Выбрать главу
"А якую хочаш частку? - Запытаўся Вяйнямёйнен. - Млын, што соллю пасыпальны, Ці мукою павявальны, Ці грашымы пакружальны?.."
Мне б не ў шкоду пакружальны Млын займець было б, вядома, - Весялей бы слухаў дома, Як зязюля мне кувае, - І насыпаў бы ён солі, І мукі б ён мне навеяў - А які прасіць для Кайсы? Што б яна займець хацела?.."
І пчала на вуха села: "Мець хачу душу я ў целе - Тую частку мне, што меле, Проста меле, як спявае, Як душа млына жывая..."
Векавечны Ільмарынен Не спытаўся анічога, Быццам ведаў, што патоне У марскім бяздонні Сампа, Што раз'юшаныя хвалі Трэскі выкінуць на бераг, І што ўсё, што застанецца - Песня і душа жывая...
Калі словы, што на вуха Прашапталіся пчалою, Паўтарыў я - Вяйнямёйнен Так сказаў: "Прасі, што хочаш, Анічога не шкада нам, Ані хлеба, ані солі, Ані грошай незлічоных, Ды аддаць табе не можам Песню і душу жывую...
А калі аддаць не можам - І не можам не аддаць мы, Бо ты з намі плыў на Поўнач І спяваў са мной заклёны, І стаяў каля варотаў, І быка памог упрэгчы, Дык тады - у мора Сампа, У палац падводны Ахты!.."
Тут як крыкнуўАхта: "Ах ты!.."
Як ускочыў Ахта: "Што вы?!." - Ды як грозна ўзбушаваўся: - Хто млынамі на голавы Сярод ночы раскідаўся?!.
Я прачнуўся, дзе паклаўся...
"Ты лепшы, чым я думала, у снах", - Шаптала Кайса, як вада шумела, І цалавала... На яе губах Брусніца недаспелая кіслела.
Былі ўдваіх мы ў ложку для пчалы - Ні Удутар, ні Мар'яты, ні Ахты...
"А дзевы дзе?.." Пчала сказала: "Ах ты Мой Леммінкяйнен!.." З мора, з-за скалы Вясёлы голас тут жа даляцеў І каля вуха прасвістаў, як куля: "Мы прамінулі ўночы Востраў Дзеў! Там засталася для цябе бабуля..."
"Чаму ты анічога ў іх не ўзяў?" - Пчала куснула. "Я хацеў... ты ж чула..." "Але ж не ўзяў..." "А ты мне што шапнула?.. Я тое і прасіў, чым млын спяваў: Душу млына. Яго жывую сілу... На лішні грэх мяне ты спакусіла, І так грахоў тых..." "Я не спакуша…" "А хто прасіў душу?!" "Дык для цябе прасіла!" "Як - для мяне?.. Свая ўва мне душа".
"Ты гэтак думаеш?.." Я ўстаў. "Ну ты спытала!.." "А ты дачуўся, што пытаю я?.. Ну вось карал. У ім душа карала. Ва ўсім - ягоная. А ў чым твая - твая?
Глядзі: сусвет які ў адным карале... Якія звівы... Космасу вузлы... Ён луг... Ён неба... Вулей... Для пчалы Карал - найлепшы ложак... І не злы Карал, як ты! - пчала ўзляцела, краля Празрыста-голая. - Да возера ляцім! А то праспім усё тваё Купалле І Міттумары наша ўсё праспім!.."
Не надта мне ляцелася... Я цела Абмацваў: дзе душа?.. Яна была, Яна ўва мне, нібы пчала, звінела, Ва ўсе бакі ляцела, як пчала...
Адно здзіўляла толькі: не балела. Так не балела, быццам не жыла.
Ля возера - наўкол - жанкі стаялі, Вязалі з ніцяў сеці, і луналі Над імі спевы - тыя ж, што і ў нас, Калі жанкі спявалі ў даўні час...
"Ты, лянок, што ўночы вырас, Месяцам напасяваны, У вадзе ты мякка вымак, Абабраны, ачасаны, І пад сонцам хутка высах, Цвёрда біты, цвёрда драты, Растрапаны на валокны, У кудзелю перамяты, Скручаны на верацёнцы, Спрадзены ў тугія ніці, Сплецены ў тугія сеці - Сонца ў Алуэ лавіці..."
Было іх многа... Столькі - не злічыць... І столькі ж у жанок, сплятаўшых сеці, Мужчын было, каб кожную - любіць. І Кайса да мяне прыльнула - вецер...
Спляталі палюбоўнікам вянкі, У луг і лес апранутыя, дзеці... - Скажы мне, Кайса: для чаго ім сеці? - А Кайса: "Ах!.. Няўважлівы які!..
Ты нават не заўважыў, што такая, Як сеці, ноч купальская даўгая...