Выбрать главу

Пакуль не вяртаецца.

Пяць хвілін, мусіць быць, даўно мінула?

7

У лесе, недалёка адыходзячы ад дарогі, дзятва ўлетку зрабіла будан, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі - у асноўным гарадскія, што прыехалі на вакацыі да дзядзоў і бабуль – бавілі вольны час. Калі яны праектавалі сваё збудаванне, а потым збівалі і звязвалі дротам і драпіравалі духмяным сенам, не думалі, вядома, што робяць секс-шоп для дарослых дзядзькаў. Атрымалася ж так. Першым агледзеў будан усё той жа сяржант Філанчук, калі сярод белага дня ў яго нерат трапіла прыгажуня Волька, якая акурат каля паста вылезла са спадарожнай, што кіравала якраз міма яе Антонаўкі. Дзяўчына падала гаспадару чырвонага "жыгулёнку" грошы, той не ўзяў – не сквапны аказаўся, а мо таму, што да легкавушкі падыходзіў сяржант міліцыі: залякаўся. Гаспадару "жыгулёнка" давялося пачысціць крыху свае кішэні, а потым толькі Філанчук адпусціў яго. Перад гэтым Вольку папрасіў затрымацца... Тая паслухалася. Скончылася ўсё тым, што яны апынуліся ў лесе, сяржант, убачыўшы будан, ад здзіўлення – прыемнага, трэба разумець – ледзь не страціў мову: лепш і не прыдумаеш. На газеціне паскрыліў кілбасу, гурок, дастаў з торбачкі бутэльку віна. Дзяўчына спярша ўпарцілася, а потым забылася, відаць, што і яна ехала дадому... Пасля на змену заступіў Косцік. Затым зноў ён, сяржант Філанчук.

Дзяўчына пайшла дадому ранкам, а Косцік, праводзячы яе вачыма, брыдка плюнуў:

– Прастытутка! Бервяно! Вучыцца яшчэ ды вучыцца!..

Філанчук жа, пачуўшы яго, паабяцаў:

– Навучым!

– Давядзецца-а! – зарагатаў Косцік і падказаў Філанчуку ўбіць кол з шыльдай, якая б забараняла збіраць у лесе грыбы і ягады, а то, маўляў, сам разумееш, не дзіця, пра будан шмат людзей будуць ведаць, ды і зазірнуць цікаўныя ў самы непатрэбны момант могуць – што тады? Такога нельга дапусціць! Будан – наш!

У той дзень да будана сяржант Філанчук пад'ехаў на кані, а Сцяпан Пырх, чалавек сталага веку, разважлівы і адумны, які падмеўся бацьку Сірацюка дапамагчы прывезці з лесу дроў, прытупаў на сваіх дваіх: спазніўся на грузавік. Ідучы паўз будан, Пырх убачыў каня дзеда Міхея, паклікаў старога, але замест яго з будана выглянуў сяржант Філанчук, спадылба глянуў на Пырха:

– Вон адсюль! Ну!

Пырх, хоць і не з палахлівых, але з міліцыяй вырашыў не звязвацца, нічога не адказаў, а моўчкі пашоргаў па жухлай восеньскай лістоце на тое месца, дзе павінен быць грузавік з людзьмі. Аднак яго слых, колькі ішоў, рэзаў прыцішаны дзявочы воклік, які ўхапіў ён краем вуха пры падыходзе да будана, і быццам бы яшчэ наступныя словы: "А, між іншым, ты мне згвалтаваў... Ты!.." Голас той яму здаўся знаёмы, ён недзе чуў яго, але чый - не мог даўмецца, хоць трэсні. Во каб глянуў на твар дзяўчыны – адразу б сказаў... А так заставалася толькі гадаць-думаць... Вісіць на языку, а сплюнуць не атрымліваецца. Цьфу ты!..

Усё гэта не давала спакою Пырху, і, апынуўшыся на дзялянцы, дзе звінела бензапіла і стукалі сякеры, ён адчуў, што ўзмакрэла спіна, пераняло дых - як не заслупіла.

– Фу-у! – выдыхнуў ён, прыхінуўшыся да сасны. – Мужыкі! Мне здаецца, што ў будане робіцца нешта не тое... Схадзіць трэба. Хто са мной?

Мужчыны насцярожана глядзелі на Пырха, перакідваліся кароткімі позіркамі паміж сабой, і, здавалася, нічога не разумелі. Што ён, Сцяпан, за бязглуздзіцу вярзе? Дык, здаецца ж, цвярозы. А ў будане?.. Праўда, там і раней, кажуць, маладыя людзі цешыліся. Але хто бачыў? Не, трэба, трэба нарэшце падпаліць гэты будан к чортавай матары, ды і ўся размова на тым!

– Што, смелых няма? – зноў глядзеў на мужчын, чакаючы, Пырх.

– Схадзіць яно можна... – неяк няпэўна зморшчыўся яго равеснік Котаў. – Дык а дровы? Чаго мы ў лес прыехалі? Буданы пільнаваць?

Пырх не здаваўся:

– Дровы пачакаюць.

– Дык як, мужыкі? – папытаў Котаў.

Нехта прапанаваў перакурыць, а жадаючыя, калі такія ёсць, могуць схадзіць сабе і на экскурсію да будана. На здзіўленне Пырха, за ім пайшлі ўсе, акрамя бацькі Сірацюка: ён застаўся пры машыне і торбе з выпіўкай і закуссю. З машынай нічога не здарыцца, а вось торбу могуць прыхапіць...

Каля будана па-ранейшаму стаяў конь, прывязаны лейчынай да дрэва, а з міліцыянераў нікога відаць не было. Вусцішна. Але цішыня трымалася нядоўга, яе парушыў гнеўны голас сяржанта Філанчука – з будана:

– Вон адсюль, я сказаў! Ну-у! Пальну-у!

Людзі не рухаліся, стаялі, думалі, што ім рабіць далей. Няўжо і сапраўды можа стрэліць? Гэта справа няхітрая. Але ж за страляніну без дай прычыны па галоўцы не пагладзяць. Ці могуць прапусціць міма вушэй і вачэй? Але і стрэліць можна па-рознаму – у паветра, у чалавека. Няўжо... у чалавека асмеліцца? Але за што?

Патрабаванне з будана паўтарылася:

– Вон адсюль! Тры разы не паўтараю-ю!..

Сірацюк памахаў на мужчын рукой, каб схаваліся, а сам падкраўся да будана ззаду і чыркнуў запалкай – полымя адразу ж пачало лізаць вострымі язычкамі сухое сена, шуганула ўгору, і не паспеў Сірацюк падбегчы да мужчын, як завішчэла ў будане дзяўчына, а неўзабаве выскачыла адтуль у чым маці нарадзіла, губляючы транты, на якія наступала нагамі, бо тыя, наспех схопленыя, цягнуліся па зямлі... Дзяўчына спалохана зіркала па баках, а калі зразумела, што нікога паблізу няма, похапкам пачала апранацца. За ёй выляцеў з будана сяржант Філанчук, але ён быў апрануты па ўсёй выпраўцы – не мітусіўся і таму паспеў зацугляць сябе нават у партупею. Адразу ж адвязаў каня, ускочыў на калёсы і агрэў жывёліну лейчынай на баку:

– Нэ-э!

Дзяўчына кінулася ўслед, на хаду трапляючы нагой у чаравік:

– А я?! Пашка-а! А я?!

Сяржант Філанчук нават не азірнуўся. Пырх жа сказаў у бок дзяўчыны з непрыхаванай непрыязню:

– Сука! А я чакаю яе дома бульбу капаць... Няхай бяжыць услед. Пайшлі, мужыкі, лес пілаваць... на дровы...

8

Пост ліквідавалі ў тую ж восень. Калі былы школьны дырэктар ішоў ужо з новым кошыкам па апошнія восеньскія грыбы, то прачытаў на вагончыку напісанае вялікімі аршыннымі літарамі – белым колерам: "Прыбралі сабак – прыбярыце і будку!"

Жартаўнікі, аднак!..

1993 г.

ДА НЕБА КАМЕНЬ НЕ ДАКІНЕШ

1

Добра, здаецца, ведаю я сваіх землякоў, а не перастаю іншы раз здзіўляцца: быццам толькі і знаюць яны, што хлебчык вырошчваць, дзетак песціць-гушкаць, а калі час падаспее – і ў салдаты іх праводзіць, а потым сустракаць такім жа парадкам, з чаркай і з крыкліва-пісклявым гармонікам, але, бывае, нахопіцца ў іхнім жыцці, як той віхор сярод белага дня, такая сітуацыя, што ахнеш-охнеш, насмяешся і наспачуваешся, паспявай толькі слёзы прамакаць насоўкай. І тады ўся мая Гута жыве адчуваннем нечага новага, свежага, смачнага. На тварах людзей – заўсёды сур’ёзных і заклапочаных – запальваюцца, бы лямпачкі ўвечар, лагодныя ўсмешкі. Гэта ж добра, што так. Вось тады і я зайдрошчу землякам, нават, прызнаюся, крышачку шкадую, што жыву-таўкуся ў гарадскім тлуме. Але, дзякаваць Богу, не забываецца гэты маленькі куточак бацькоўскай зямлі, і чым жывуць людзі – жыву і я, а яшчэ ўмудраюся расказаць пра іх іншым.

Як вось і на гэты раз.

Гатовы паслухаць?

2

Кінамеханік і паштальён Мішка Арынавіч – ён дзве пасады займае ў нашай Гуце – і сам ніколі не мог, пэўна ж, падумаць, што пуцёўка на курорт, якую ў тэрміновым парадку ўручыў яму прафсаюз на адным, вядома ж, з працоўных франтоў, пераблытае ўсе карты, з ног на галаву паставіць вёску. Атрымалася ж якраз так. Адпраўляючыся ў Адлер, Арынавіч, паколькі чалавек ён адзінокі, прыглядаць за хатай і свойскай жыўнасцю даверыў Трафіму Кіпціку, дэманстраваць у клубе кіно – Ігнату Амерыканцу, а разносіць паштовую карэспандэнцыю прысобіў Ягора Чапуху. Размеркаваўшы, такім чынам, абавязкі, Арынавіч падняў запэцканую шклянку, глянуў на мужчын, у руках якіх было тое ж, што і ў самога, гучна і афіцыйна сказаў: