Выбрать главу
Сям'я... І муж байбак І п'яніца... І дзеці... - Колькі? - Двое.
Ды нешта ў ёй скразное, незямное, Як арфы гук!.. - Ты знакаміты стаў... Я не чакала... - Сам я не чакаў... Шыкоўна выглядаеш... - Што ты!.. Што ты!..
Па ўсёй размове... Соль... До, рэ... Фа, мі...
Глядзім у неба. Бачым самалёты, Хоць там ляцяць анёлы з арфамі.
***
Стогадовай габрэйцы на "ІЛы" - Хоць куды, каб памерці скарэй. "Перавозім жывыя магілы, - Мне на позірк прамовіў габрэй. - Жменьку горкага пылу з парогу, Дробку солі ды кварту вады. Гэта значыць - навечна ў дарогу, Незваротна туды, назаўжды".
Па цыгарцы мы з ім запалілі І па чарцы кульнулі нагбом. І маторы раз'юшана вылі, І круціла зямлю пад крылом.
І ляцела магіла жывая, І ўзвывала люцей і люцей Над краінай, якая зжырае І выплёўвае родных дзяцей.
КУРСКАЯ ДУГА
Трагедыя расійскай субмарыны... "Як гэта так?.." - дапытваюцца фіны, Нібыта я расійскі адмірал...
Яшчэ жыве, як здань, Саюз адзіны, Яго легенды і яго быліны, І доўжыцца жахлівы серыял.
Хай рухнуў Рым - стаяць яго руіны: Афганістан, Чачня, Чарнобыль... Міны Раскіданы сярод пяскоў і скал. Імперыя ўсё шчэрыць зуб звярыны - І на шляху расійскай субмарыны Паўсюль яе скарожаны метал.
Смерць не страсеш, як страшны сон з пярыны... Як рускаму, мне спачуваюць фіны, І ўсюды клін - куды сябе ні кінь...
За маракоў расійскай субмарыны Памолімся. Ва ўсіх нас Бог адзіны - Амінь.
УЦЁКІ
"Я ўцёк з Радзімы..." Адам Міцкевіч.
Прасцяг нябёс зацьмілі крумкачы, І страшна стала - хоць ты ў ноч крычы, І ён з Літвы надумаўся ўцячы, І выбіраў краіну межавую, А ўцёк ён - мову выбраўшы чужую.
За выбарам адным паўстаў другі: Жытло чужое, не свае даўгі, І ўрэшце - на чужой зямлі магіла... Хіба яго Радзіма не любіла, Ён быў не крэўны ёй, не дарагі?..
Дык за свае ці продкавы грахі, Альбо па нечай патаемнай змове З Радзімай развялі яго шляхі У неадольным - у радзінным слове?
І да якой мужыцкае страхі Яму вяртацца на памежнай мове З малітваю: "Літво! Ойчызно моя..."  

Айчына. А чаму?..

Ластаўка

1.
Айчына. А чаму?.. Глядзіш услед пытанню - Як ластаўчынаму Палёту, шчабятанню...
2.
Дарагое і ёсць дарагое. Ува мне - там, дзе сэрца тугое Ад скразной, невыноснай тугі - Б'ецца ластаўкай берагавою Беларусь аб свае берагі.

Паланэз

1
Бывай, Яблонская, бывай! Прабегла восень па фальварку - І графіка такая ў парку, Хоць парк у раму забірай...
Бывай, Яблонская, бывай! Я застаюся па-за рамай Карціны, што праз дождж відна: Раяль, камін - і ты адна, Стамлёная любоўнай драмай, З бакалам белага віна...
Апошні раз прыгубіць дай - Заторгні на карціне шторы! Я кінуў твой пякельны рай, Грукоча ў ночы поезд скоры: Бывай, Яблонская, бывай!
Не стаў бакал на самы край! Святло і цень дрыжаць падманна - І ўсё разрывіста, туманна... Цалую рукі, ясна панна, Бывай, Яблонская, бывай!
Ад клавіш рук не адрывай! У свеце, дзе вішчыць жалеза, Пранізліва гучыць няхай Акорд апошні паланэза - Бывай!
2
"Ja kocham cе..." Ва ўсіх краях, Спрасоння блытаючы мовы, Я гэтыя пустыя словы Знаходзіў лёгка на губах: "I love thou", "Я люблю вас",