Выбрать главу
"Пайшоў па бабах", - кажа Аляксей.
Амаль што і ўгадаў... З нябёс дзевятых, З-пад самага сузор'я Дзеў крылатых Зляцела Кайса, лёгкая, як сон...
"Тады за Месяц!" - піва ўзняў Лявон.
"Цудадзейным мёдам Бога Маці сына націрае, Мажа косці па расчэпах, Мяса мажа па разрэзах, Мажа зверху, мажа знізу І ў сярэдзіне, дзе будзе Ажываць у ім жывое, Каб стаў гэткім, як ранейшы, За ранейшага стаў лепшым..."
"Як ранейшым лепшым стаць?.."
А Леммінкяйнен стаў ужо ўставаць, Пацягваўся спрасонку, валацуга...
"Я з Хоканам сустрэўся!" - крыкнуў з луга Лятучы гімназіст. За ім сястра Мігцела, як жарынка ад кастра: "Раздумала я дапрадаць кудзелю! Павесяліцца лепей у нядзелю На Міттумары!.. Кюллікі! Сто год Не бачыліся! Кінь ты граблі-вілы!.."
Размашысты ў Фінляндыі народ. Вясёлы. А ўсё кажуць, што панылы...
"Я здабыў лася Гардэчу, Жарабя ўскілзаў Нязлоўцу, Лебедзя злавіў Святыню",- Як ранейшы і як лепшы, Абудзіўся Леммінкяйнен,
Кюллікі сказала: "Кінь ты..."
"Ты падзякаваў бы Богу, Мне і Кюллікі, і Кайсе, І занёс дахаты граблі, Зацягнуў дахаты вілы, Каб іх зноў наступным разам Не каваў мне Ільмарынен", - Маці стомлена сказала,
Толькі лепшы Леммінкяйнен, Не падзякаваўшы Богу, Маці, Кюллікі і Кайсе, Згледзеўшы, што ясны Месяц Плыў усё далей ад цёмнай Пох'ёлы, дзе валадарыць І дачок гадуе Лоўхі, Ды такіх, што ў іх са скроняў Срэбрана святло ліецца, А з грудзей сцякае сонца, З плеч - Мядзведзіцы блісканне, Са спіны ўсіх зор зіхценне, Скочыў з Месяца адчайна Валацуга Леммінкяйнен, Як стаяў, сторч галавою, Пракрычаўшы: "Без двух пальцаў Як цягнуць мне граблі-вілы?.."
"Што ж..." - тут Кюллікі сказала, Узляцеўшы за сястрою І лятучым гімназістам.
Было ў нябёсах велічна і чыста. Мяне даўно ўжо ні адно з дзівос І не здзіўляе, апрача нябёс.
Але стары здзіўляецца пчале Таксама нездарма... На поўні тле Ляцелі мы, абняўшыся, да рэчкі, Дзе, з вышыні падобныя на свечкі, Кастры гарэлі - і каля кастроў Скакалі, голыя, з капралам ("Будзь здароў! - Яму я крыкнуў) пад вянкамі дзевы...
- Тады ляцім да мора... - ("Кайса! Дзе вы?" - Скрозь полымя галёкаў нам капрал).
- Там ложак у мяне. Марскі карал. Калі не заканапіў, не затахтаў Мой ложак Ахта. - Ахта?.. Хто такі? - Слуп вадзяны. Зялёны бог марскі. Сустрэча сёння ў іх з азёрным богам І богам рэк... Уся вада ў адну Зліваецца ў Купалле...
- Дай мне сну, - Праплёскаў Ахта. - Не будзі старога... - Цябе пабудзіш... З дзевамі зноў спіш? - Я так і думаў: сёння прыляціш.
Я спытаўся: "Хто з ім злева?" "Удутар, туману дзева". Я спытаўся: "Хто з ім справа?" "Мар'ята, таксама дзева, Што ад ягады зачала." "Як ад ягады зачала?" "Так ад ягады зачала, - Тут жа Кайса паказала: Скокнула з зямлі брусніца Ёй на чыстае калена, З чыстага яе калена На фальбону пад сукенку, Скочыла вышэй на пояс, С пояса на белы грудзі, А з грудзей на падбародак, З падбародку ўжо на губы... З губ у рот яна слізнула..."
Ахта мовіў: "Я раўную". "Велламу раўнуй!.." "Старую Раўнаваць вады царыцу, Што сама не паляніцца Збегаць сёння ў ягады?.."
Цягнула золлю ад марской вады І ў Кайсы трохі ацяжэлі крыльцы... - Давай паспім хвілінку, хай прысніцца Табе Айчына... Ты хлапчук малы...
Не мог заснуць я ў ложку для пчалы.
Раптам трое падыходзяць, З імі - лепшы Леммінкяйнен: "Будзеш спаць ты ўночы, Ахта, Не падымеш шторм у моры, Па якім нам плыць на Поўнач, Каб забраць у Лоўхі Сампа?"
"Буду спаць я, Леммінкяйнен, З дзевай левай, Ільмарынен, З дзевай правай, Вяйнямёйнен, І царыца шторм не ўздыме, Ноччу ў ягады адбегла".