Вы разлучылі дух з крывёю
І, абрусеўшы пад Масквою,
Пад назвай, дадзенай Масквой,
Не сталі нават маскалямі,
А толькі назваю адной -
І тая назва стала вамі.
Вы - беларусы? Хто такія?
Ёсць Польшча,
Жмудзь,
Літва,
Расія -
Як вы ўшчыміліся сярод?
Адкуль з'явіліся? З балот?
З чаго зляпіліся? З туманаў?..
Такіх падмен,
Такіх падманаў
Не ведаў ні адзін народ.
І што цяпер? Хай так і будзе,
Абы не горш? Вы што за людзі:
Вам звацца хочацца людзьмі,
Ці імі быць,
Ці біцца ў грудзі -
Ці ўстаць за крэўны край грудзьмі?
13
- Згарае свечка ўжо.
- Задзьмі.
- Яблонская, гары ўсё гарам,
Каб не было па чым тужыць!..
Радзіма сталася таварам!
Як на такой Радзіме жыць?
- Не піць, калі Варшава спіць.
Ёй да Літвы якая справа?
- Літву і прадала Варшава!
- Хай так. Не мне яе судзіць.
Жыву я, каб яе любіць.
Сагрэй мяне. Акаляваю.
- Сканаю я праз польскіх краль...
- А што за прозвішча: Ня-кля-еў?
- Расейскае.
- Дык ты маскаль?
Ты не літвін?
- Я ўжо амаль
Спалячыўся з табой...
- Адказвай:
Ты хто - маскаль?!
- Я гэткай назвы
Не ведаю.
- Маскаль! Маскаль!
І я - з табой?
- На жаль...
- На жаль?!
Ты жалішся?!. Ды продкі ў трунах
Перавярнуліся!..
Са мной,
З Яблонскай быць табе?.. З Матрунай!
- На сене ў хлеве быў з адной.
- Ты хам!!!
- Я знаю тое, хто я!
А што ў цябе за патайное
Двайное дно?.. Які палёт!
Якая страсць! Скуль што ўзялося?
- З таго, што ў кроў маю ўжылося,
Што дзікуны - ад нас на ўсход!
- А вы для немцаў не народ!
А немцы - хамы для ангельцаў!..
Ну колькі праз пагарды шкельца
Глядзець адзін на аднаго?!
- І ты яшчэ вучыць! Каго?
Яблонскую?! Ды род мой...
- Знаю!
Праз род свой ты, як сучка, злая.
Шалееш з пыхі і дурнот.
- Ты што сказаў?.. Яблонскіх род...
- Што за размова ў нас дурная!
- Перапрашай за дурасць! Кленч!
Не дакранайся! Не пярэч!
Хто-небудзь,
дайце хаму рады!..
14
Пайшла зіма другая прэч
Па сцежцы восеньскага сада.
- Я рада быць з табой...
- Ты рада?..
- Даруй... Не знаю, што найшло.
Ты праўду мне сказаў пра шкло:
Мы - вас, а нас - яны... Пагарда
Спрадвек жыве... Яна ў крыві...
Ты болей сучкай не заві
Яблонскую!
- Даруй.
- Дарую.
- Дык, можа, вып'ем міравую?
- О, Божухна!... Маскаль... п'янтос...
Яблонскую за грудзі трос...
- Дый ты -
як чорт цябе панёс...
- Я маю права! З каралямі
Мой род на роўных...
- Зноў пра род?
- Мне што: вады набраць у рот?
Мой род пабіты маскалямі
Амаль на скон! Дык я адплаты
Магу жадаць?
- Калі ўсе страты,
Былыя крыўды ўсе лічыць,
Як жыць? Што будзе нас лучыць?
Пара на гэта ўсё забыцца...
- Ні з кім я не хачу лучыцца!
Там Азія! Там вечна зло
Жыло!
- А ў Польшчы што жыло?
Адно дабро? Хадзілі ляхі
На маскалёў?
- Якія страхі!
- Цяпер, канечне, страх які!
А з двух бакоў ва ўсе вякі
Тапталі Беларусь, палілі,
Не род -
Народ на скон пабілі,
Дык я ж маўчу!
- Ну і маўчы!
Скачы жанглёрам на мячы!
І што вы там, дальбог, за людзі?
Вайна з вас выбіла мужчын?
Яблонскіх род скакаць не будзе
Ні перад кім, ні перад чым!
За Богам у палякаў - гонар.
І не бывае долі горай
Як жыць без гонару! А вы?..
Вам ад Масквы б - за лес, за горы,
А вы лясамі - да Масквы.
- А лепш было б, каб да Варшавы?
- Ні да каго! З літоўскай славы
Чаму вы гонар не ўзялі?
Бог даў вам месца на зямлі -
Дык стойце там належным чынам!..
За гонарам ідзе Айчына.
- Даволі. Мы не ў польскай школе.
- Народы б'юцца ўсе за волю -
А вас у волю не ўпіхнуць...
У лес збягуць - і ў ім жывуць,
Жывуць, жывуць...
- Мы партызаны...
- Жартуй сабе... Занадта рана
Сабраўся ты ўсіх нас лучыць...
І як! Міцкевіча лічыць
За беларускага паэта!..
Якая бздура ў галаве!