскочыў у салон і выцягнуў са свайго заплечніка складаны нож — ён пабачыў на беразе возера кусты ракіты, якія пачалі ўбірацца ў клейкія лісточкі. Самы час рабіць свістулькі. А што? Раптам Даніку, Волінаму сыну, гэта спадабаецца? Ён паспеў адрэзаць некалькі галінак.

Глеб пляскаў у далоні, патрабуючы да сябе ўвагі:

— Шаноўныя! Увага, увага! Значыць, сёння ў нас наперадзе шмат цікавага. Самае важнае скажу: нас чакае сустрэча з галоўным спецыялістам упраўлення ідэалогіі аблвыканкама, нашым куратарам. У яго для некаторых з вас ёсць прыемныя падарункі. Дзе ўсё гэта будзе? У заказніку, у нашага цяпер сябра. Там пачынае працаваць праграма па развіцці экалагічнага турызму, трэба нам будзе ў ёй паўдзельнічаць і дапамагчы. Нашы людзі, і тэма, лічу, вельмі важная. Там ёсць проста шыкоўнае месца для адпачынку, пра які можна толькі марыць. Зацішнае, утульнае, ад дажджу схаваешся (тут Глеб узняў галаву ў бок захаду — там збіраліся пакуль не густыя хмары). Але галоўны сюрпрыз: наш госць з вобласці хутка прыедзе туды на аўто, наш бус таксама пайшоў туды. А мы ўсе… мы ўсе… — Глеб пільна ўглядаўся ў бок возера, быццам і прыслухваўся. — Вы чуеце, чуеце? — крыкнуў радасна — словы супалі з тым гукам, які ён чакаў. Сапраўды, з возера даносіўся трэск рухавіка.

— Лодка? — без асаблівага энтузіязму, нават трошкі спалохана выказала ўслых здагадку Пятроўна.

— Так, мы пойдзем на лодках. Іх тры, не перажывайце, усе памесцімся. Ад возера па каналах праз балота — і да запаведніка! Вас чакае дзіўная водная прагулка. Запаведныя мясціны! Нас павядзе… нас павядзе сам дырэктар — Васіль Токар! Вось і ён!

Да берага прычаліла першая лодка — вялікая, шырэзная.

Віталь стаяў убаку, нетаропка адрэзваў ад прутка патрэбны кавалак пад свістульку. Паглядваў на Даніка — хлопчык, відавочна, зацікавіўся, раз-пораз пазіраў, але нешта іншае непакоіла яго, бо ён асцярожна торгаў за руку Волю. Яна нахілілася да сына, паслухала, пасля абняла і павяла да дома гаспадара фермы.

Тым часам да берага прысталі яшчэ дзве лодкі, апошняя была невялікая, ёй кіраваў малады хлопец з хваравітым тварам. Ён спыніўся трохі воддаль ад астатніх. Віталь падышоў, хлопец быццам чакаў яго і спытаў адразу:

— Курыць ёсць?

Прагна зацягнуўся прапанаванай цыгарэтай, цыркнуў слінай у ваду і падзяліўся сваім:

— Халера, Сямёнавіч палец пад бензапілу падсунуў, а мяне цяпер з-за стала паднялі. А там самыя госці, толькі па чарцы ўзялі…

— Ды не вып’юць жа ўсё, — паспрабаваў супакоіць Віталь.

— Дрэнна вы іх ведаеце, — хмура кінуў у адказ хлопец.

Глеб пачаў камандаваць пасадкай. Жанчыны ля берага нагадвалі пераляканую чародку курэй: некаторым, бачна, было ў навіну плаваць на лодках. Выйшла з хаты гаспадара Воля, замаркочаная, без сына.

— Выбачайце нас, калі ласачка, але каб затрымацца трошкі, — Воля звярнулася да ўсіх адначасова, хоць разумелі — кажа да Глеба. — У Даніка запор… Зараз дала слабіцельнае, але ж пачакаць трэба. Яму балела адзін раз надта, дык зараз баіцца тужыцца…

— Ну канешне… — хацела заспакоіць Волю Пятроўна, але Глеб жэстам спыніў рэдактара.

— Так, таварышы, мы не на простыя гулі едзем, я вам казаў. Нас праз паўгадзіны будзе чакаць Лішко, спецыяліст абласнога ўпраўлення. Гэта надоўга? — заклапочана спытаўся ў Волі.

— Не ведаю… паўгадзіны, — адказала яна з ніякаватасцю.

— Тады адна лодка пачакае, а астатнія пойдзем. Непрыгожа будзе прыязджаць гаспадарам пазней за госця!

Аргумент быў важкім.

Глеб хутка аглядваў усіх, лічыў, распараджаўся, каму ў якую лодку. Віталь быў амаль што безуважным да ўсіх гэтых збораў. Было трохі прыкра і крыўдна за іншых — усё мінулае ламалася, знікала. Хоць хто яшчэ, акрамя Пятроўны ды яго, Віталя, будзе шкадаваць аб той непасрэднасці паводзін, якая раней была на такіх святах і асноўвалася на іх шчыльным карпаратыўным коле? Віталь асабліва не слухаў, як распараджаецца Глеб, як указвае лодачнікам на нешта неабходнае дырэктар заказніка. Глядзеў амаль абыякава на тое, як размяшчаліся работнікі рэдакцыі, як лодкі паволі разварочваліся і адплывалі ўздоўж берага.