— Пойдзем сынок, пойдзем… І мама дапамагаць будзе… — лагодна прамовіла Воля.
— Збірай апранахі ўсе, Воля, — сказаў ёй Віталь, згроб некалькі таўсцейшых галавешак, каб лёгка раскласці агонь. — А ты, Данік, вось дроў прыхапі, будзе добры касцёр!
Недалёка ад вываратня Віталь расчысціў месца пад вялікае вогнішча, пачаў таропка збіраць сухое ламачча. Другі касцёр, меншы, ён вырашыў раскласці бліжэй да іх «зямлянкі», але пазней…
— Зараз я пайду па матэрыялы, а ты, Данік, з мамай будзеце збіраць дровы, самыя розныя, каб агонь вялікі быў, і дым ішоў, — распараджаўся ён.
На востраве зараз было сонечна і зусім не трывожна. Магчыма таму Воля азірнулася ў лёгкай няўцямнасці, падышла да вываратня, паглядзела на Віталя:
— Можа, нам лепш шукаць, як выбірацца адсюль? Нешта іншае рабіць?
— Воля… Я не ведаю дарогі, — пачаў Віталь ціха, з ноткамі вінаватасці. — Нават напрамку не ведаю. Тое, што мы сюды дайшлі — гэта ўжо шанцаванне. На гарызонце нічога не бачна. Куды ісці? Гэта балота. Запаведнік. Мы былі мокрыя і халодныя, таму найперш касцёр. Нам нельга ісці на ноч гледзячы — патрэбны нейкі будан. Надарыцца дождж — замерзнем. Мы, можа, і вытрымаем, а калі захварэе Данік? Зараз распалім вялікі касцёр, пасля будзем кідаць у яго сырое вецце, каб было больш дыму. Работнікі запаведніка… яны павінны пастаянна назіраць з вышак за тэрыторыяй. Пабачаць дым — павінны прыехаць і высветліць: што гарыць і чаму. Нас будуць шукаць, а мы ім падкажам, як можам. Вось такі мой план. Больш я нічога пакуль прыдумаць не магу…
— Зразумела… Зараз, будзе вялікі дым. Данік, сынок! Хадзем збіраць дровы! — гукнула Воля сыну, але той засоп пакрыўджана:
— Я хачу будан рабіць…
— Ідзі, Данік з мамай, — умяшаўся Віталь. — Я пакуль падрыхтую ўсё, тады мы разам хутка! Добра? Бо ж касцёр таксама мужчынская справа, як маме адной справіцца?
Ён не хадзіў — бегаў па востраве, спяшаўся, пазіраючы на сонца: яно кацілася неяк залішне шпарка да гарызонту. Вырэзваў жэрдкі, выломліваў лапнік, паспяваў кінуць якую ламачыну ў касцёр, які ўжо ярка шугаў. Мужчына бачыў, як спяшалася, цягала ў касцёр сучча Воля. ТОлькі бяда — дым не ўзнімаўся высока ўгару, больш слаўся балотам.
Віталь прымячаў мясціны з леташняй сухой травой, пабачыў і мох — хай нямнога, але як дарэчы. Пазваў Волю з Данікам, разам сабралі яго і панеслі да вогнішча. Там расклалі бліжэй да агню, каб мох трошкі падсох, бо занадта вохкі, ды і казюркі розныя яшчэ адтуль павылазяць.
Пасля выграбаў яміну пад вываратнем, Данік быў з ім. Віталь ладаваў дах, а хлопчыка прасіў падаць то жэрдку, то лапнік. Той захапіўся, раз-пораз забягаў у зямлянку і крычаў адтуль:
— Во тут свеціцца, тут дзірка! Сюды класці трэба!
Віталь радасна ўсміхаўся: дзякуй богу, малы перажыў жуду, адышоў ад шоку. Бегаў яшчэ па лапнік. Ужо сонца завісла над самым балотам, калі рваў мінулагоднюю асаку і насіў ахапкамі, не зважаючы на боль у пальцах. Воля была ля вываратня, падкідвала дровы ў касцёр, пільнавала сына, варушыла мох.
Сярод дрэў ужо збіраўся паўзмрок, калі Віталь вярнуўся да невялікай сухой асіны — там ён раней пабачыў свежа-зялёныя лісцікі чарамшы. Сам не каштаваў, толькі цяпер паспрабаваў, каб упэўніцца, што дзіцяці не будзе надта горка. Падаўся да берага, зарослага аерам. У адным месцы пабачыў маладыя зялёныя парасткі, стаў вышморгваць адзін за другім. Расліны то выцягваліся з коранем, то рваліся дзе не трэба.
Воля сядзела ля вогнішча з сынам.
— Зараз нам яшчэ адно раскласці трэба, невялічкае, каля будана, будзе ўтульна і весялей, — бадзёра пачаў Віталь. — А потым я вам нештачка пакажу, — падміргнуў Даніку.
Калі невялікі касцёр запалаў, Віталь скінуў нарэшце свае красоўкі, пачапіў на калкі. Абцёр рукі аб кашулю, дастаў жменьку чарамшы, якую паклаў быў на лапнік даху будана.
— Вось, Данік, зараз ты паспрабуеш тое, што некалі многіх-многіх па вясне ратавала! Называецца гэта — чарамша! А па-іншаму яе завуць мядзведжай цыбуляй. Бо мядзведзі, як прачынаюцца, дык яе найперш шукаюць і ядуць. Ведаеш жа, якія мядзведзі дужыя? Бо ядуць па вясне чарамшу! Вось, таму еш — будзеш дужым і здаровым. І маму пачастуй.
Хлопчык недаверліва ўзяў з рукі лісцік, палажыў у рот, пажаваў.
— Часнок…
— Ну, на смак трошкі часнок, трошкі цыбуля, затое там вітамінаў! Адразу дужым станеш!
Воля таксама ўзяла лісцік, жавала.
— Еш, Данічак, гэта карысна…
Віталь «разбіраў» аер, здымаючы, бы лускавінкі, лісце, дабіраўся да сярэдзіны — там быў самы малады, самы белы і на дзіва мяккі і смачны парастак. Прынамсі, гэта ён помніў з дзяцінства. Сам паспрабаваў першы — смак быў амаль прэсны, ледзь саладкавы, тхнула балотам.