Выбрать главу
Гэта вешчы Вяйнямёйнен! Векавечны Ільмарынен! З імі лепшы Леммінкяйнен, - І плывуць яны па Сампа, За які мяне даставіць Пчолка Кайса да Айчыны, Дзе пачне куваць зязюля - Золата ліецца з роту, І сцякае медзь па пёрках На далінкі ды пагоркі...
Я ўзмаліў: "Мяне вазьміце!.." Ды не ўзяў бы Вяйнямёйнен, І не ўзяў бы Ільмарынен, Калі б лепшы Леммінкяйнен Не прамовіў: "Як два пальцы... Разам мы былі на поўні, Разам паплывем на Поўнач".
Разам стаўшы каля мора, Мы да чоўна так сказалі: "Як пухір, плыві па хвалях, Кветкай па вадзе-быстрыцы. Тры пяры ты дай, арол нам, Тры - арол і два - варона".
- Тут нявыкрутка такая... - Як свайму, мне Леммінкяйнен, Калі човен мчаў у мора, Давяраўся. - Я не маю, Апроч вольнага занятку, Аніякага другога, Ды і вешчы Вяйнямёйнен, Так бы мовіць, толькі вешчы, Толькі кантэле і мае. Лоўхі выбрала скупая З трох зяцёў... каго б ты думаў?..
Я сказаў: "Цябе, вядома".
- Каваля!.. Бо Ільмарынен Адкаваў ёй млын чароўны, Каб муку адным ён бокам, А другім ён соль малоў бы, Трэцім - каб намолваў грошы...
Праз выпадак нехарошы Ды праз час, што хуткацечны, Ільмарынен векавечны Стаў, канечне, удаўцом, А той млын малоў і меле...
Ну дык мы на трох падзелім, Забярэм у Лоўхі Сампа!..
"З ім дамоўлюся, бадай што", - Усплыла ўва мне надзея".
Хутка лодка ў ноч нядзелі На Купалле ў мора мкнула, І расказваў Леммінкяйнен, Каб яшчэ хутчэй плылося, Як ён плыў і плыў аднойчы І прыплыў на Востраў Дзеваў, Дзе іх тысяча, нястомных, І яшчэ тры сотні ўдоваў, І як лепшы Леммінкяйнен З іх ніводнай не пакрыўдзіў, Апрача адной бабулі...
Тут і вешчы Вяйнямёйнен Над кармой устрапянуўся, Расказаў, як шчупачыху Неяк быў злавіў такую, Што з зубоў яе і пашчы Кантэле такое выйшла, Што зляталіся ўсе дзевы Тое кантэле паслухаць, І збягаліся ўсе ўдовы, І прыйшла адна бабуля...
Векавечны Ільмарынен Расказаў, як ён для Лоўхі Адкаваў той млын чароўны, Каб муку адным бы бокам, А другім ён соль малоў бы, Трэцім - каб намолваў грошы...
А цікавага нічога Не паведаў Ільмарынен.
Так даплыў да Сарыёлы Па спакойным моры човен, І на бераг выйшла Лоўхі, Снежнай Поўначы ўладарка, І сказаў ёй Вяйнямёйнен:
"Прыплылі забраць мы Сампа, Падзяліць на трох герояў".
"Паміж трох дзяліць вавёрку? Разам грызці курапатку? Я адна ўладарка млына, Пох'ёле належыць Сампа".
І пайшлі, каб Сампа сілай Адабраць у гор скалістых, Вяйнямёйнен, Ільмарынен, Самы лепшы Леммінкяйнен.
Верны вешчы Вяйнямёйнен Распачаў заклёны-спевы Каля скал меднакаменных, Перад крэпасцю гранітнай - Пахіснуліся вароты, І крукі ў іх затрашчалі...
Векавечны Ільмарынен Раскаваў замкі рукамі, Пазрываў з варот засовы - Расчыніліся вароты...
Стаў вясёлы Леммінкяйнен Вырываць са скалаў Сампа, Што карэнні запусціла У граніт на дзевяць сажняў - І не вырваў... Бык здаровы, У чатыры сажні морда, Кожны рог ягоны ў сажань, Побач пасвіўся на скалах, Жэр гранітнае каменне, І, бычыну ў плуг упрогшы, Выкарчаваў млын чароўны Самы лепшы Леммінкяйнен...
Паплылі назад пад песні... Тут усіх і папрасіў я, Леммінкяйнена найболей: "Вы мне дайце частку Сампа, Каб яе аддаў я Кайсе, Што дамчыць мяне дадому, На далёкую Айчыну, Каб я слухаў, як зязюля Там гады мае кувае".
Тут вясёлы Леммінкяйнен І пачаў: "А ты?.." Чакаў я, Што закруціць ён катрынку Зноў пра тое: пра Гардэчу, Пра Нязлоўцу, пра Святыню Ды яшчэ быка-бычыну З мордаю ў чатары сажні, - Не!.. Адно ўсяго спытаўся Самы лепшы Леммінкяйнен: "Ты на Востраў Дзеваў плаваў?.."