Якія ж запаветы пакінуў нашчадкам пясняр, чаму яго радкі нам дарагія і блізкія сёння? Болын таго — чаму яны так актуальна сёння гучаць? Найпершы,бадай, галоўны запавет — быць чалавекам на зямлі, жыць сярод людзей сціпла, са свайго мазаля, з высокай чалавечай годнасцю. Ці не найлепш сказаў Багушэвіч пра гэта ў вершы "Ахвяра", дзе ім пералічаны, на ўзор біблейскіх запаведзяў, асноўныя маральныя пастулаты грамадзяніна:
Так, быць чалавекам на зямлі — па Багушэвічу — бараніць сваю чалавечую і нацыянальную годнасць, стаяць на трывалым грунце народнай маралі. I таму зразумела, чаму ён з такой сілай гневу пратэстуе супроць маральнай разбэшчанасці грамадства, супроць распаду асобы. I чаму ў яго радках, што ідуць з душы добрай і далікатнай, паяўляецца столькі з'едлівай іроніі, столькі бязлітаснага сарказму.
Да Багушэвіча ніхто ў нашай літаратуры так не знаў беларускага мужыка, яго жыцця і лёсу, як ён. Дакладней сказаць — ніхто не быў у такой меры мужыком у нашай паэзіі, як ён, ніхто з такой праўдзівасцю, з такой непасрэднасцю, з такім спачуваннем і болем не выказваў тое, чым жыла спакутаваная душа селяніна. Дададзім — і ў такой па-мужыцку, па-народнаму мудрай паэтычнай форме.
Пра мужычка гаворыць паэт... Але — хіба не пра ўвесь забіты заняволены беларускі народ? Або:
Багушэвіч — вялікі паэт-патрыёт. Ягоны святы запавет, выказаны гранічна проста і зразумела, — даражыце сваёю хатай! Даражыце! Ведаю: "бедная мая хатка", цяжка мне жыць у ёй, пакутую ад гэтага, — і аднак жа:
Уражвае глыбіня агульналюдскай маралі: дайце мне на роднай зямлі, у сваёй хаце, жыць як я хачу! Гэта найвялікшае шчасце! Дарэчы, вучыць бы напамяць усім дзеткам зямлі нашай беларускай гэты верш, а яго на працягу дзесяцігоддзяў асуджалі за пропаведзь нацыяналізму і адчужэння. "Правінцыялізм, хутарская псіхалогія і ідэалогія", — сказалі б і некаторыя сучасныя крытыкі.
Думка пра чалавечае брацтва, сум па ім, пакутлівае адчуванне, што яго так мала на зямлі, так не хапае ў адносінах між людзьмі і народамі — у Багушэвіча гэта паўтараецца зноў і зноў, гэта яго клопат і боль непераходны. Паэт хацеў бы, каб ягонае слова-праўда працавала менавіта на гэту ідэю — на брацтва:
Роўна сто гадоў назад напісана! А нібы — сёння! Сёння — калі мы зноў бядуем, што людзі, якія яшчэ зусім нядаўна пачуваліся братамі, трацяць неабходнасць братняй еднасці, чужаюцца між сабою і так лёгка паддаюцца настрою непрыязні і варажнечы. Калі мы так заклапочаны, каб не здарылася самае горшае, да чаго можа давесці раз'яднанне пазбаўленых мудрасці людзей.