Выбрать главу
Верабейка, птушка Бога, скок ды скок, чырык-чырык.
СТРАХ
У краях, збітых войнамі Так, што страх не злячыць, Нават воля не вольная Вольна душы лучыць.
Там няма ў яе вернікаў, А халопы адны, - Прагнуць пугі і перніка, А не волі яны.
***
Рака крыві за волю - праз вякі... Калі і хто той волі меў даволі? Зацятыя рабы зацятай волі Не лепей, чым яе рабаўнікі.
Ніхто не змог, як воля, вольным стаць... Хоць абдымайся з воляю аберуч - Паэту вольнай птушкай не спяваць, Не паляваць тырану вольным зверам.
А вольны, можа, толькі плач сірочы, Няўцямны крык у прадсмяротны час, - І кожны з нас здабудзе волю двойчы, І двойчы згубіць волю кожны з нас.
Усім на волю Бог дае іспыт - І не займець збавення ад іспыту: Адзін раз воля - калі ты з нябыту, Другі раз воля - калі ты ў нябыт.
***
Перайначыць, парваць, папаліць - Божа мой, колькі попелу ў лёсе! І нічога ўжо не засталося, І няма - а баліць.
Дык няхай бы застаўся, не тух Сам агонь, што мы ў ночы расклалі, Сон пра той, што над рэчкаю, луг, Сон пра тыя - за рэчкаю - далі...
Сон пра сны... Пра той бераг лясны, Дзе нічога майго не ўцалела, Дзе ў мяне і былі толькі сны...
Што ж тады там згарэла?
ДАЎГІ
Жыццю, што займета ў пазыку, Нібыта сплаціў я даўгі, І рэчкай з паводкі вялікай Шукаю свае берагі.
Даволі. У роднай краіне, Калі я камусьці і вінны, Дык тым, хто ўскапае і скіне Зямлю на маю дамавіну.
***
У сваім народзе ты жывеш, У чужым народзе пражываеш, Як ідзеш сабе самому ўсцеж І хады сваёй не адчуваеш...
***
...я прамоўлю апошняе слова - Бог суддзя... а душа да суда не гатова...
так у мора, што зеўрыць сурова, выплыць страшыцца напалову непрасмоленая ладдзя.
***
Што вернешся - сам ты не верыў. Ды ўспомніў: цябе там чакаюць, Як з выраю... З пылам і ветрам За спінаю -- далеч.
Ты - ветрам у браму. Прыбег ты. На крык твой - з трахеі, з аорты - Няхай бы гукнуўся хоць нехта, Хоць той, хто не мёртвы.
Ды ўголас заходзяцца жалем Цвікамі прыбітыя дзверы. І попелам цягне зляжалым, І мышы пагрызлі шпалеры.
Ты хрысцішся, молішся Богу, Ды позна - наўрад ці, наўрад ці... Трыпутнік прыбег да парогу - Па пыле, па ветры, па страце.
Два цені з акна цікавалі, Забраныя ў белую раму.
Ты рукі параніў цвікамі. Загойваў трыпутнікам раны.
***
Быў я - як і ўсе былі. Жыў - за што плачу. Гнеў нябёс і спеў зямлі Зведаў. Бачыў. Чуў.
І нібыта меў свой лёс - І не меў яго... Спеў зямлі і гнеў нябёс Быў ні для чаго.
***
Яшчэ нічога не было, І ўсё ўжо сталася - Дрыготка, Як па вадзе азяблай лодка, Завеславала, паплыло...
Такое ў лодцы той са мной, Што невыносна, немагчыма!.. Адна Айчына за плячыма - І анікога за спіной.
***
Ноч - і д'ябал грае на трубе, Пацяшае ведзьмаў-бессаромніц...
Анікому - і найперш табе Я ўжо не расказваю бяссонніц.
Не маню, што на тваім плячы Сніў-лічыў радзімкі залатыя...
Ах, як граюць!.. Скачуць уначы!.. Д'ябал гэты... Ведзьмы маладыя...
***