Выбрать главу

— Андрэевіч, беражы нашу Волечку! — гукнула з лодкі Пятроўна, і толькі цяпер Віталь зразумеў, што ў трэцяй лодцы будзе толькі ён і Воля з сынам. Тахнула гулка сэрца, застукала ў скронях.

— Мы іх нагонім, ці нават першымі будзем, ха! — зухавата гукнуў хлопец, гаспадар трэцяй лодкі, і, быццам узнагароду патрабуючы за такую навіну, сказаў Віталю: — Давай закурым! Я гэную сістэму каналаў, як свой агарод ведаю! Тут па гэным во прайсці тры кіламетры, пасля ў бакавы, з яго праз азярыну выскокваеш на другі, яшчэ крутнуўся — і праміком да дачы! Каналы зараз паўнюткія, паўсюль пройдзем.

— Да якой дачы? — абы спытаць, пацікавіўся Віталь, бо яго зусім не краналі водныя шляхі.

— Ну, тое месца ў заказніку мы дачай завём. Два гады рабілі. Эх, шыкоўна атрымалася… Немцаў прымалі, групу адну. А мы аленяў падкормлівалі ўсё мінулае лета — канюшыну падсявалі паблізу. Дык от было: немцы прыедуць, кавы сабе навараць, выйдуць піць — і дзівяцца, як алені выходзяць канюшыну скубці. От, налівалі яны тады нам… Але, дзядзька, іхні шнапс добрая штука. Ніц галава не баліць на раніцу…

Чакалі доўга — хвілін дваццаць. Нарэшце падышлі Волечка з сынам. Хлопец замітусіўся, падаваў рукі.

— Давайце, хуценька, зараз мы нагонім…

— Капітан, нам спяшацца няма куды, — заклапочана зіркнула на яго Воля, — не трэба хутка, я баюся! І дзіця ў мяне. — Яна дастала тэлефон, зрабіла выклік і коратка даклала: — Мы адплываем.

— Эх, чаго баяцца! Ды на гэтай лодачцы столькі людзей перавёз… Як пачнуцца журавіны — па пяць рэйсаў на балоты! Але, праўду кажаш, сонейка, нельга хутка. Не дазволена — запаведнік. У нас строга, пачуе дырэктар — вылеціш! Ды сёння яшчэ шлюзы адкрылі, бачыце, цячэнне пайшло, а нам супраць яго. Але я ведаю дарогу кароткую, ведаю…

Рухавічок завуркатаў ціха, лодка заслізгала па цёмнай вадзе. Воля з сынам сядзела бліжэй да носа, у сярэдзіне — Віталь глядзеў па баках. Возера закончылася, лодка шла каналам, па берагах якога негусты лес змяніўся кустоў’ем. Пасля пачалося сапраўднае балота — вольная прастора, залітая вадой, з купамі кустоў, лугавін, чэзлых дрэўцаў. Хлопец паварочваў крута то ўправа — ішлі нейкі час другім каналам, то ўлева — трапілі быццам у возера, дзе не ўгадаць было берагоў і напрамку, пасля зноў плылі каналам, вузейшым, уздоўж якога стаяў сухі мінулагодні чарот. Прайшло болей за паўгадзіны.

— Што вы нас па балоце катаеце? — азірнулася Воля на лодачніка. — Надзівіліся на гіблае.

— Зараз дамчым! — адгукнуўся хлопец, праз колькі хвілін зноў павярнуў крута ў бок.

Незразумелая трывога драпанула сэрца Віталя — ён зірнуў на твар хлопца і пабачыў там разгубленасць. «А ён не заблудзіўся?» — падумаў Віталь, але пакуль змаўчаў. Не трэба хваляваць Волечку…

Гэты канал быў шырэйшы за папярэдні, хоць берагі яго ўгадваліся толькі тады, калі глядзець далёка наперад. Рухавік лодкі загуў мацней, яна адчувальна павялічыла хуткасць, сустрэчны вецер захвастаў у твар. Віталь глядзеў наперад, а больш — на Волю і Даніка. Хлопчык прытуліўся да маці.

Нечакана пасыпаліся з неба кроплі, пакуль рэдкія. Палова неба была ў шэрых хмарах. Воля зняла з сябе кофту, накрыла ёй сына. Азірнулася.

— Давайце хутчэй!

Натужліва ўзвыў рухавік, лодка заўважна прыбавіла ў хуткасці.

Віталь не паспеў пашкадаваць, што не выцягнуў з заплечніка свой паходны пінжак — зараз бы прыкрыў ім плечы Волечкі, бо дождж сыпануў спора. Пачуўся спалоханы Волеччын крык, ён ускінуў вочы і пабачыў прама перад носам лодкі нешта бурае на быццам ускіпеўшай ад кропель дажджу паверхні.

— Бервяно! — паспеў крыкнуць Віталь, а потым быў удар.

Ён бачыў, як нос лодкі падскочыў уверх, крутнуўся набок — і Воля з сынам неяк павольна, бы ў замаруджаным кіно, падалі наперад і ў ваду. Адчуў, як яго самога падкідвае і нясе наперад і ўніз.

Холад вады абхапіў цела абцугамі, Віталь на нейкае імгненне апусціўся ў ваду цалкам, вынырнуў, крутнуўся ў адзін, другі бок.

Воля біла адной рукой па вадзе, другой трымала сына. Яе твар быў перакошаны ў нямым крыку. Віталь апынуўся побач быццам і хутка, а яна ўжо пачала апускацца. Пабачыла яго, працягнула скурчаныя пальцы, хапілася за плячо.

— Даніка трымай! Трымай вышэй!

Віталь гроб да блізкага куста — нейкіх пяць метраў да яго, усяго пяць! Азірнуўся, убачыў, як ужо ў метрах дзесяці ад іх перакуленая лодка спаўзла з амаль нябачнага бервяна ўніз, высока задраны нос замёр на імгненне, потым хутка апусціўся пад чорную ваду. Ля бервяна бачыліся ўзмахі рук, галава лодачніка то з’яўлялася, то прападала.