Выбрать главу

Воля ціснула на ягонае плячо, імкнулася абаперціся, быццам то быў не ён, а цвёрды бераг, і Віталь не здужваў — раз і другі апускаўся з галавой, імкнучыся намацаць нагамі дно. Наступным разам крануўся і спужаўся глею пад нагамі.

— Трымайся! Воля, не тапі мяне, трымайся толькі! Трымай сына! — крычаў ён, і жах у Воліных вачах стаў не дзікім, а асэнсаваным, яна быццам пачула яго, аслабіла ціск. Ён сам, падграбаючы рукой, раз-пораз падводзіў руку пад Волю і піхаў яе наверх, сам у гэты час намагаўся ўтрымацца на паверхні ўзмахамі другой рукі.

Крануўся слізкай галіны куста, і сэрца заспакоілася: выратаваліся. Падхапіў другой рукой Волю, пацягнуў яе наверх:

— Трымайся зараз моцна, за мяне трымайся. Усё добра, усё добра!

Ён паспрабаваў стаць на ногі — вада была па грудзі, дно мяккае. Волі будзе па шыю.

Тая ўжо сама ўхапілася за галіну, падцягнулася, дыхала роспачна. Яе трэсла. Закашляўся Данік. Віталь азірнуўся на канал. Бервяно сплыло далёка па цячэнні, на ім быццам нешта чарнела — мабыць, хлопец учапіўся, здолеў.

Стукаў дождж па вадзе. Мокры холад паўсюль.

А гэта значыць, трэба ісці. Некуды трэба ісці. Бо ў гэтай халоднай чорнай вадзе яны не вытрымаюць больш за тры гадзіны. Проста адмовяцца слухацца мышцы. Спачатку ног, пасля рук…

— Трэба ісці, Воля. Выбірацца на сухое. Іначай мы тут акалеем. Давай, я панясу Даніка.

— Не, — Воля пакруціла галавой. — Я сама. Утрымаю. Вы вядзіце, глядзіце дарогу…

4

З сынам на руках па пояс у вадзе жанчына здолела прайсці крокаў трыста. Калі выйшлі на плыткае месца — тут было да каленяў, але ж надта грузлі ногі ў твані. Віталь азірнуўся на Волю, моўчкі працягнуў рукі. Яна аддала сына. Данік заставаўся быццам безуважны да ўсяго, ашчаперыў Віталя за шыю, прыціснуўся. Яго безупынна дробна трэсла.

— Пайшлі, пайшлі…

Але куды было ісці? Віталь мусіў мяняць напрамкі штораз, калі адчуваў, як наперадзе паглыбляецца ці разліваецца гладдзю вада. Амаль у роспачы ён прыспешваў, гнаў сябе, круціў галавой ва ўсе бакі, але далячынь хавалася ў кустоўі і шэрай смузе дробнага дажджу, які цяпер вісеў над імі і балотам суцэльным халодным полагам. Віталь даўно страціў арыентацыю. Ужо колькі разоў яны памяняліся з Воляй, па чарзе несучы Даніка. Колькі прайшло часу? Паўгадзіны, гадзіна, болей? Нарэшце ўдалося пабачыць далёка наперадзе быццам доўгі шэры ўзгорак. Віталь азірнуўся на Волю:

— Яшчэ трошкі, чуеш. Мы дойдзем хутка…

Ішлі ўпарта, абыходзячы відавочныя гіблыя месцы, паварочваючы і зноў вяртаючыся, трымаючы ў полі зроку той узгорак, які ўжо акрэсліўся, падрос у вачах, але заставаўся далёка. Не было дзе прысесці — не сустракалі яны хоць трохі сухіх месцаў, адпачывалі колькі хвілін стоячы.

Дождж ужо быццам сціх, але вісеў у паветры мокры халодны пыл.

Мінула яшчэ не менш за гадзіну, пакуль той узгорак не вырас перад імі сапраўдным востравам сярод балота. А можа і не востраў, можа далей — лес, дарога да людзей…

Узбіліся на цвёрдае. Ля першага дрэва Воля ўпала на карачкі, хакала, быццам імкнулася выдыхнуць дарэшты паветра з лёгкіх, каб набраць новага. Віталь стаяў, трымаючы на руках Даніка.

— Хадзем…

Углыбіліся ў змрочны альшанік, далей быццам пасвятлела — сустракаліся бярозкі. Уздымаліся вышэй, зачарнелі наперадзе дзве вялікія елкі. Віталь з апошняй моцы паспяшаўся да іх.

— Тут…

Воля прысела на зямлю. Ён асцярожна адарваў ад сябе рукі хлапчука:

— Ідзі да мамы, Данік… Зараз дзядзька зробіць, зараз…

Намацаў у задняй кішэні джынсаў нож, выцягнуў, раскрыў і падлез пад елку, пачаў падрэзваць і ламаць ніжнія сухія колкія галіны. Расчысціў месца, каб траім ім сесці, гукнуў:

— Волечка, давай сюды!

Воля ўпаўзла з сынам, села, абапёршыся аб шурпаты ствол елкі, прыціснула да сябе Даніка і прыжмурыла вочы.

Таўсматы слой рудой ігліцы быў сухі, зверху не падалі кроплі. Віталь сеў, даючы адпачынак найперш розуму. Усё добра, пакуль усё добра. Яны выратаваліся. Цяпер супакоіцца…

Паляпаў сябе па кішэнях. Дастаў мабільнік (вось і цуда тэхналогіі — якая цяпер з яго карысць?), з нагруднай кішэні кашулі — размяклы пачак цыгарэт. Запальнічка, як заўсёды, была ў правай кішэні джынсаў. Дастаў яе, пакруціў, агледзеў. Зняў каўпачок зверху, дзьмухаў, асцярожна пракручваючы кольца. Адсунуўся трохі воддаль ад Волі і хлопчыка, сабраў нямнога сухіх галінак. Пстрыкнуў. Жоўты язычок полымя адгукнуўся, пераскочыў на ігліцу. Віталь выдыхнуў.

Застраляла ціхенька полымя, пацягнула дымком. Данік упершыню прыўзняў галаву і паглядзеў на агеньчык.