Выбрать главу
- Яблонская! Сцячэ, сплыве Усё нязлучанае ў Лету, Як пыл пасля дажджу з дарог... - Касцёл з царквой не злучыць Бог! - Адкуль ты можаш ведаць гэта?
- Пайшлі ў касцёл! Прамовіш крэда?.. Калі злучацца, дык злучыся Малітваю... І возьмем шлюб! -
...І зноў пагардліва сыйшліся Маршчынкі па краёчках губ.
"Ах, ты..." - Пайшлі! - У Ясну Гуру Паедзем? - Хоць у Ватыкан, Калі ўжо бздура прэ на бздуру!..
15
Дарогу засцілаў туман. - Дай я паеду.
Ты нервова Тапіла ўсё глыбей педаль...
- Дык ты спалячыўся амаль? Праз тры гадзіны адмыслова Спалячышся... На ўсё жыццё...
Прымерзла мокрае лісцё Да шкла. - Дай скіну. - Здзьме ў дарозе.
Нібы на хуткай дапамозе Кагосьці везла ратаваць, Ты гнала.
- Кінь ты гэтак гнаць, А то й каталіком не стану...
Насустрач рваліся з туману, Сляпілі колкія агні... - Яблонская, ну не гані!
- Няўжо баішся, праваслаўны? Чапляешся за гэты свет?.. Сюжэт мы закруцілі слаўны: Раман!.. Акторка і паэт!.. Класічны ў нас з табой сюжэт - І ўжо фатальны, непапраўны.
- Дай руль! - Не дам.
Дакладна ролі Распісаны. Табе - твая.
- Яблонская, пад хвост шляя Табе папала?..
Прапаролі! Прабілі кола!.. Слізгата... - Газ скідвай!
Завішчэлі шыны!.. - Не тармазі!
Удар! Машына Сустрэчная - уніз з маста.
Звон у вушах і пустата.
16
І Вітаўт з пустаты і звону Сказаў: - Няма ў Хрысце Хрыста, Калі ягонага закону Няма ў табе. Прымі закон.
Сівы, як кургановы сон, Стаяў з Міндоўгам поруч ён, Абодва - даўніна сівая...
- Па белым снезе кроў сцякае, - Казаў далей ён, - Гэта - шлях. Яго пачаў я пад Дуброўнай. Самой сабе там стала роўнай Літва - і прырасла на Жмудзь. Шлях не даваў мне Жмудзь вярнуць Зноў крыжакам. Так перамога Паразай стала. Жартам Бога. Так Жмудзь Літвою прырасла. -
Туга ў вачах яго плыла...
- Ты плыў, як човен без вясла, - Працягваў Вітаўт, - і заблытаў Сябе і ўсіх... Цяпер забіты Паўстане на шляху тваім... Ты ведаеш, што будзеш з ім Рабіць?.. Не ўсе пра тое знаюць... Шлях можа стаць зусім пустым. Забітымі не прырастаюць.
Забітых дух - атрута ў целе.
Абедзьве чашы апусцелі, Як ты ў іх зазірнуў... Згарні Штандары, а мячы вярні.
- Каму вярнуць?.. Вы здані, міты... На вас кальчугі ўсе прабіты, Вы ў ранах з галавы да ног!..
- Вярні мне меч! - закончыў Вітаўт.
- Вярні мне меч! - пачаў Міндоўг. - До слоў! За зброю зноў бяруся. Скажу адно - што ў той раз мусіў Сказаць, але забыўся ў скрусе, Бо ўжо сівая галава... Няма ніякай Белай Русі, А ёсць Вялікая Літва!
І хітрая Літва малая, Былая Жмудзь, пра тое знае, Вялікая - не хоча знаць...
З чаго ты польку ў жонкі ўзяць Надумаў?.. Вітаўт праваслаўным Пражыў жыццё - і беспадстаўна Надзеі меў на польскі трон... Ты чуеш пустату і звон?..
"Цудоўны цяг імкне вышэй, - Шапталі мне два сны сівыя, - Літоўскі Зьніч гарыць ярчэй, Чым крыж на полацкай Сафіі, Чым на любым касцёле крыж..."
- Князі Вялікія! Спарыш - Адзін арэх, ці два? - спытаў я. - Каталіцызм і праваслаўе - Не той жа шлях?
"Наш шлях - паміж, - Шапталі сны, - не берагамі, А рэчышчам, ракой самой. Пакінь усё і кроч за намі..."
17
...І нахіляўся паміж снамі, І плыў са снамі нада мной Яблонскай твар... Бялей, чым белы...