25
- Бывай! Я пакідаю край,
Дзе стаў табой смяротна хворы!..
- Бывай! Чакай! Мы ўсе акторы!..
Бывай... Даруй! Не пакідай!..
І так да немачы, да зморы:
Як ноч: даруй...
Як дзень: бывай...
З двух галасоў - які прарочы?..
Ці той, які мне чуўся ўночы,
Ці той, што ўдзень?..
Ды ўсё на злом,
Як з ночы ў дзень, як дзень за днём
Касцёл... малітвы...
Дом сірочы
Нам гэты свет, дзе мы жывём.
26
Фальварка гулкія пакоі
Палохалі - такім пустым
Здаваўся дом, нібыта ў ім
Жывуць два цені,
зданяў двое...
Глухому чуецца глухое.
Сляпое бачыцца сляпым.
27
Я пакідаў... Вяртаўся зноў...
Зіма марнела ад дажджоў,
Плылі, цяклі сляпыя хмары...
Ты ўсё чакала помсты. Кары
Ты ўсё шукала - я знайшоў
Яе... Ты мне сказала:
- Караль...
28
Так паміраюць... Я ўжо блытаў
Сябе і Караля, нібыта
З ім чаргаваўся...
"Ты з забітым
Як будзеш жыць?.." - штоноч,
штодзень
З'яўляўся і пытаўся Вітаўт...
І я сачыў то здань, то цень -
То цікаваў сябе самога!..
"Вазьмі мой слых, - маліў я Бога, -
Мой зрок вазьмі - і ёй вярні!.."
29
- Як змрочна! Запалі агні...
- Гараць...
- Гараць?.. Чаму так цёмна?!.
Ён там! За імі!!.
- Не крычы...
- Як глуха!.. Музыку ўключы...
"Каханая, мы непрытомна
Жывём..."
30
"Каханы, мне ўжо сілы,
Каб жыць на яве, не стае..."
- Давай адыйдзем ад магілы,
Яблонская! На край яе
Каханне ставіць рызыкоўна -
Цікуюць мёртвыя жывых!..
- Жывы ён!!.
- Мёртвы!!!
Зрок і слых
Замгліліся ўва мне раптоўна.
31
Сляпы, глухі ў чужой краіне...
"Ты ж сам маліў..."
Яна пакіне
Мяне!..
"Кінь першы..."
Як?.. Не стыне
У жылах кроў - пульсуе, б'е!
Рука Яблонскай на ілбе
Дрыжыць, і на губах салёна -
Сляза!..
Няўжо яна па мне?..
За што мне - так кахаць шалёна?
Так слепа! Глуха!
32
Сон у сне! -
І сон за сном вяроўкай звітай...
- Яблонская, мы здані?.. Міты?..
Зноў скачуць па дарозе збітай
На снежна-белых конях Вітаўт,
Міндоўг, Ягайла... Не спыніць
Пагоні - і яна ляціць,
І дыбіць, гоніць, сцеліць коней,
І не суняць яе па сконе
Маім, тваім!.. Яна з грамамі,
з маланкамі
у чарадзе!..
Яна
блішчыць,
грыміць,
гудзе!..
"Яблонская! Літва за намі!"
33
- Ты дзе, Яблонская, ты дзе?..
Я бачыў! Чуў я лёт Пагоні!..
Я не сляпы! Я не глухі!..
"Я тут" - паклаліся далоні
На лоб гарачы і сухі.
"Агонь!.."
34
"Я тут, з табой..."
У доме
Палаў агонь, быў дом агнём
І домам, яваю і сном
Адначасова - і с у о м і
Пачуў я слова...
Снежны слуп
Паўстаў у самай сэрцавіне
Агню...
"Яна мяне пакіне?.." -
Спытаў я ціха, і да губ
Той слуп - манах у белым - палец
Прыклаў. "Табу... Табу... Табу...
Вам трэба Польшчу і Літву
Пакінуць, вас тут спаліць памяць...
Тут кроў і слёзы... Прах і тлен..."
- А ў доме што?..
"Імёны паляць.
За іх тры веданні ўзамен
Даюцца з таямніцы Т а о..."
Яблонская ўвайшла і стала
Каля сцяны агню. Яна
Была ўся ў белым.
- Ты спаліла
Імя? - спытаў я. Як сцяна,
Яна маўчала.
"Тайнай сіла
Павінна быць, каб сілай стаць, -
Пачуў з агню я. - Напісаць
І ўсё спаліць - вось сілы тайна..."
- Цябе прымусілі?.. - спытаў я. -
Таму
імя ў цябе
няма?!.
З агню сказалі: "Не, сама..."
Я напісаў -
Маё імя
Спаліў манах...
Спазнаў я Тао.