Выбрать главу
Скажы: так доўга ты кахаў?.. любіў?.."
І ўджаліла, каб я яе не сніў, Мой мёд сабраўшы, залатая муха!..
Я ўбачыў Ільмарынена: ён плыў У чоўне тым, што мне пакінуў Юха.
Ляцела Кайса лёгка над вадой, Спяваючы - верацяно пустое! Абы круціцца ёй!..
"Прысядзь са мной, - Сказаў мне Ільмарынен. - Залатое Ты меў што-небудзь у сваім жыцці?.." "Пчалу". "І ўсё?" "Бадай што..." "Адпусці!" "Чаму?" "Бо залатое ўсё - не тое...
Адкаваў я неба кроквы, Дах лятучаму паветру, Караблі каваў і зброю, Рыб каваў, звяроў і птушак, Анічога ў Калявале І няма, што не скаваў я, Ды таго скаваць не выйшла, Што хацеў скаваць найболей.
Браў я золата марское, Срэбра браў з рачных быстрыцаў, Кідаў іх у плаўкі горан, Каб скаваць сабе нявесту, Жонку любую для ўцехі - Выйшла з горана авечка Серабрыста-залатая.
Хай бы бэкала авечка, Ды я кінуў яе ў горан І каваў з яе нявесту, Жонку любую для ўцехі - Выйшаў з горана жарэбчык Серабрыста-залацісты.
Хай іржаў бы той жарэбчык, Ды яго я ў горан кінуў І каваў, каваў нявесту, Жонку любую для ўцехі - І нарэшце выйшла дзева З залатымі валасамі.
Адкаваў я рукі, грудзі,
Губы, вочы, як жывыя, І паклаў сваю нявесту, Жонку любую для ўцехі На высокія падушкі, На пуховую пярыну, На засланы шоўкам ложак - А яна не абдымае.
Насцяліў я цёплых коўдраў, Шалікаў, накідак, хустак, Дываноў ваўняных, мяккіх, Воўчых і мядзвежых футраў - Толькі холад пранізае Ды марозам цягне лютым.
І рашыў я: Вяйнямёйнен, Што дачку не ўзяў у Лоўхі, Хай маю нявесту возьме, Жонку любую для ўцехі.
Верны вешчы Вяйнямёйнен, Падарунак мой не ўзяўшы, Так спытаўся: "Ты ўсчадзіўся, Ці агню аб'еўся ў кузні?.. Кінь ты ў горан гэту дзеву І накуй карысных рэчаў".
Стаў тады каваць я Сонца, Кінуў дзеву ў горан плаўкі І каваў тры дні і ночы, Адкаваў, падняў на елку Над святой палянай Восма - Толькі сонца не свяціла.
Верны вешчы Вяйнямёйнен, Што зірнуць прыйшоў на сонца, Так спытаўся: "Ты ўсчадзіўся, Ці агню аб'еўся ў кузні?.. Золата не стане любай. Сонцам золата не стане".
Не стрываў я: - Ільмарынен!.. А нашто каваў ты жонку?.."
- Бо адна, што ўзяў у Лоўхі, Жонка першая, памерла, А другую жонку ў чайку, Не стрываў, перакаваў я, Каб лятала ў дальнім моры І на хвалі там крычала.
- А нашто каваў ты сонца?..
- Бо варонай чорнай Лоўхі, Каб за Сампа нам адпомсціць, Узляцела, сонца ўкрала, Цёмнай стала Калявала.
"Вось чаму яна такая Ноч купальская даўгая!" -
Зірнуў я ў ноч... І ўбачыў на вадзе І пад вадой святла блуканні... Плямы, Што ў возеры ўсплывалі дзе-нідзе... - Там камяні... карчы... прадонні... ямы... - Сказаў каваль, з тугой пацёршы скронь. - Знайдзі, дзе ён стаіўся... - Хто?.. - Той самы Шчупак... ці сіг, які зглынуў агонь.
"Як не стала ў небе сонца, Як яго не адкаваў я, Дык здзівіўся нават Ука, Цар нябесны, Бог вярхоўны, Што так светла ва ўсім свеце - І так цёмна ў Калявале.
Ён на межы неба выйшаў, Стаў у сіненькіх панчошках, Выбіў Ён агонь з пазногця, З пальца выпусціў зарніцу, І аддаў іскрынку тую Дзеве вольнага паветра, Каб яна злюляла Сонца З той іскрынкі Калявале.
Дзева села на аблоках, На крайку высокай хмары, Каб агонь на ёй люляці, Закалыхваці зарніцу У чырвоназлотай люльцы На сярэбраных падвязках, Каб хутчэй расло з дзіцяці Сонца цёмнай Калявале.
Ды ўсчалася навальніца, Перагнуўся дах нябесны, Выпала дзіця з калыскі, Тая кропля залатая, Праляцела, прышыпеўшы, Вокамгненная, праз хмары, І ў глухую ноч упала - Невядома, як далёка...