Выбрать главу
Утаропяцца ў сцены. Запаляць. Вочы ў вочы няўтульна зірнуць. Ні за што не зачэпіцца памяць - І яны наліваюць і п'юць.
Трое - з Менску, з Бярэсця, з Гародні - Ледзьве знаюць адзін аднаго, Дык з чаго яны п'юць так гаротна? Проста так. Проста п'юць. Ні з чаго.
Бо пакуль на абшарах Айчыны, Што ўсё толькі збіраецца быць, Аніводнай не знойдзеш прычыны, Каб не піць.
***
На ўскрайку самым, на краёчку Таго ўсяго, чым даражу, Я даначую гэту ночку, Тваю падушку даляжу.
Мы родныя крывёй і духам, Мы - духу і крыві зліццё...
А страсць падушку рве з-пад вуха, Пераварочвае жыццё.
МАСТЫ
Левыя і Правыя Масты. Сонны Нёман вусцішна пусты. І трымціць апошнімі лістамі Стомленая восень над Мастамі.
Я прайду на Правыя Масты. Нешта з Левых пракрычыш мне ты. Птушку таямнічую, начную, Я не распазнаю, не пачую.
Цераз Нёман, поўны цемнаты, Рынуся на Левыя Масты. І няўцямна, як вада на дне, Нешта з Правых пракрычыш ты мне.
Я спытаю: "Ты не там жывеш, Скуль падманны голас падаеш?.." І тады гукнешся з двух бакоў, З двух-абодвух цёмных берагоў.
***
Як душу атуляе пранізлівы жах небыцця: Хто такі?! Хто такая?!.
А ўжо згатавана куцця.
***
Вазьму ў далонь лязо калянае І кроплю выцісну з ляза... Агню - агнём наканаванае, Вадзе - сляза.
У цемру болем перакулены, Па-азіяцку торгну скуламі, Зглыну слязу… А па лязе З вады ў агонь Змяя паўзе.
ЗМЯІНЫ БОГ
Усё, што ёсць - ёсць назва. Ёсць палова Таго, што ёсць… У цэлае не сшыць Змяю - і рух - і рукі змеялова - І шып, які шыпіць...
НЕПАГАДЗЬ
Усхліпне дождж, заплача ў фортку вецер. "Не плач, не плач", - пачуеш галасы. А непагадзь на тым і гэтым свеце Па два бакі нейтральнай паласы.
Не плач па тым... Хоць там жыццё пражыта. Ды жыць - адно, другое - дажываць. Таму маліся, каб даспела жыта, Каб каласок да каласка дажаць...
Увесь ты тут! Ды што за злая сіла Тугой пад дых Таўчэ, таўчэ, таўчэ, І молішся, каб дзе зямля ўрадзіла?..
Там, на Радзіме. Дома. Дзе ж яшчэ?
САМАЛЁТ
Першы раз за ўсё жыццё Новы год у адзіноце - І такое пачуццё, Як адзін у самалёце.
Што ж, і так яно бывае... І нябёсаў пасярод З пляшкі корак выбіваю: - З Новым годам, самалёт!
***
Устаць. Прыбрацца. Выпіць каву. Пісаць і кінуць. Праз Варшаву Ісці, не знаючы, куды.
Купіць цыгаркі, піва. Злоты Падаць жабрачцы. З павароту Вярнуцца на свае сляды.
Так пражываеш адзіноту.
***
Чэрствым хлебам чужыны, які здабываю штодня, Прылятае штораніцы птушка нябесная снедаць. - Ты скажы, што ты ведаеш, лёгкая дружка мая, З тых тайніц занябесных, з якіх мне не дадзена ведаць?
Ну чаму табе выпала - проста лятаць і спяваць, Мне - свой хлеб здабываць і блукаць у дарозе да Бога?.. -
Гэта глупства, вядома, у птушак такое пытаць, Ды пра тое ж пытацца ў людзей - разумней не намнога.
На чужыне і дома - усе мы ў адной чарадзе, Што не ведае межаў, ляціць і радзее паволі Млечным Шляхам, дарогай, якая няўмольна вядзе Ад няволі зямной да нязнанай нябеснае волі.
***
З далёкага даля, з прасторы, дзе ўжо болей Нічога і няма, апроч далечыні, Аднойчы ціха я гукну цябе на волю - Ты голасу майму акенца адчыні.