Выбрать главу

ТАЛІСМАН

Талісман, ты мяне беражы, Беражы, талісман, беражы, I на самым крутым віражы Затрымай на апошняй мяжы. Я так веру ў цябе, талісман! Я цалую цябе, талісман!..
Талісман, ты мяне беражы I мацней да жыцця прывяжы. На зямлі, дзе радзіўся і рос, Дзе паверыў аднойчы ў свой лёс, Не аддай у бязвер'е і зман, — Ты адзіны мой бог, талісман!..
Талісман, ты мяне беражы, Беражы і яшчэ паслужы: На развілку дарог у глушы, Дзе бялее рушнік на крыжы, — Пераймі ад кашчавай ганца — Каб я песню дапеў да канца
25.XІ.93.

СЯБРЫ МАЕ!

Сябры мае! Браты і пабрацімы! Я ўспамінаю вас усіх дабром. Калі ж прыедзеце ў мой край гасцінны? Калі мяне запросіце ў свой дом?
Чаго чакаем? Покуль нас зусім Не перасвараць злыдні-звадыяшы? Чаму ж як непрытомныя маўчым? Дзе нашы розумы і сэрцы нашы?
Ці ж для таго, Каб жыць раздрай-разборам, Віталі мы свабоду ў добры час?.. Не ведаю, як вам, А мне — дык сорам, Што я не бачу і не чую вас.
27.XІ.93

БРАТКАМ ПАЭТАМ

Вы ўсё — аб дэмакратыі? А дзе яна? Ну дзе яна? Што песня не за кратамі — Ад свету не аддзелена?
Не ходзіць падканвойнаю? I не вісіць на почапцы? Што можа птушкай вольнаю Ляцець, куды захочацца?
Чаму ж, стуліўшы крылачкі, Знямоглая, аціхлая, Пад шэлест нейчай выручкі Яна ледзь чутна ціўкае?
I ўжо жыццю не радая, Глядзіць на свет калекаю... А вы — пра дэмакратыю!.. А вы — пра волю нейкую!..
27.XІ.93

ТЫ КПІШ З МАІХ ПАКУТ?

Ты кпіш з маіх пакут? З маёй бяды вялікай — Маёй і многіх? Што ж! Пасмейся! Пахіхікай! Цябе не мог працяць Разрыўны боль пякучы. Ты маску зняў — і ўсё: I ўсе твае пакуты!..
5.XІІ.93

ВЯРГІНІ

Кветкі маміны — вяргіні: Аж бел-чырвана ў двары! Ці не гэтым дарагімі Сталі мне вы з той пары?
Пэўна, горкі, пэўна, кепскі Быў бы лёс мой, каб не вы. Кветкі мамінай нявесткі. Сімвал святасці жывы.
12.ХІІ.93

ЛЮСЯ ШУЛЬМАН

Люся Шульман, мой сябрук-равеснік Ты быў першы ў нашай Слабадзе, Хто... Я помню, як узбоч ад весніц Ты ляжаў на жухлай лебядзе;
Як цямрэлі ў роспачы слабодцы: "Ну за што? I што тут трэба ім?..'' Ты быў першы... Па квітках забойцы Я тым летам мусіў быць другім.
Ці анёл мой кулю перастрэціў? Ці сцярог мяне мой зорны знак?.. Брат мой Люся, ў дзевяноста трэцім Ты прысніўся мне не проста так.
12.XII.93

У ТЫМ СВЯТЛЕ

Вярнуўшыся з прагаліны лясной, Дзе сонечна было, нібы вясной, I сосны жоўтыя тым сонцам мыліся, I гурбы снежныя наўсцяж іскрыліся, I хмаркі белыя, ну не інакш, Як з пашаноўнай думаю аб ім, Усё ў абмін плылі, усё ў абмін, Не засланілі сонца і на міг, — Я гэта бачыў па вачах дзяўчат, Вясёлых лыжніц, позіркі якіх Такім святлом яснелі, што й цяпер, Вярнуўшыся ў свой пасмурны пакой, Я жмуруся — як быццам мне няўсцерп Ад зыркасці, і цяжкаю рукой Міжброўе заціскаю. I маўчу. Хто я ў святле тым? — зразумець хачу.
12.XІІ.1993

РАГНЕДЗЕ

У слаўным горадзе Францыска, Дзе я святкую свята Слова, — Твае вытокі і калыска, Твой лёс, пачаты звыш сурова.
Вось тут ты, гордая ад роду, На плынь Дзвіны штодня глядзела, I аб адным снавала крозу, I аднаго ў жыцці хацела: