- Не выдумляйся... будзь маёю...
- Я рада быць тваёй Літвою...
Ты праўда ў ёй усёй крывёю -
Так, што шаленства ў скроні б'е?..
- Жыву я, каб любіць яе.
Ды час Літвы яшчэ не выспеў -
І я Літву прыдумаў, высніў,
І ў гэтым сне, нібы на выспе,
Згубіўшы ўсё і ўсіх, стаю...
Віна, Яблонская! Ці вып'ю
Я кроў блакітную тваю!
9
Літва! Ад слёз у горле горка,
Як назву вымаўлю тваю:
Літва! Па ўсёй зямлі стаю
Я на святых тваіх пагорках.
Дзеля чаго ўва мне ты будзіш
Надзею голасам крыві?
Літва! Ты ўжо была? Ты будзеш?
Калі жывая, дык жыві!
І калі ты не ў праху вояў,
Не ў мройным часе залатым,
А ў духу тым, што прагне волі, -
Тады ты ёсць, калі ты ў тым!
10
Літва мне снілася... Па Нальшы
Скакалі вершнікі... Дзве чашы
Віселі ў небе -
Ні адна
На вагах не пераважала
Над краем, дзе адна вайна
З другой вайною межавала.
Трох вершнікаў на ўзгорках Нальшы
Не распазнаць:
Чужыя?..
Нашы?..
Я ў чашы зазірнуў:
Мячы,
Штандары ў чашах,
Прах ды косці...
Я ўзяў мячы - і па плячы
Ударыў нехта:
"Што за госці?" -
І павярнуў - да твару твар...
Тварэц Літвы, яе ўладар
Міндоўг паўстаў перада мною...
- А, гэта ты, - сказаў. - З Літвою
Даўно не бачыўся?.. Глядзі...
Вось гэты край з яго людзьмі,
Якім свой дух далі валоты,
І ёсць Літва. Далей балоты
І Жмудзь. Яе пад крыжакоў
Аддаў я, каб не ліць там кроў -
І кінуць костку лацінянам...
Так проста ўсё! - а ў часе цьмяным
Зрабілася праз вас, бо вы
Забыліся, што Бог Літвы
Агонь, а дух літоўскі - воля,
А праўда - воўк!..
- Я маю доўг
Перад табой? - спытаў я воя.
- Перад Літвой, - сказаў Міндоўг.
11
- Прачніся,
зноў праспіш дзяржаву...
Літоўскую былую славу
Найлепей каваю запіць...
- Яблонская, да д'ябла каву!
- Цішэй... цішэй... Варшава спіць...
Мой Бог, як я люблю Варшаву!
Жыву я, каб яе любіць.
А ты ўлюбёны ў міф... Найгорай
Жыць у былым... Там пуста... гола...
- Я не баюся пустаты.
- Таму і край свой кінуў ты,
І зараз тут і там чужы
Сабе і ўсім... Скажы, скажы,
Дзеля чаго зрабіў ты гэта?..
- Найперш, каб зратаваць паэта.
- Якога?
- Можа, не благога.
Я забывацца стаў, якога.
Ён у апошнія гады
Адчуў, што ўжо не малады,
Што ўсё спазнаў: каханне... славу...
Надзеў хамут, упрогся ў справу -
І паміраць пачаў...
- Тады
Прыдумаў сам сабе забаву?
- Лічы, што так... Яшчэ з ваўкамі
Не захацеў па-воўчы выць,
Хоць быў абкладзены сцяжкамі...
- І што цяпер? Літва за намі?..
- Маёй Літвою хочаш быць?
- Я рада быць тваёй...
- Ты рада?..
12
На ўзгоркі Нальшы коса падаў
Срабрысты дождж, і ў срэбры тым
Стаяў Міндоўг, а поруч з ім -
Ягайла, пяты сын Альгерда...
- Калі не ведаеш, дык ведай, -
Прамовіў ён, -
Я крыжакам
Пацвердзіў Жмудзь пасля Міндоўга,
Бо не яна Айчына нам -
І ў нас няма прад ёю доўга.
А доўг ва ўсіх у нас адзін:
Перад Літвою доўг вялікі
Яшчэ з пары, як Гедзімін
Заваяваў сталіцу вількаў.
Праз гэты доўг -
супроць Масквы -
Я з Польшчай ажаніцца мусіў,
Каб адстаяць Літвы правы,
Каб л ё с Вялікае Літвы
Не стаўся л е с а м Беларусі.
Ды ўсё дарма... Вы лес апелі.
Згубілі ўсё, што продкі мелі,
Ператварылі край ваўкоў
У край зайцоў...
Я маю права
Спытацца з глыбіні вякоў:
Вы хто - народ?
Вы што - дзяржава?
Адкуль, калі няма слядоў?
Пазнаўшы зайца па губе,
Вам Жмудзь пад нос паднесла дулю,
Як Беларусь вы на сябе,
На край літвінаў нацягнулі.