Выбрать главу
Каб родны край быў вечна вольны, Не знаў палону, ганьбы рабства; Каб твой народ, пракляўшы войны, У мужных сэрцах песціў брацтва.
I час настаў: з імглы далёкай Нам зорыць дзей тваіх пачатак!.. Таму так молада, так лёгка I я хаджу тут, твой нашчадак.
У слаўным горадзе Францыска Шапчу: "Жыве і не загіне!.." I ўдзячна кланяюся нізка Табе, прасветлая княгіня.
13.XІІ.1993

ПАВУКІ

Я да сляпой не клічу помсты, Ды калі ўсё ж наступіць час — I выбух грымне векапомны, — Я шкадаваць не буду вас — Вас, павукі, у кім апошні Праменьчык людскасці пагас.
14.XІІ.93

З ЭПАСУ МАЛЕНСТВА

(Штрых да біяграфіі)

Зноў стужку памяці кручу — Гляджу сваё маленства. Як страшна хлеба я хачу! Калі яго наемся?
Ці на двары стаіць паўдзён, Ці раніца, ці вечар — Чаму я так яму жадзён? Чаму галодны вечна?
Вось адвячоркам на грудку, Дзе жніўны дух гарачы, Сястра мне сунула ў руку Малюсенькі акрайчык.
Хоць пахнуў паранкай праснак I быў зямліста-шэры — Я і дагэтуль помню смак Сіроцкай той вячэры...
Вось у дзічы, пад купай лоз, Ляжу цішком, як мёртвы. А цётка — о, шчаслівы лёс! — Дае мне хрушчык з морквы.
I я па трошачку зусім Адкусваю з-пад пальца — Каб як мага даўжэй мне з ім, Даўжэй з ім не расетацца...
Куды ні гкнуся ў памяць тых Далёкіх дзён мінулых — Усё адзін і той жа штрых, Адзін і той малюнак.
З ім да сівых дажыў гадоў. А ў старасці пачэснай — Здаецца... скора буду зноў Жадзён скарынцы чэрствай.
23.ХІІ.93

КІРМАШ

Пракляўшы рынак безгаловы, Я ўспамінаю з болем наш — Былы, мясцовы, местачковы, Багаславёны фэст-кірмаш.
О, колькі ён збіраў народу! I пачуваўся кожны там — Нібы прыйшоў па ўзнагароду Ці ўзнагародзіць хоча сам.
Усё там сведчыла пра свята, Усё высокі брала строй. Там кожны меў Хрыста за брата, А Багародзіцу — сястрой.
Там кожны быў другому рады, Як свату сват, як кум куме. А прыніжэння ці няпраўды Там не магло быць і на ўме.
Сам Бог там чаркаю налітай Вітаў усіх і меціў знак. "Ну не прадам — бяды вялікай! Ну не куплю — пабуду так!.."
Усякі торг любоў вянчала. Жыццё свяцілася ўваччу. А што за мова там гучала! Якую там я мову чуў!..
Не, гэта быў зусім не гандаль, Не продаж-купля душ праз торг. Была свабоды прапаганда. Быў выхад сэрца на прастор.
25.ХІІ.93

РЭПЛІКА

За ўсе свае памылкі і грахі Перад людзьмі і Богам, За тое, што, нібы сляпы-глухі, З анёлам блытаў погань, —
Кускамі сэрца кожны дзень плачу. Чаго ж, панок, кіслішся? Падазраеш, што збегчы я хачу? Не ўсё сплачу — баішся?
Дарэмна! Мог бы ўжо і ведаць-знаць, Што я не з дэзерціраў I ад жыцця не кінуся ўцякаць: Сплачу да кроплі шчыра.
25.ХІІ.93

ЯКІ ЎЖО ГОД...

Які ўжо год цынічны зброд Спраўляе шабаш на экранах, У храмах тлуміць, як у крамах, Каб звесці корань наш на звод.
Які ні высвечу канал, Любой парою, дзень-адодні — Крыўлякі, выхапні, падонкі Крычаць: "Канай, мужык, канай!"
Каб без душы, без крыл, без сіл Я задыхнуўся ў гэтай багне I не пачуў, як гром бабахне — Той, што на ўвесь на небасхіл.