Выбрать главу
19.ІІ.94

АДКАЗ 3 ПЯРСТОМ БОЖЫМ

На чым ад роду ў род Праз доўгі-доўгі час Трымаўся наш народ? Вы — маеце адказ?
Не, не на трох кітах. Не на слупах сямі. Народ наш у вяках Трымаўся на сям'і.
На святасці яе Няпісаных зарук. На тым, што не дае Парушыць вечны круг.
Што не дае сынам Па-над сумленнем стаць — Старых бацькоў, як хлам, У дом убогіх здаць.
Што ад дзіцячых сэрц Адводзіць блуд і гвалт, Пагрозу страціць сэнс I абярнуцца ў малп.
Сям'і распад, сям'і — Прычына нашых бед. А ён настаў, калі Перакуліўся свет
Калі на дол, да ног, Лягло святло нябёс — I наш над намі Бог Пакрыўдзіўся да слёз.
"Душу, — узняў Ён перст, Зваліўшы на зямлю, Вы зрынулі найперш I ўгробілі сям'ю.
Вось і кажу вам я: За годам сыдзе год — I гэтак, як сям'я, Разваліцца народ.
Спадуць у пыл і прах, Пад нейчы феерверк, I ваш дзяржаўны сцяг, I ваш дзяржаўны герб".
20.11.94

СУСТРЭЧА 3 МЕЛЕЖАМ

Прысніўся ты гэткі — як помню З апошняга лета твайго: Ідзеш, учарнелы ад болю, З мальбою да свету ўсяго.
Такі ў цябе змучаны выгляд Што болю і я не стрымаў. Ён — крыкам скрозь сэрца, навылет: Завошта нас Бог пакараў?
Няўжо Ён не мог запабегчы Хваробы падступнай удар Каб браў ты і сёння на плечы Народнага лёсу цяжар?
Належачы родным нябёсам, Ты бачыш, што робіцца ў нас? Няйначай як страцілі розум Нязваныя пастыры мас.
Належачы роднаму долу, Ты чуеш, як нетры дрыжаць? Стратэгі і творцы расколу Задумалі буру пажаць.
З табою, хто лета па леце Трымаў нашу веру, як сцяг, У гэтым растурзаным свеце Смялей бы глядзеў я ў прасцяг.
Сярод халуёў недалужных, Сярод пашлякоў і сквалыг, З табою, надзейным і мужным, Быў меншы б трывогі ўскалых.
Пра гэта сказаць я рвануўся Табе, ды як водзіцца ў снах, Ты толькі балюча ўсміхнуўся — I знік у натоўпе няўзнак.

* * *

Не, не бяда, што, як калісьці, Я не патраплю ўжо, відаць, На веснавую хвалю выйсці I па-юнацку свет вітаць.
Мне і таго зусім даволі, Што верыць сыну родны край, Што на бацькоўскім плодным полі I я не лішні аратай.
I што магу за вольным плугам Гукнуць, змахнуўшы пот з ілба: Жывей, сябры! Не падаць духам! Багаты плён нас дасць сяўба!
20.V.94

НА РАДЗІМЕ ПАЭТА

Пагорак. Лагчына. Кусты. Кураслеп. Рачулка і мосцік. Дарога. Усё, што калісьці, Прыйшоўшы на свет, У спадчыну ўзяў ён ад Бога. Ад бацькі і маці. Ад добрых людзей. Усё, з чым адроду радніўся, У чым раствараўся душою Штодзень I ўрэшце зусім растварыўся. Хаджу па наўколлі, Дзе ён сіратой Хадзіў, заварожаны спевам — То моладзі ў лузе, Вяснянай парой, То жнеяк — у жыце даспелым. Гляджу, узіраюся... Толькі — дарма! Пагорак застаўся, не знеслі. А духу паэта — не чую. Няма! Ні ў полі. Ні ў долі. Ні ў песні.
Усё, чым калісьці н сэрца гаіў Ад скрухі, ад лёсу разгадак — Усё абяздушыў, Усё амярцвіў I вытравіў мудры нашчадак.
21.V.94

ГЕРОІ НАЦЫІ

У сорак трэцім выжылі, Ад ран крывёй сцякаючы, У сорак шостым выжылі, Плуг на сабе цягаючы, А праз паўвека, старцамі У сытых хлеба просячы, Надзею выжыць страцілі Ад крыўды і ад роспачы.