Мужчыны гэты тонкі намёк зразумелі. Суцяшала, што ёсць час наперадзе, каб настаўніку рэабілітаваць сябе ў вачах хутаранцаў, даказаць нарэшце ім, што ён хаця і фокуснік, але ж чалавек рахманы, бяскрыўдны, і кватэру падшукаць.
А заняткі ў школе тым часам пачаліся. І пасля першага ўрока ў клас забег нечым усхваляваны загадчык фермы Палазкоў, аддыхаўся і тузануў Шэпелева за рукаў:
– Ты фокуснік?
– Я настаўнік,– спакойна адказаў Шэпелеў.
– Так, так. Асноўная твая праца, наколькі я разумею, тут, у школе. Але ж па сумяшчальніцтву, кажуць, фокуснікам працуеш.
– Хто кажа?
– Людзі.
– У вас людзі, гляджу, усё бачаць. Ды Бог ужо з імі. Што вы хацелі?
– Выручы, Валянцінавіч. Век не забуду. На ферме прапалі тры мяхі камбікорму.
Настаўнік хмыкнуў:
– Па гэтаму пытанню звяртайцеся да ўчастковага.
– Звяртаўся. А як жа ты думаеш. Толькі ён адпасаваў мяне да цябе: настаўнік, кажа, назаве табе злодзеяў.
– Участковы пусціў вас па няправільным следзе. Даруйце, але я нават людзей не ведаю ў вашым Хутары, акрамя таго ж участковага і дырэктара школы. Вы ж павінны ведаць, хто тут у вас на што здольны. Адны могуць на гармоніку граць, іншыя печы кладуць, нехта самагон любіць, а нехта – сцібрыць тое, што не там ляжыць.
Палазкоў папярхнуўся, а калі адкашляўся, зноў тузануў настаўніка за рукаў:
– Увесь фокус у тым, што ўкрадзенае якраз і ляжала там, дзе яму і належала ляжаць. Так што маёй віны тут няма. Выручай, настаўнік. Магарыч з мяне.
– Даруйце, але вам дапамагчы я не магу,– Шэпелеў памкнуўся ісці, але Палазкоў зноў прытрымаў яго за рукаў. – Ну што вам трэба ад мяне, фермер?– адмахнуўся настаўнік.
– Прыціснуць іх, гадаў, да пазногця ! Вось што!
– Дык прыціскайце. А я тут пры чым?
– Эх, настаўнік! – Палазкоў зусім, здаецца, расчараваўся ў новым настаўніку, пра якога столькі баек хадзіла па вёсцы, і выйшаў з класа. – А я думаў!.. А ты такі, як і наш участковы...
На ферме ж Палазкоў паклікаў да сябе кармачоў Кандрацьку і Валодзьку, паставіў іх перад сабой на стойцы «смірна» і строга сказаў:
– Ну што ж, дарагія мае, нарэшце вы папаліся! Даскакаліся! Я ж папярэджваў! Вы што, думаеце, я жартаваць буду? Не, ніколі! Ніколі, панове! Вы выведзены на чыстую ваду, і выведзены дзякуючы новаму настаўніку Івану Валянцінавічу, які адразу ж абрысаваў мне злодзеяў, а потым я мог убачыць вас у люстэрку, што вісіць прама ў гардэробе ў школе. Не выкруціцеся! Прызнавайцеся, хто купіў у вас камбікорм? Ну! Хутчэй, хутчэй!
Кандрацька паскроб за вухам, прызнаўся:
– Ды Маньцы збылі, каму ж яшчэ.
– Ага,– шморгнуў носам Валодзька.
– За колькі?
– Мех – бутэлька.
– «Мех – бутэлька». А жывёліна галодная. Вам не шкада яе? Чаму вочы апусцілі? Эх вы, бессаромнікі! Падаю ў суд.
Злодзеі ўзмаліліся, а Кандрацька нават упаў на калені:
– Не губі, таварыш загадчык. У мяне ж сям’я. Дзеці ў мяне.
Як і раней, Палазкоў дараваў. Усё ж – землякі. Але папярэдзіў:
– Апошні раз каб!..
Кандрацька і Валодзька паабяцалі абліць настаўніка-фокусніка варам у калгаснай лазні...
Увечар, стрэўшы Шэпелева на вуліцы, Палазкоў прызнаўся яму, што выкарыстаў яго імя, дзякуючы чаму і адшукаў злодзеяў. Настаўнік заплюшчыў вочы, прастагнаў:
– Усё, мне канец! Бо я трапіў, здаецца, у самы сапраўдны цырк!
9
Дзень, калі ветурач Ягоравіч павінен быў ехаць у суседнюю вёску Баравікі ў сваты, надышоў так непрыкметна, як надыходзіць самы звычайны, будзённы дзень. Была ноч – стала раніца. Пракукарэкалі пеўні ў Хутары, забразгалі даёнкамі жанчыны, праваркаталі трактары і грузавікі.
Вышэй галаву, Хутар!
Ды вось бяда, настрой не ў кожнага быў на належным узроўні. У тым ліку і ў Ягоравіча. Толькі цяпер, раніцай, ён даведаўся, што не можа паехаць у сваты самы галоўны сват – дырэктар школы Саксонаў. Аўтарытэт. Ужо адно ягонае з’яўленне ў хаце нявесты рабіла б поўны ажур, аднак на дырэктара ўчора вечарам, калі ён вяртаўся з працы на кватэру, напалі нейкія невядомыя людзі, насунулі яму на галаву мех і надавалі кухталёў. Сляды нападзення былі бачны на твары і пад правым вокам. Пацярпелы не паспеў звярнуцца ў міліцыю, хоць і збіраўся, яго апярэдзіў участковы. Ён прыйшоў у хату Суклеты з першымі пеўнямі і паспачуваў Саксонаву. Супастатаў паабяцаў знайсці, але для гэтага пацярпелы павінен гаварыць толькі праўду, і праўду.
– Слухаю, Паўлавіч,– участковы прымасціўся за сталом і нацэліўся запісваць усё, што будзе нагаворваць яму дырэктар. – Па парадку. Ну, ну.
Саксонаў спярша не хацеў расказваць участковаму, не давяраў яму, бо колькі было такіх выпадкаў у іхняй вёсцы, а нешта не прыпомніць, каб знайшоў калі злачынцу Баравы. Наробіць грукату – і ўсё ападзе потым цішынёй на вёску, забудзецца. Але ж і разумеў, што ўпарціцца дарэмна, участковы настаіць на сваім ўсё роўна, так што няма чаго марнаваць часс. Саксонаў думаў звярнуцца адразу ў райаддзел, скокнуць цераз галаву участковага і гэта б было, з яго пункту гледжання, разумным крокам. Але ён вымушаны і галіцца, бо ў школу ж трэба, хоць і выгляд такі, і апавядаць Баравому пра ўчарашняе:
– Іду, значыць, са школы. Насвістваю. Настрой добры. Строю планы. А варта было мне ўзяцца за клямку веснічак, як адкуль ні вазьміся... мех на галаву, і адразу ж пасыпаліся кулакі. Нібы яны былі ў тым мяху, а потым мех развязаўся і ўсе яны, кулакі, абрынуліся на мяне.
– Усё?
– Усё.
– На каго падазрэнне падае ў цябе самога, Паўлавіч?
– Пытанне складанае. Быццам бы да чужых жанчын не шастаю. Не лаюся з людзьмі. Наадварот, дапамагаю, калі каму трэба, пісьмо напісаць ці скаргу якую... Служу людзям. Таму падазраваць нікога не бяруся.
– Так, так, так,– участковы барабаніў пальцамі па стале. – А не мог замах на жыццё прызначацца нашаму маладому настаўніку за ягоныя фокусы, а ты, як кажуць, патрапіў пад гарачую руку. Га?
Саксонаў задумаўся.
– Дарэчы, дзе ён, фокуснік?– страляў па хаце позіркам Баравы. – Не бачу.
– Пайшоў па грыбы. У яго першага ўрока няма.
– Зразумела. Ну што ж, з горада , каб напасці на цябе, Паўлавіч, бандыты не прыедуць – цяпер паліва дарагое, трэба шукаць нягоднікаў сярод сваіх. Абяцаю знайсці.
– Паабяцаць няцяжка,– уздыхнуў Саксонаў.– Я вось абяцаў Ягоравічу быць за свата, а як з такім выглядам паедзеш у Баравікі? Не атрымліваецца. Тут хоць бы сваіх дзяцей у школе не перапалохаць.
Успомнілі пра ветурача, а ён тут як тут: лёгкі на ўспамін. Ледзь толькі глянуў Ягоравіч на дырэктара, пахіснуўся – яму адразу зрабілася кепска: сёння ж у сваты ехаць! –
– Спакойна, – супакоіў Ягоравіча ўчастковы. – Бязвыхадных сітуацый не бывае. Што-небудзь прыдумаем. А думаць трэба пачынаць неадкладна. Ясная справа, што Паўлавіч ужо не сват. Я – участковы, мяне кожны сабака ведае як аблупленага і не з самага лепшага боку. Не набіваюся па гэтых прычынах сам на галоўнага свата. Таму сыдзе за свата малады настаўнік. Высокі, прыгожы. І ў акулярах. Салідны, адным словам, чалавек. Плюс – фокуснік. Ён з любой сітуацыі вывернецца. А з такім чалавекам не прападзём і мы. Як вы ўжо здагадаліся, я таксама паеду, буду збоку, на падхваце. Не сапсую свята. Як, Ягоравіч, лічыш?
Ягоравіч пагадзіўся:
– На бязрыб’е, як кажуць, і рак рыба... Сёння едзем.
– Сёння дык сёння. А пакуль я пашукаю тых нягоднікаў, якія сапсавалі твар паважанаму чалавеку. Пайшлі, Ягоравіч.
– Пайшлі, Ягоравіч.
І два Ягоравічы, участковы і ветурач, зачынілі за сабой дзверы ў Суклеціну хату. А паколькі яны яшчэ крочылі па вуліцы разам, то ўчастковы хутка і выдаў злачынцаў. Гэта ж вясковыя п’янтосы Кандрацька і Валодзька, кармачы з фермы. Ягоравічу паспеў пахваліцца Палазкоў, што з дапамогай фокусніка-настаўніка ён прыціснуў да сцяны злодзеў, і тыя, паверыўшы, што іх і сапраўды паказаў у люстэрку яму настаўнік, здаліся. Абяцалі адпомсціць. І вось –атрымлівайце... Ну, правільна: пераблыталі, тут і гаварыць няма чаго, дырэктара з фокуснікам.
Настрой у Баравога быў лепш не прыдумаеш: хораша як дзень пачаўся – і ў сваты едзе, і злачынства, мяркуйце, раскрыў. Засталіся дробязі – дапытаць Кандрацьку і Валодзьку, а гэта ён умее рабіць, бо ў прафесіі даўно. А вунь і яны, вунь, злачынцы! Толькі што гэта? Убачыўшы на вуліцы ўчастковага, адразу звярнулі ў вулку, схаваліся. Такія паводзіны кармачоў яшчэ больш усялілі веру ў Баравога, што менавіта яны аддубасілі дырэктара школы замест настаўніка-фокусніка.