— Усё будзе добра зараз, Данік! Усё будзе добра! Зараз мы касцёр распалім, падсушымся. Сагрэемся! — зухавата казаў Віталь хлопчыку, ламаў сухія яловыя лапкі, падкладваў. Полымя ўзнялося вышэй і цяпло дыхнула на іх сваёй выратавальнай лагодай.
— Зараз-зараз! — гукнуў Віталь, выскачыў з-пад елкі, агледзеўся і пабег да яловага вываратня, які заўважыў непадалёку.
У наступныя хвіліны ён назбіраў дроў, сказаў Волечцы іх падкідаць пакрысе, сам шукаў і выразаў тонкія жэрдкі. Пасля вакол вогнішча ставіў гэтыя жэрдкі, скінуў сваю кашулю, распластаў на іх. Тканіна запарыла. Падхопліваўся, мацаў, не ўтрымаўся, зняў, каб трымаць над агнём у руках. Калі кашуля больш-менш падсохла, кіўнуў хлопчыку:
— Ну, Данік, зараз мама з цябе мокрае зніме, у маю кашулю ўкруцішся, а адзежа будзе сохнуць.
— Давай, Данічак, давай, сынок, — заспяшалася Воля, хутка сцягнула мокрую маечку, красовачкі і штонікі з сына. — О, кашуля гэтая амаль сухая, цёплая, зараз ты сагрэешся…
Віталь развесіў адзенне хлопчыка на жэрдках. Прапанаваць Вользе самой распрануцца ды падсушыць хоць майку ён не асмеліўся.
— Я зараз… зараз прабягуся, пагляджу: дзе мы, што мы… Ты, Волечка, падкідвай дроў патрошкі, сушыцеся…
— Не адыходзьце далёка, — папрасіла яго Воля.
— Не-не, я хутка…
Ён пайшоў шпарка ў адзін бок ляска, праз сотні тры крокаў пабачыў перад сабой светлы прагал — тут зноў пачыналася балота. Потым вяртаўся, пакуль не пабачыў іх касцёр, тады павярнуў направа, ішоў даўжэй, ды зноў лес разбегся дрэвамі ў бакі, адкрываючы позірку рэдкае кустоўе з плямамі шэрай вады. У апошнім кірунку яго чакала тое ж расчараванне. Тут цвёрды бераг збягаў да роўнай паверхні вады, бы азярца невялікага, якое далей растваралася ў балоце.
Вярнуўся да кастра. Уздрыгнуў, калі пабачыў, што Воліна майка вісіць на жэрдках. Воля, абярнуўшыся на ягоныя крокі, інстынктыўна прыкрыла рукамі грудзі, увабраныя ў карункавы станік, пасля адпусціла іх. Віталь адвёў позірк, уздыхнуў:
— На востраве мы…
— Што ж рабіць? — выгукнула Воля, ён паглядзеў на яе твар: змучаны і разгублены.
— Будзем чакаць. Нас жа павінны шукаць. Але як доўга, хто ведае… Што застаецца? — як мог бадзёра адказаў Віталь. — Дождж перастаў амаль, але ж звечарэе неўзабаве. Таму будзем думаць пра начлег… Вось.
— Мамачка, мы будзем тут начаваць? — нечакана падаў голас Данік. — А што мы будзем есці?
— Што-небудзь знойдзем, Рабінзон малы, — адазваўся на словы хлопчыка Віталь. — Але напачатку мы зробім сабе хоць нейкі будан. Каб не змерзнуць, праўда ж?
— Бярыце сваю кашулю, вы ж голы ходзіце... Тут цёпла ля кастра, — ціха прапанавала Воля. Яна, было бачна, ніяк не магла ўсвядоміць тое, што адбылося, розум не жадаў прымаць рэчаіснасць. Яна хацела пратэставаць, спрачацца, але бачыла марнасць сваіх слоў і гэта яе ламала.
— Не холадна зусім, як не стаіш на месцы, — паспрабаваў супакоіць яе Віталь. — Хай добра Данікава адзежа прасохне. Я пашукаю месца лепш. Не хвалюйцеся — востраў невялічкі, не згублюся. Як што — клічце…
Ён крутнуўся каб ісці, але краем вока заўважыў ля ног Волі тэлефон.
— Мо ў цябе такі… падводны? — ціха спытаў, трохі ніякавеючы ад таго, што паглядзеў на жаночыя сцёгны.
— Не, самы звычайны… Мёртвы, — адказала Воля і спытала: — Што-небудзь рабіць трэба? Скажыце, не сядзець жа мне…
— Не пакуль, я толькі пагляджу, што дзе… Гукну, канешне, калі трэба будзе… — паабяцаў Віталь, а памяць ужо выдавала з падсвядомасці карцінкі вострава і хоць нечым адметныя мясціны, якія маглі б паслужыць чалавеку прытулкам. Той бераг, які збягае да азярыны, самы высокі, хвоя там вывернутая з коранем даўно ляжыць, сухая. Корань вялізны, яміна пад ім…
Калі Віталь подбег да берага, раптоўна выглянула сонца, хоць дождж яшчэ імжэў з хмары над востравам. Адчуў цеплыню промняў на сваім целе, прыпыніўся, паглядзеў на неба. «Гэта добра, гэта добра…» — паўтараў пра сябе, падлез пад выварацень, рукамі стаў выграбаць сапрэлую леташнюю лістоту, рэшткі раслін. Яміна была вялікая і сухая — трэба трохі пашырыць яе, пачысціць. Жэрдкі трэба, лапнік, многа лапніку… Як добра, што нож дастаў, як добра, што Данік на вочы трапіўся ў той момант, і куст ракіты побач быў, і думка пра свістулькі прамільгнула…
Пабег назад да елак. Воля была ўжо апранутая, толькі красоўкі сушыліся.
— Ну, давайце на новае месцейка! Данік, пайшлі будан ладзіць! Ты ж дарослы хлопчык, будзеш мне дапамагаць, каб маму больш дождж не намачыў!
Хлопчык зіркнуў на яго з недаверам, бліснулі вачаняты. Ён нясмела падняўся, усё яшчэ загорнуты ў кашулю Віталя, і запытальна паглядзеў на маці.