Аляксандр КАПУСЦІН
ТАЛІСМАН ГЕНЕРАЛА
I
He старога веку, статны, вышэй сярэдняга росту вайсковец з кароткімі стрыжанымі вусамі энергічна казырнуў:
— Камкор Пятроўскі.
Сакратар абкома ступіў яму насустрач, падаў руку.
— Жыжанкоў. Сядайце, калі ласка.
Яны селі да стала.
— Я ведаю, які цудоўны ваш краязнаўчы музей,— адразу загаварыў Пятроўскі.— Варта яго, Флавіян Васільевіч, неадкладна эвакуіраваць.
— Чаму неадкладна? — насцярожыўся сакратар абкома.
— Можа здарыцца, немцы дазнаюцца, што ў другім крыле былога палаца графа Паскевіча знаходзіцца штаб фронту. Тады авіяцыя іхняя рынецца сюды. Іменна рынецца. Чаго добрага, загінуць рэдкія калекцыі матэрыяльнай культуры старажытных славян, вялікія гістарычныя каштоўнасці.
Жыжанкоў з удзячнасцю паглядзеў на камкора, колькі секунд нібы вывучаў яго.
— Прабачце.— Зняў трубку тэлефоннага апарата. — Серафім Міхайлавіч? Ваенныя лічаць, што трэба тэрмінова эвакуіраваць музей. Займіцеся гэтым асабіста. Праз два дні паведаміце мне, што зроблена.— Павольна, нібы з цяжкасцю — якую журботную справу даводзіцца рабіць! — паклаў трубку, растлумачыў: — Са старшынёй гарсавета Лебедзевым размаўляў.
Яны задуменна памаўчалі,
— Дык, кажаце, можа такое здарыцца?
Пятроўскі зразумеў пытанне Жыжанкова. Цяпер сакратар абкома меў на ўвазе невымерна больш сур’ёзнае, чым тое, што вымагала неадкладнай эвакуацыі музея: затрымае Чырвоная Армія немцаў на Дняпры ці не? Позірк камкора быў прамы і адкрыты.
— Вайна ёсць вайна. Цяпер, як гэта ні парадаксальна, праціўніку спадарожнічаюць значныя поспехі. Адно магу сказаць: армія верыць, што яны часовыя.
— Дзякую, Леанід Рыгоравіч.
Зазваніў тэлефон. Пятроўскі ўстаў.
— У мяне ўсё. Да пабачэння, Флавіян Васільевіч.
— Поспехаў вам, таварыш камкор! Камуністы Гомельшчыны, усе сумленныя людзі будуць актыўна дапамагаць войскам дзе трэба.
На ганку абкома Пятроўскі на хвіліну затрымаўся. Свяціла сонца, было светла і ціха. Лёгкі ветрык памалу варушыў яркі чырвоны сцяг над будынкам аблвыканкома. Вастразорыя карыя вочы камкора пільна пазіралі на сцяг.
— Паглядзі і запомні, лейтэнант.— Голас прагучаў ціха, але напружана. Пятроўскі звяртаўся да свайго ад’ютан-та, лейтэнанта Колесава.— Над Домам урада ў сталіцы рэспублікі яго ўжо няма. Там цяпер іншы лунае — з фашысцкай свастыкай. Ты можаш гэта ўявіць, а, лейтэнант?..
Колесаў бачыў: камкор не мог стрымаць свае балючыя жорсткія думкі.
Селі ў машыну. Па дарозе Пятроўскі маўчаў. Колесаву падалося, што ён задрамаў. Лейтэнанта самога хіліла да сну — уначы толькі тры гадзіны давялося паспаць…
Доўжыліся нудныя хвіліны
— Сцяг наш чырвоны — неўміручы сімвал праўды і дабра,— пачуў Колесаў скрозь дрымоту і ўскінуў галаву.
Камкор пазіраў у далеч брукаванкі, што рабацініста-шэрай стужкай слалася пад колы «эмкі».
— Бацька мой сказаў пра гэта ў дванаццатым годзе. На ўсю Расію ў царскай Дзяржаўнай думе ад імя фракцыі бальшавікоў.
Колесаў зразумеў: камкору захацелася неяк выказацца пра тое, што было блізка яго сэрцу з дзяцінства, дорага з маладых гадоў. Ён ведаў: нарадзіўся Пятроўскі ў сям’і рабочага слесара, рэвалюцыянера-бальшавіка, сам пад уплывам бацькі рана ўключыўся ў рэвалюцыйную дзейнасць. Разносіў па заводах і фабрыках бальшавіцкія пракламацыі, у семнадцатым годзе ўдзельнічаў у арганізацыі баявых рабочых атрадаў, а таксама ў фарміраванні атрадаў Чырвонай гвардыі. У лістападаўскія дні ён, пятнаццацігадовы юнак, у шэрагах чырвонагвардзейцаў вёў сваё аддзяленне на штурм Зімняга палаца, ахоўваў Леніна ў Смольным.
Ведаў лейтэнант і тое, як камкор глыбока любіў і шанаваў бацьку. Быў выпадак, незадоўга да вайны ў таварыскай гутарцы ў штабе корпуса начальнік палітаддзела палкоўнік Воранаў спытаў у яго:
— Калі вы, Леанід Рыгоравіч, па-сапраўднаму адчулі сябе рэвалюцыянерам?
Пятроўскі правёў рукой па цёмных густых валасах, што крыху навісалі над лобам з левага боку.
— Неяк раз я сам упершыню падумаў пра гэта. I мне адразу чамусьці прыгадалася наструненая цішыня зімовага вечара ў нашай халоднай кватэры. Маці, выпрамленая, урачыстая, стаяла каля акна і чытала нам, брату Пятру і мне, са спісанага бацькавай рукою вялікага аркуша. Словы клаліся ў цішыню так важка, што, здавалася, яе самую, цішыню, я адчуваў вельмі рэальна… «Але тое, што я хацеў заўважыць, Панове члены Дзяржаўнай думы, вам, канешне, вядома, што на ўсіх сцягах усіх урадаў магутнасць іх увасабляецца якім-небудзь дужым зверам: у адных ёсць леў, у другіх слон, у трэціх які-небудзь кракадзіл і гэтак далей; толькі ў нас, рабочага пралетарыяту, няма тых знакаў, якія страшаць, пад ахову якіх клічуць астатнія ўрады да сябе жыць».— Камкор змоўк, некалькі секунд пазіраў на густыя прысады за акном, потым абвёў вачамі прысутных.