Выбрать главу
Я дзвюх жанчын убачыў пад гарой, Старую з маладой, і ў маладой Спытала Кайса: - Кюллікі, а колькі Вы згрэблі?
Адказала тая: - Толькі Двух пальцаў не падгрэблі... Драбязы... А так наш Леммінкяйнен цалкам цэлы, Мой Каўкам'елі-валацуга... Цела, Каб склеіць нажыва, у іншыя разы Намазвалі мы мёдам... Ты злятаеш?..
"Кайса, пчолка залатая, - Узмалілася старая, - Сын мой, Ахці Леммінкяйнен, Развясёлы валацуга, Лоўхі ў парабкі наняўся, Доннай Пох'ёлы ўладаркі, Каб здабыць лася Гардэчу, Жарабя ўскілзаць Нязлоўцу, Лебедзя злавіць Святыню, Заслужыць пасаг у Лоўхі І дачку яе ў нявесты".
"Вецер..." - Кюллікі ўздыхнула.
"Ды пастух у мокрай шапцы, Дзед сляпы з краіны Маны, Падсцярог яго дарогу, Перапоўз яе змяёю, Вадзяной прабіў гадзюкай, Найатрутнай, сэрца сына.
Потым сына сек сякерай, Насадзіўшы востры месяц На павалены маланкай Дуб стотысячнагадовы, Разляталіся, як трэскі, Па зямлі далёка косці, А скрываўленае мяса На сякеру наліпала.
Векавечны Ільмарынен, Што каваў для Лоўхі Сампа, Мне скаваў такія граблі, Адкаваў такія вілы, Каб па ўсёй зямлі зграбала,
Каб да месяца дастала.
Я зграбла ўсе чыста косці, Віламі знасіла мяса, Склала цела майго Ахці, Майго Каўкі, Каўкам'елі, Не хапае ў ім двух пальцаў І жыцця ў ім не хапае.
Кайса, пчолка залатая, Два разы ты ўжо лятала, Паляці яшчэ і ў трэці За нябесныя вышыні, За дзевятае за неба, За Мядзведзіцы лапатку Ды за спіну сямізор'я, За касу сузор'я Дзевы, Скуль да Боскага палацу Недалёкая дарога, Дзе ты возьмеш мёду ў Бога, Што Ён толькі сам смакуе, Толькі Ён ім валадарыць, Каб зрасціць уцэла часткі, Хай сабе і без двух пальцаў, Майго Ахці, Каўкам'елі, І ўдыхнуць у іх жывое..."
Я падумаў, што такое Мне не менш, чым Каўку, трэба, Каб раскіданыя часткі У сабе зрасціць уцэла, Хай бы нават без двух пальцаў, Ды не стаў прасіць у Кайсы, Бо ўжо ведаў, што спытае:
"Ці дачку ты сватаў Лоўхі, Доннай Поўначы ўладаркі, Ці здабыў лася Гардэчу, Жарабя ўскілзаў Нязлоўцу, Лебедзя злавіў Святыню, І пасля цябе на часткі Сек пастух у мокрай шапцы, Насадзіўшы востры месяц На павалены маланкай Дуб стотысячнагадовы, І ляцелі, нібы трэскі, Па зямлі далёка косці, І скрываўленае мяса На сякеру наліпала?.."
Пакуль пчала нястомная лятала Да Бога ў госці, я пабыў адзін На Месяцы... Адтуль было відаць Адразу ўсё, што бачыў я па частках, Калі быў на зямлі і ў частках жыў...
Я там не бачыў, што я там згубіў, А тут адкрылася: і лебедзя Святыню, і жарабя Нязлоўцу, і лася... І нават згуба гэтая - не ўся.
Ды тое - патаемнае... Няхай... Не, не Айчына... Не зямля, не край, Дзе я з усімі разам кукурэкаў - Такое б лепш згубіць...
"Сустрэўся з Пеккам!" - За Месяцам я ўчуў лятучы крык, Які ў ражок ударыўся і знік.
І жаргнуў ён па мне, нібыта пуга!.. Я ж некалі лятаў! Ныраў на дно!..
У Крэве вечар... з танцамі кіно, Мяне чакае Кася там даўно, А я, як Леммінкяйнен-валацуга, Пасечаны, на Месяцы ажно...
І там Купалле! Што мне Міттумары!..
А ў Менску сумна піва п'юць у бары Лявон з Ляксеем... Кажа Аляксей: "Давай шукаць Валодзьку, дзе ён дзеўся?.."
Глядзяць на месяц...
"Ён агню аб'еўся?.." - Лявон пытае. Кажа: "Не касей, - Яму Ляксей. - Не астранаўт. Не Амстранг".
Я рваў для Касі ў Стапуліхі астры, Крычала тая: "Ты свае пасей!.."