Выбрать главу
Адзін, другі і трэці стрэл... "Стреляеш плохо!.." Лубянскі снайпер збіў прыцэл Аж на эпоху.
Ва ўсіх часах, хоць жылы рві, Свае законы; Сукенка белая ў крыві - Сцяг бел-чырвоны!
Сама свабода не жыве?.. А ў нос вам дулю! Яшчэ тырана па Маскве У склеп цягнулі.
Яшчэ трашчалі ў лагерах Лесапавалы, А ўжо імперыя па швах Паўзла, трашчала,
І воля ўжо ўставала з тла, Плыла, як пава...
Жанчына ў белым і была Сама Варшава.
АПОШНІ КАРОЛЬ
Прысніўшы Польшчу ў ложку Кацярыны, Аднойчы ён падумаў: "О-ё-ёй, Якія будуць жарцікі і кпіны Па часе над каронаю маёй!.."
Ды ведаць ён не мог і палавіны З таго ўсяго, што станецца пасля, Што заблішчыць аздоба караля Начным гаршком у спальні Кацярыны.
Ён хітраваў, гатовы да вянца З імперыяй!.. Смяяўся сінявока... Але было ўжо блізка да канца - Да Воўчынскага шлюбу недалёка.
Бліжэла і бліжэла да вайны, Да хуткіх шабляў, выхапленых з ножан!..
Ад мора і да мора Польшчы сны, Шырокія, як Кацярыны ложак.
ІНФАНТА
Яна ні там, ні тут,
яна адгэтуль воддаль, Бо брошкай на плячы апалены спарыш, Бо ў рыцарскім баі загінулі абодва: І рыцар - Белы Крыж, І рыцар - Чорны Крыж.
Яна ні з тым, ні з тым, бо страціла абраных, Бо іх на люты бой заклікала сама!.. Цяпер, калі няма ніводнага з каханых, Ёй выбіраць паміж Нялюбымі двума.
Сыйшліся ўжо яны ў турніры тэатральным - Драўляныя шчыты, драўляныя мячы: Як смешна, Божа мой! Нібыта знак астральны, Апалены спарыш дыміцца на плячы.
Усмешкі матылёк прыкрыў апёк балючы, Не ўбачаць боль яе ні ў лахманах рабы, Ні рыцары ў плашчах, падобных на анучы, Што б'юцца за яе - Пярэсты і Рабы.
Пярэсты перамог! Зламаўся меч Рабога! - Як смешна, Божа мой!.. Яна цалуе крыж На вернасць аднаму, прымроіўшы другога... Дыміцца на плячы апалены спарыш.
ПІРАТЫ
І дзень, падараваны на зямлі, І ноч, падараваная ў нябёсах, За небасхіл сплылі, як караблі, Спякотны сум пакінуўшы ў матросах, Што падымалі ветразі на іх І ў шале страсці кіравалі ў хвалі, І так былі шчаслівыя ў той міг, Як ні раней, ні потым не бывалі, Бо ні раней, ні потым не плылі, Не баючыся, каб не патапілі, Забыўшыся зусім, што караблі Яны, нібы піраты, захапілі, І ўжо спяшаць эскадры наўздагон, І ставяцца ва ўсіх марах мярэжы, Каб спраўдзіць справядлівасці закон, Ва ўсім пакласці рубяжы і межы, Каб тых дваіх злавіць, вярнуць да ўсіх, Вяроўкамі спавіць, парваўшы снасці, На ўсіх пароўну падзяліць той міг, Што двое ў страсці рызыкнулі ўкрасці, -
Але пакуль шчаслівых не знайшлі, Схаваных недзе на Галапагосах, Ім дзень падараваны на зямлі, Ім ноч падараваная ў нябёсах.
З ДРАНЬКО-МАЙСЮКА
Там, дзе ўжо ноч, там спяць, альбо крадуцца Да куртызанак, што таксама спяць, Укрытыя пялёсткамі настурцый - І матылькі ў альковы іх ляцяць, Каб кветкі пацалункаў рассыпаць На губы палюбоўнікаў, на вочы, На грудзі - што, як свечкі дзве, гараць І паляць крыльцы матыльковай ночы...
Пад страсны шэпт спалёных бліскавіц Сусвет начны ў любоўным ложку тоне... Так у часы і свечак, і газніц Было - і засталося пры неоне, І будзе, я не ведаю, пры чым? - Таксама, як не ведаю прычын, Каб не аддаць - хай з кім заўгодна ў змове! - Усё, што ёсць - за ноч адну ў алькове...
АРФА
Яна на арфе ў маладосці грала... У шапіку цяпер (каля вакзала) Гандлюе цацкамі... Я самалёцік "ЯК" Купляю і пытаюся: "Ну як Жывеш?.." Яна: "Ды ўсяк бывала... Перажыла..."