"А я тым часам скочыў бы ў шынок,
Сустрэўся б з Пекам, Хоканам і Вілі,
Пакуль яшчэ нікога не забілі..." -
Ужо ўчапіўся гімназіст за раму...
Стары маўчаў.
"Ды пашкадуй ты маму! -
Сястра ўскрычала. - Ды скажы ты, брат!.."
Капрал азваўся ціха: "Я салдат", -
Але чакаў таксама...
На сцяне
Наструніліся так, што затрымцела
У вокнах шкло... І стала нават мне
Не па сабе... Адна глядзела смела
Пчала Старому ў вочы - і ўзляцела,
Як толькі ёй адной
сказаў ён: "Не!"
Сцяну хіснула...
У адным акне
Шкло лопнула - і ф-ф-ы-ы-р пчала ў акно...
"Яна чакала гэтага даўно! -
Стары, губу куснуўшы, сціснуў рот. -
Яна - пчала.
Мы - людзі. Род. Народ.
Не нам, не фінам парушаць закон!.."
І ў вокнах сціх, ледзь пастаяўшы, звон.
Я кінуўся за дзверы!.. Ды куды?..
Сцямнела ўжо, пакуль я прыбіраўся,
Стол гатаваў...
Я ў цемру азіраўся -
І нешта падказала: "Да вады".
Але ж тут возера... і мора... і рака...
Дык да якой вады?..
Яе рука
Маю руку ўзяла - і пацягнула:
"Хутчэй! Хутчэй!" - да рэчкі павяла,
І толькі я абняў яе - куснула,
Каб я не забываўся, што пчала...
"Як зваць цябе?.."
"Я Кася. Тут я - Кайса".
"А дзе ты - Кася?"
"Гэта ўсё - па часе,
Пасля, пасля... Вунь бачыш: там кастры...
Шкада, што не ўдалося медсястры
З капралам... У, Стары!.. На Міттумары
Не грэх павесяліцца..."
Як пажары,
Кастры над рэчкай іскрамі ўскіпалі!..
"На чым павесяліцца?.."
"На Купаллі!"
Купалле сёння! Юханас!..
Яна
Інакш чамусьці свята называла...
"Дык гэта па-паганску. Я не знала -
Стары сказаў..."
"А хто ён, той Стары?.."
Трашчалі, іскры сыплючы, кастры,
І дым лунаў - паганскі, пахкі, мройны...
"Зануда ён, стары наш Вяйнямёйнен!..
Ён мне сам спяваў пра Сампа
І пра чары хітрай Лоўхі,
І старэла Сампа ў песнях,
І старэлі ў песнях чары,
І не мог сам Вяйнямёйнен
З чэрава на свет з'явіцца...
Вось слупы вятроў паўсталі,
Камяні ўзыйшлі і скалы,
І стварыліся краіны,
Толькі вешчы Вяйнямёйнен
З чэрава ніяк не выйдзе...
- Як жа быць і што рабіць мне? -
У сябе ён сам пытаўся, -
У прасторы гэтай цеснай,
У нязручным, цёмным месцы,
Дзе ні зор святла, ні сонца,
Нават месяц не блукае...
І казаў тады ён словы:
- Месяц, сонца залатое
І Мядзведзіца на небе!
Дайце выйсці мне з цямніцы,
Каб убачыць месяц светлы,
Каб на сонца любавацца,
На Мядзведзіцу дзівіцца!..
Ды не даў свабоды Месяц,
Не дало свабоды Сонца.
І тады сам Вяйнямёйнен
Зрушыў пальцам безыменным
Цёмнай крэпасці вароты,
Іх рассунуў, касцяныя,
Меншым пальцам левай ножкі, -
Праз парог перапаўзае,
Цераз сені на каленях...
Ён упаў у сіне мора,
Ухапіў рукамі хвалі,
На якіх пракалыхаўся
Шэсць гадоў і сем, і восем,
Покуль выбраўся на водмель,
На бязлесы выплыў бераг...
Тут падняўся ён з каленяў
І ступіў з вады на сушу,
Каб убачыць светлы месяц,
Каб на сонца любавацца,
На Мядзведзіцу дзівіцца
І лічыць у небе зоры..."
- Ён на гэты выплыў востраў? -
Ціха я спытаўся ў Кайсы,
І яна мне даспявала...
"Так з'явіўся Вяйнямёйнен
З дзевы вольнага паветра,
Вешчы прашчур-песнятворца...
...Ды згубіў ён дар пяснярскі,
Капялюш сабе надзеўшы..."
Мы ўжо каля кастра былі.
Прысеўшы
На валуне, я ўсё ж яе абняў...
- А ты, скажы, дзе быў? Дзе ты блукаў?
Адкуль і як у гэты свет з'явіўся?
Вароты зрушыў?.. Збіў замок?..
Іскрыўся
У ёй агонь: у целе, унутры.
Я захінуў кашуляй:
- Не згары... -
Але знутры агонь не захінаўся.
І я падумаў: "Што ні гавары -
А як ніяк... Нібы і не з'яўляўся..."