– Што... што здарылася?– па-ранейшаму з трывогай глядзела яна на доктара.
– Нічога, вы толькі не хвалюйцеся. Гэта ж жыццё... Іншага выйсця няма. Давядзецца вашаму мужу ампутаваць нагу. Іначай хвароба...
Яна не дала дагаварыць доктару, сказала надзіва спакойна і абыякава:
– Адразайце. Толькі потым пакіньце майго мужынёчка ў сябе. У вёсцы бязногі мужык не трэба... Які з яго толк? Лішняя каніцель.
Мядзведскі, пачуўшы такія словы, аслупянеў, нават крыху разгубіўся і чамусьці спытаў, хоць гэта нічога не мяняла:
– Ён што ў вас, п’яніца?
– Як усе...
– Б’е? Калоціць?
– Хай бы паспрабаваў крануць. Я б яму кранула.
– Тады не разумею я вас, жанчына,– развёў рукамі доктар.– Іншая справа, каб п’янтос быў. А то ж, кажаце, як усе... Мы не першы раз ампутуем ногі. І п’яніцам таксама. Але ж у іхніх жонак я бачыў на тварах спачуванне, на вачах слёзы...
– Дурныя таму што! – яна сказала даволі непахісна.
– Выйдзіце з ардынатарскай! – падвялі тады крыху нервы Мядзведскага.–Калі ласка!
Напаследак жонка хворага яшчэ раз сказала:
– Калека мне не трэба. Забірайце сабе.
І выйшла.
Яе мужу нагу ампутавалі. Месяц назад. Яна першы раз наведалася пасля аперацыі ў бальніцу. Былі дзеці, унукі, а яна – не... І вось цяпер усё парывалася нешта сказаць доктару. Ён рабіў выгляд, што яе не заўважае. Хоць быў па-чалавечы вельмі рады, убачыўшы перад ардынатарскай гэтую жанчыну.
Няхай трошкі пасядзіць. Ён чакаў яе больш.
ВУЧОНЫ ЗЯЦЬ
У Марусі зяць, і гэтым яна асабліва ганарыцца, закончыў інстытут і працуе «вялікім начальнікам».
– Не-е, ён не абы хто, а ў гальштуку ходзіць на працу,-- любіць пры выпадку пахваліцца старая. – Сама бачыла.
Аднаго разу зяць прыехаў у госці да Марусі. Адзін.
– А што ж Сонька? – нясмела папытала старая. – Аблянілася... ці што? Як замужам не была, то прыязджала.
Зяць ахвотна растлумачыў, што дачка яе пакуль яшчэ не аблянілася, а не прыехала таму,што білеты на аўтобус надта дарагія, і калі б яны прыехалі ўдвух, то давялося б патраціцца, што сказалася б – і прыкметна! – на сямейным бюджэце.
– Ды бульбоўнік я і адзін выкашу, – весела гаманіў зяць. – Гэта ўжо калі капаць будзем, то і Сонька прыедзе.
– Так, так, – згодна заківала галавой Маруся і запрасіла госця за стол, на якім былі і чарка, і скварка.
А потым яна паказала зяцю касу.
– Ад мужа засталася, ад твайго цесця. Як ведала, што прыедзеш, таму папрасіла суседа, каб накляпаў.
Зяць узяў касу, пакруціў-павярцеў яе перад носам, надзьмуў шчокі, зморшчыўся:
– Не, мамаша, даруй мне, але гэта не каса: старая, крывая, гарбатая. Адна назва... Гэтай касой я не скашу. Пашукай, пашукай новую.
– Дык дзе ж я табе яе знайду? Косы ж у нашым лесе не растуць. Няма ў мяне больш. Адна... вось гэтая... ага.
– Тады, родная цешча, прабач. Пры ўсёй павазе да цябе... вымушаны адмовіць у дапамозе. Хоць і ехаў. Бульбоўнік няхай стаіць. Прашу мяне не вінаваціць. Я прывык сядзець за новым сталом, у новым крэсле, пісаць новай ручкай, насіць новы касцюм, новыя туфлі. Як знойдзеце касу, то разбудзіце: я трошкі пакімару. З дарогі як-ніяк. Будзіце, будзіце, не саромейцеся!
«Відаць, раз вучоны зяць, то і праўда, варта новую касу пашукаць. Трэба ж мне, дурніцы, старызну гэтую падсунуць было? Яе ж Мікіта мой яшчэ выкінуць хацеў. Цьфу-у!»
І яна пабегла шукаць касу, хоць не ведала, дзе і як расстараецца. Але... прынесла! Ззяе каса, ззяе твар у Марусі: што на гэты раз скажаш, блазнюк? Зяць працёр вочы, глытнуў з карца халоднай вадзіцы, паглядзеў на гадзіннік, а толькі тады ўзяў касу і адразу ж скрывіўся, бы праглынуў горкую пілюльку:
– Лепшая, але таксама не тое. Цяжкаватая. І доўгая нейкая. Што, карацейшай няма? Ці вы, вяскоўцы, прывыклі адным махам класці ўвесь бульбоўнік? Там па тэліку брыфінг будзе, то я пагляджу. Падыходзь, шаноўная цешча, праз паўгадзіны. З новай касой, вядома.
Маруся выпырхнула на ганак, патапталася крыху на пругкіх дошках, плюнула, калі адчаілася знайсці касу, якую хоча яе вучоны зяць. Хто дасць? Пятро? Міхал? Васіль? І яна нехаця пацягнулася з двара. Пятру каса самому трэба, у Міхала яшчэ цяжэйшая, чым ёсць, а ў Васіля старая, як і ён сам. Не знайшла.
Калі Маруся вярнулася ў хату, яе сустрэў зяць са здзіўленнем на твары:
– Дзе вы столькі ходзіце, шаноўная цешча? Цяпер жа, восенню, кожны дзень год корміць.
– Касу шукала.
– Бачу, не знайшлі?
– Не.
– Шкада, шкада, – зяць сеў, забарабаніў пальцамі па вечку стала. – Тут я, даруйце, выручыць вас не магу.
Маруся залыпала вачыма:
– Заўтра яшчэ, раніцай, паспрабую.. На Крывой Бярозе не была. Гэта вуліца такая. Яна далекавата.
– Заўтра? Раніцай? – насупіўся зяць.– Ну вы і даяце, ну ў вас і пратакол, шаноўная! Раніцай мне трэба быць у горадзе. Справы!
Маруся не ведала, што сказаць. Нарэшце ціха мовіла:
– Дык.. можа... хоць бы маёй... старой касой пазбіваў бульбоўнік... хоць трохі, га? Ехаў жа...
Зяць, не міргнуўшы, сказаў:
– Можна было б і паспрабаваць, але ж гляньце, гляньце на вокны: цёмна! Трэба быць больш разваротлівай, любая цешча! Час цяпер такі! Час! Не ты, дык цябе абскачуць! Больш энергіі, больш руху! А то бульбоўнік можа і на зіму застацца.
Раніцай, першым рэйсам, зяць паехаў. А бульбоўнік скасіў сусед Лёня, вясковы пастух. За бутэльку віна. Скасіў, дарэчы, Марусінай касой.
Маруся ж чакае цяпер зяця капаць бульбу...
ХАТКІ
У Зарэччы з двух бакоў абступаюць вясковую вулку хаткі. Маленькія, несамавітыя з выгляду. Побач з новымі дамамі яны – што неба і зямля. Але хаткі стаяць. Хоць сёння ўжо, як некалі, не цягнецца з комінаў тонкай павуцінай дым, па вечарах не ўспыхваюць шыбкі святлом.
Згарэла ў час апошняй вайны Зарэчча. Калі раён быў вызвалены ад чужынцаў, вярнуліся на папялішча людзі. З чаго пачынаць жыццё? Як? Трэба, трэба адбудоўвацца, не справа ж гэта жыць пад голым небам, хоць і цёплае яно, мірнае, ціхае.
– Мне, суседзечкі, вяліка хатка не трэба, – крадком змахваючы слязінкі з твару, роспачна мовіла тады Маруся. – З адным акном мне хопіць. Няма каму ў тыя вокны глядзець... Толькі каб яно на дарогу выходзіла. Пахавальная была, што Пятро загінуў пад Варшавай, але не забароніш сабе глядзець на дарогу – а раптам пакажацца ён на ёй? Былі ж выпадкі... Вось... Ну, а дзетак, самі ведаеце, завесці не паспелі...
Дапамаглі адбудавацца Марусі вяскоўцы. Потым дапамаглі Варцы, Лёксе, Акуліне...
Стаяць і сёння гэтыя хаткі.
Сіратліва стаяць. Адны. А вокны ўсё глядзяць і глядзяць на дарогу...
Бы некалі Маруся, Варка, Лёкса, Акуліна...
ПАН НАЧАЛЬНІК
Марыя Пятроўна чытае ўнуку казку. У казцы змагаюцца, апантана скубуцца за свае нябачныя чубы дабро і злосць. Як і ў жыцці. Жанчына яна абаяльная, прыветная: госці калі якія надарацца, не ведае, куды іх пасадзіць, бегае, мітусіцца, а сама ззяе-палае ўся. Ад радасці. Але і прынцыповая Марыя Пятроўна, бывае, што і паказвае характар. Дакладней сказаць – паказвала, калі рабіла. Цяпер яна сама сабе гаспадыня, пан начальнік. У доме поўны парадак. Не крытыкнеш сябе: няма за што. Унук таксама хлапчанё паслухмянае. Толькі казкамі забаўляй. Любіць слухаць. Яно і добра: хоць сама гэтых казак начытаешся пад старасць, разважае Марыя Пятроўна, бо сваіх калі гадавала – не да іх, казак, было.
– Бабуля, а чаму цябе не пускаюць больш на завод?– унуку, відаць, іншы раз усё ж надакучваюць казкі, тады ён узнімае на старую зацікаўленыя вочы.
– Прагналі, – шчыра прызнаецца Марыя Пятроўна. – Яны могуць. Ім толькі дай... Ага. Слухай, слухай казку. «І тады воўк ашчэрыў зубы...»
– Страшна-а! – унук моршчыцца, заплюшчвае вочы, тупае нагамі.
Перапынак. Пара абедаць. Марыя Пятроўна моўчкі есці, крадком паглядае на ўнука. «Бач ты, жэўжык: бабуля, а чаму цябе не пускаюць на завод? Эх, унучак, на сходах каб менш твая баба языком мянціла... А то возьме і крытыкне каго трэба,не зважаючы на аўтарытэты і пасады». Скажа – і сядзе. На яе спярша ўвагі не звярталі. «Прыбіральшчыца, што з яе возьмеш! » Венік, швабра, ануча, вядро – увесь яе інструмент, увесь арсенал. Няхай пагаворыць. Няхай прагучыць «голас з мас». Ды нядоўга так думалі. І не ўсе. Кагосьці Марыя Пятроўна дужа балюча кранала сваімі слоўцамі. Таму і адбыўся стрэл з-за вугла: варта было старой пайсці ў чарговы водпуск, як адразу ж з’явіўся загад аб яе звальненні – пара на заслужаны адпачынак, хопіць нам тут пенсіянераў эксплуатаваць. Была б, як кажуць, прычына...