Выбрать главу

Толькі вось як быць з дровамі? Ігнатаўна цвёрда рашыла: замерзне ў сваёй хаце, а школу ў грубцы паліць не стане. Хіба ж дараваў бы ёй такое муж-нябожчык, настаўнік малодшых класаў? Як гэта так, сказаў бы, мая Ігнатаўна, ты да такога даўмелася? Школу – і спаліць? Гэта ж школа, гэта ж храм, гэта ж святое!.. А калі былыя вучні захочуць прыйсці ў той клас, дзе некалі сядзелі? Куды яны прыйдуць? Куды? Скажы вось мне! Ты ж пазбавіла іх такой шчаслівай магчымасці, мілая мая. Не пазбаўляй. Не трэба. І быццам сама сабе Ігнатаўна адказвала: «Што я, Іван? Ад мяне тут нічога цяпер не залежыць. Маёй віны тут няма. Час такі настаў, калі школа нікому стала не патрэбна… Нашы ўнукі таксама ў горадзе жывуць… Светка заве да сябе, а я баюся туды, у горад, ехаць… Баюся… Мне тут добра, дзе пражыла шчасліва амаль ўсё жыццё… І ты блізка, Іван… Толькі вось каб дровы былі… З дровамі цяпер цяжка… А паколькі наша вёска неперспектыўная, бо школы ж няма, то газ і не падвядуць ужо, мусіць…»

Ігнатаўна вярнулася, каб узяць пісьмо-заяву. У хаце было хоць і стыла, але цяплей, чым на вуліцы. Якраз у гэты час падруліў – яна добра бачыла праз акно – трактар, з кабіны якога выпырхнуў лёгкі і шчуплы Косцік Стараселец, і неўзабаве ён ляпаў у дзверы.

– Адчынена, адчынена, – заспяшалася Ігнатаўна.

Косцік і не дачакаўшыся дазволу зайшоў бы, не прывыкаць: ён ужо стаяў у парозе і здзіўлена лыпаў вачыма:

– Дык а людзі дзе?

– Якія?

– Як гэта – якія? Ну, дровы грузіць.

– Не ведаю, – паціснула плячыма Ігнатаўна.

– Мне ж нарад выпісаны вам дроў прычэп прывезці, – больш спакойна патлумачыў Косцік.– Мяне ж сам старшыня сельсавета адкамандзіраваў. Школу бураць.

Ігнатаўна ўсё зразумела: Сазончык апярэдзіў яе, рашыў зрабіць для пенсіянеркі і сваёй былой настаўніцы добрую справу.

Пісьмо спазнілася…

Ціш у пакоі парушыў Косцік:

– Дык што рабіць будзем, Ігнатаўна?

Ігнатаўна адмоўна пакруціла галавою:

–Не, не, Косцік. Дзякуй табе. Калі з лесу мне прывезяце дроў – я заплачу, я куплю. Толькі сухіх каб… У мяне пенсія добрая. Грошы маюцца. А школьныя – барані Божа!.. Не вазьму грэх на сябе. Не, не вазьму.

–Дзіўная вы, Ігнатаўна! – Косцік развёў рукамі, пашкроб кудлатыя валасы на галаве і моўчкі выйшаў, а потым адразу ж вярнуўся, неяк вінавата апусціў галаву, нарэшце падняў цяжкі погляд на старую настаўніцу, ціха прамовіў: – Я… мы… мы прывязём вам дроў, Ігнатаўна. З лесу. Там багата паваленага… У грыбы калі хадзіў, то бачыў. Ногі паламаеш у тым лесе… З лесніком пагаворым, як зрабіць лепш. Ведаеце, Ігнатаўна, а я вас зразумеў: мы ж вас і любілі больш, чым каго-небудзь з настаўнікаў. Нібы ведалі яшчэ тады, малыя, што вы такая… А школу і мне шкада цяпер вось стала шкада, як да вас зайшоў, як на вас паглядзеў… Ага. Вы мне верыце? А раней неяк і не падумаў пра гэта. Сапраўды, як гэта – школу спаліць? Свой клас – як гэта?..

– Дзякуй табе, Косцік…

Ігнатаўне ці падалося, ці так было і на самой справе: Косцік, першы чым пайсці, хлюпнуў носам і крадком шаркнуў рукавом па вачах… Так хуценька, похапкам шаркнуў, каб Ігнатаўна не ўбачыла…

Трактар зароў маторам і неўзабаве схаваўся з вачэй Ігнатаўны. Яна ўзяла пісьмо да старшыні сельсавета, хацела парваць яго на дробныя шматкі, але перадумала: калі будуць дровы, то кожная паперка спатрэбіцца. На падпал.

ГАРАСКОП

Раней ніколі неяк сур’ёзна не ставіўся да гараскопаў Сірацюк, лічыў друкаванне іх у газетах пустой забавай, нікчэмным заняткам для абывацеляў, а тут раптам зачапілі надоечы яго наступныя радкі: “ У паўсядзённай працы вызначаюцца новыя цікавыя перспектывы. Не выпусціце свой шанц. Задачай тыдня "нумар адзін" будзе апынуцца ў патрэбны час у патрэбным месцы”. Апынуцца ў патрэбны час…у патрэбным месцы… Гэта, значыць, яму, Вадалею, парада. А што, калі?.. І Сірацюк сур’ёзна задумаўся. Ён нават узняўся з канапы, выключыў тэлевізар, але газету з рук не выпускаў: яго моцна зацікавіла – і сапраўды, а што калі прыслухацца да ўсяго, што раіць гараскоп? Хоць раз у жыцці, а? А што, калі прымірыць гардыню і спакусіцца? Было не было! Сірацюк пазяхнуў, навастрыў слых: жонка корпалася на кухні, быў чуваць бразгат посуду, цурчанне вады з краніка. З кім яшчэ, як не з ёй, падзяліцца парадай гараскопа.

– Марыя, – зазірнуўшы на кухню, Сірацюк хітра-загадкава ўсміхнуўся жонцы, якая павярнулася да яго тварам. – Паслухай-ка: мне прапаноўваюць на гэтым тыдні апынуцца ў патрэбны час у патрэбным месцы…

– Не разумею, пра што ты гаворыш, – жонка працягвала займацца сваімі справамі. – Хто прапаноўвае?

– Гараскоп, – Сірацюк паляпаў па газеце. – Вось, тут чорным па беламу напісана…

– А-а! – адмахнулася жонка. – Зразумела. Больш на канапе ляжы перад тэлевізарам, табе і не тое выдумаецца.

– Прычым тут адно да другога? – пакрыўдзіўся Сірацюк. – Вось, на, чытай… Мой знак – Вадалей…

– Адстань! Бачыш, рукі занятыя?

– Усё у нас так, усё… – Сірацюк у роспачы сеў на табурэт. – Рукі, бачце вы, занятыя. А калі ў нас яны былі не занятыя? Адкажы вось мне, адкажы!..

Марыя зноўку павярнулася тварам да мужа, пэўны час дзівілася на яго, затым лагодна ўсміхнулася і захітала галавой:

– Ты што, сёння не з той нагі ўстаў?

– З той, з той, – прамумкаў Сірацюк.

– Лепш дапамог бы мне па кухні, – міралюбіва прапанавала жонка. – Свята ж ідзе, Новы год… А ты да гараскопа прычапіўся. Давай памагай. І цыбулю чысціць трэба, і часнок. Твой любімы занятак, дарэчы.

Сірацюк, відаць было, і сам зразумеў, што ні з таго пачынае ён сёння дзень, аднак гараскоп па-ранейшаму не даваў яму спакою, моцна ўзяў за жывое, і крыху паразважаўшы пра жыццё-быццё, ён зноў энергічна паляпаў па газеце:

– Дык пішуць жа!

– Хай пішуць, а табе што да гэтага?

– Не, а чаму я не магу і сапраўды апынуцца ў тым самым месцы ў патрэбны час? Дзеля нас жа, а? Можа падвернецца выпадак, і мы станем самымі шчаслівымі людзьмі? Самымі багатымі? Латарэйны білет хіба пайсці купіць? Ці той жа спортпрагноз узяць?.. Дзе, дзе тое месца, дзе я павінен апынуцца? Хто пакажа? Хто-о?..

Марыя больш уважліва прыгледзелася да мужа, з невясёлай іроніяй прамовіла:

– Чаго ты прычапіўся да гэтага гараскопа? Ці ты, можа, ўжо Новы год пачаў сустракаць, мой любы? Дык рана ж яшчэ быццам… Глянь на гадзіннік. А гараскопам сваім толькі прыкрываешся, не інакш, а?

– Ды кінь ты дурное! Кінь!

– Лупі цыбулю!

– Луплю, луплю… – і Сірацюк адклаў нарэшце газету ў бок, узяў цыбуліну, нож. – А ты вось, Марыя, кажаш, рукі ў цябе занятыя…

– Ну, кажу…

– А калі яны ў нас былі не занятыя? У цябе і ў мяне? Увесь час то тое, то гэтае… То на працы, то дома… І ежу прыгатуй, і дзіця пагушкай… Як без рук?

– То пульт ад тэлевізара не выпускаш з іх, – заўважыла Марыя, усміхнулася.

Сірацюк жа працягваў сваё, не зважаючы на дакор жонкі:

– А калі ў вёсцы жыў, і траву скуб для трусоў, і дровы заносіў у хату з хлева, і сена скідваў з вышак карове… А колькі вады трэба было нанасіць з калодзежа! Бліжэй к вечару дазвалялася браць у тыя ж рукі лыжныя палкі… Так, так: яны заўсёды, рукі гэтыя, былі занятыя. Як і помню сябе.

– Чалавеку рукі і дадзены для таго, каб быць занятымі. Не сядзець жа, склаўшы іх на каленях.

– Перад Новым годам самі цацкі на ёлку рабілі. Самі, помніш? З паперы, з кардонкі, з шышак… Сёння ў крамах на любы густ гэтых цацак. Выбірай толькі. А цяпер вось цыбулю лупі… Яна, дарэчы, кусаецца… Во, во: не паспеў яшчэ адну распрануць як след, а ўжо плачу… Горкая, мусіць.

– Ёсць і салодкая. Вось гэтая, што далей ад цябе – больш светлая яна. Бачыш?

– Бачу.

–Бяры гэтую, яна не такая злая.

Дзень заканчваўся, а Сірацюк так і не знайшоў тое шчаслівае месца, дзе б ён мог апынуцца ў патрэбны час. Усе варыянты перабраў – і нічога не атрымлівалася. Пасля цыбулі чысціў часнок, прапускаў цераз мясарубку ўсё, што прасіла жонка, збегаў у краму за майянезам і хлебам, прыхапіў там яшчэ тое-сёе, дапамагаў жонцы ляпіць пельмені і рабіць торт, а ўжо бліжэй к вечару патэлефанаваў сын: у нас планы раптоўна памяняліся, прыйдзем Новы год сустракаць да вас, вы не супраць, бацькі?