30.ХІІ.93
У НАС, У БЕЛАРУСІ...
н. г.
Ёсць усё ў нас —
I нават на здраду прычыны.
Ёсць за ўсё апраўданне —
За ганьбу, за здзек...
А яшчэ —
Ёсць, на шчасце,
Такія жанчыны,
Без якіх Беларусь
Не ўваскрэсла б вавек.
2.I.94
ДЗЕЦІ
"Сыпце радасць ім поўнаю жменяй!" —
Гэты кліч я ўспрымаю праз боль,
Бо дзіцячага смеху ўсё меней,
А дзіцячага суму ўсё больш.
Суму тых, што падобны на Бога,
Калі ўсмешкай адорваюць свет...
Для каго ты патрэбна, свабода,
Калі мы не ўратуем іх смех?
2.І.94
ПАКУЛЬ НЕ ПОЗНА
Так карупцыйна-мафіёзна
У нас ідзе грабеж-разбой —
Што мушу ў рэйку біць трывожна:
Ратуйце, людзі, выбар свой!
Ці вы яшчэ не зразумелі,
Хто час наважыў асядлаць?
Якія выпаўзні усселі
На горб мазольны — кроў смактаць?
Ці не відно ў цісках пагарды,
Куды, змяніўшы колер фраз,
Змяніўшы цэшкі і кукарды,
Вядуць пярэваратні нас?
Ці, звыкшы несці крыж пакутны,
Мы так і будзем жыць-цярпець,
Пакуль наш дух, калісь магутны,
Не перастане нават тлець?
Дык не маўчыце ж!
Станьце грозна
Жывой сцяной, у поўны рост, —
I рушце ўсе, пакуль не позна,
За вольны край, за новы лёс!
14.І.94
ІНФАРМАЦЫЯ ДЛЯ РОЗДУМУ
Суд над ім учынілі,
I ў тым паядынку няроўным
Ён ад іх бараніўся як мог
Словам праведным родным.
Мовай маці-зямлі
Ён прабіцца хацеў у іх сэрцы,
Ды яго зразумець не маглі,
Бо былі... іншаземцы:
Ні адзін, хто яго
Вінаваціў у цяжкай крамоле,
Ані слова ў судзе
Мовай гэтай зямлі не прамовіў!
26.I.94
З НАГОДЫ
Ну, вось і зноў засведчылі
Сваё нераўнадушша
Мае сябры-даследчыкі:
Узрушыў я іх дужа.
Спярша адзін прымерыўся
I ў гонг ударыў раптам: "Гэй, гэй!
Паэт зняверыўся
I здрадзіў дэмакратам!"
Пасля другі — прыслухаўся
I першага паглыбіў:
"Крывой дарогай рухаўся
— Таму і ў песні схібіў!.."
Бадай вас качкі, хлопчыкі!
Усё жыццё на крэслах
Мазоліце вы копчыкі,
Капаючыся ў тэкстах.
I ўсё мой грэх знаходзіце
— Як вось і гэтым разам...
Сябры! Не мне вы шкодзіце.
Шчыруйце, добрым часам!
Прыгнуты горкай ношаю,
Я вам усё дарую —
I ўсю лухту найноўшую,
I ўсю лухту старую.
I дзякуй вам, што ў пространі
Скупой на смех эпохі
Мяне сягоння проста вы
Павесялілі трохі.
13.ІІ.94
НІЧОГА ДЗІЎНАГА
Сыны і дочкі матухны-зямлі!
Вы бачыце, як сатанеюць тыя,
Што ў нашых душах так і не змаглі
Усмерціць мовы зернеткі жывыя?
I ад таго, што сёння на сяўбе
Мы марым пра жніво, пра песень копы, —
Ажно равуць, выходзячы з сябе,
Гвалтаўнікі яе і далакопы.
Ім мала ёй адмовіць у правах,
Ёй — чыстай, зіхаткой, як сонца ў росах.
Ім трэба ўнізіць, збэсціць, апляваць,
Паздзекавацца ў самы розны спосаб.
Што ж! Дзіўнага нічога тут няма:
Яны прывыклі мець на гэта права.
Ім гэта можна! Хіба ж задарма
Шануе, цэніць, любіць іх "дзяржава"?
Ім можна ўсё! — Упэўнены яны.
I нават мову камяніць астрожна.
А нам што можна, дочкі і сыны?
Ці думаеце вы: а нам што можна?
Ці ў нас усіх правоў, што шапку зняць
I подлы страх адкашляць перад п'яўкай:
"Панок, дазвольце мне паначаваць
У роднай хатачцы маёй, пад лаўкай".