Выбрать главу

Бабуля з першага дня знелюбіла мужаў набытак. Яна абвясціла, што здасць яго ў антыкварную краму свайго брата на ратушным пляцы, і рабіла некалькі спробаў запакаваць сланоў у скрынку, аднак Стэфан упарціўся і вяртаў іх на падвоканне. Гэта, маўляў, падарунак, але сказаць, ад каго, — рашуча адмаўляўся. У Нільсавых бацькоў узнікла моцнае падазрэнне — яны, зразумела, хавалі яго ад бабулі, — што тут тоіцца нейкая ўсходняя жанчына. Маці ў такіх размовах называла яе фатальнай.

А потым дзед у адпачынку між плаваннямі выйшаў у мора на апошнюю рыбалку.

Пасля хаўтураў сланы неадкладна пераехалі да антыквара, але не ў краму Осінага брата, а ў іншую, каля царквы. Няхай Госпад іх ачысціць, — патлумачыла бабуля. Рэшту адмераных ёй гадоў яна амаль не выходзіла з дому і ўсяго раз наведала мужаву магілу, хоць і загадала пахаваць сябе поруч.

32

Марцін акурат думаў, што такіх гісторый можна пачуць адну-дзве за цэлае жыццё, як наперадзе з-за рога дома выплыла знаёмая пара са стакгольмскага гатэля. Занятыя размовай, яны і не заўважылі або ўдала прыкінуліся, што не заўважаюць нядаўняга суседа. Жанчына зноў падалася яму істотна старэйшай за сябе самую тры дні таму. Яна як быццам яшчэ больш пастарэла нават з таго моманту, як Марцін убачыў іх на кніжным кірмашы, аднак радзімка на лобе не пакідала сумневаў, што жанчына — тая самая сяброўка бакенбардыста, што лётаў па гатэльным калідоры ў паласатых майтках. Змыла касметыку плюс натуральнае сонечнае асвятленне, — знайшоў тлумачэнне Марцін, хоць яго пачынала турбаваць, ці не зачаста яны сустракаюцца ў краіне, што прыкметна большая за Манака ці Сан-Марына.

Не паспеў ён развітацца з гэтай думкай, як напаткала новая неспадзяванка. Афіцыянтам, што падышоў да іхняга з Нільсам абедзеннага століка ў кавярні, аказаўся не хто іншы, як стакгольмскі шкіпер або ягоны двайнік. Марцін неўпрыкмет паторгаў сябе за вусы. Карцела пацікавіцца ў шкіпера, ці даўно той наведваўся ў сталіцу, аднак, гледзячы на адбаронены ды непранікальны твар афіцыянта, які цяпер, адрозна ад Стакгольма, гаварыў па-англійску без усялякага акцэнту, ён перадумаў. Пытанне магло быць законна расцэненае як умяшанне ў прыватнае жыццё.

Ці не зашмат супадзенняў? Сёрбаючы духмяную юшку, Марцін вырашыў падзяліцца здзіўленнем з Нільсам, але ўрэшце замест гэтага аддаў належнае стэйку з аляніны. Пагатоў выдавец не бачыў раней ні парачкі каханкаў, ні шкіпера.

33

Другая ноч у доме Нільсавых сваякоў аказалася поўнай супрацьлегласцю першай.

У сне Марцін апынуўся ў круглым будынку-ратондзе са сценамі з суцэльнага шкла, але шкла не звычайнага, а празрыстага адно з унутранага боку. Такім чынам вачам Марціна адкрывалася ўсё, што чынілася знадворку, а яго — ён аднекуль ведаў — адтуль убачыць не маглі.

Не маглі, але вельмі імкнуліся: да шкла прыціскаліся, марна ўзіраючыся ў недасяжную для іхняга зроку прастору, знаёмыя і незнаёмыя твары.

Знаёмымі былі тыя, з кім Марцін не хацеў мець аніякіх дачыненняў, бо тыя людзі адыгралі некалі ў ягоным жыцці адмоўную, а то і злавесную ролю. Да шкла ціснуўся, напрыклад, знаёмы паэцік — былы, а відаць, і цяперашні стукач, што, апрача даносаў, пісаў ў сеціве пад рознымі нікамі брыду пра яго, Марціна, і некалі здолеў разлучыць з мастачкай Вітай. Ён пазнаў і двух верагодных шэфаў паэціка — супрацоўнікаў органаў, якія ў гады студэнцтва пагражалі за самвыдат выкінуць Марціна з універсітэта і заслаць у войска куды-небудзь пад Магадан. Гэта мімаволі наводзіла на думкі, што і незнаёмых персанажаў за шклом наўрад ці можна далучыць да ягоных прыхільнікаў і сімпатызантаў.

Крыху ратавала агульную карціну купка з трох чалавек, якія трымаліся трохі воддаль. Марцін пазнаў былую жонку ў строях Афеліі, побач з якой быў, праўда, не Гамлет, а хтосьці са схаваным пад маскаю тварам, падобны да басконскага баевіка, якімі іх паказваюць у тэлерэпартажах пра заявы ЭТА. Найверагодней, ён быў усё ж спадарожнікам іншай жанчыны — мастачкі Віты, хоць яна і стаяла ў добра знаёмым Марціну заплямленым фарбамі балахоне, павярнуўшыся да басконца спінай. Яе тонкі нервовы профіль Марцін пазнаў бы з безлічы іншых, магчыма, яшчэ і таму, што Віта любіла дэманстраваць яго, паўтараючы, што анфас — маска, а сутнасць пазнаецца ў профілі.

Але гэтая купка выглядала не ўдзельнікамі, а староннімі назіральнікамі таго, што адбывалася. Тым часам сітуацыя вакол ратонды імкліва мянялася.

Марцін, бясспрэчна, стакроць згадзіўся б мець справу са сваімі зласліўцамі, чым з чалавекападобнымі істотамі, якія пачалі адціскаць людзей ад шкла і хутка цалкам запанавалі вакол ратонды. Ён дзесьці ўжо бачыў гэтых пачварных стварэнняў з неміргатлівымі вачыма на безвалосых ілбах і шэрымі кашлатымі хабаткамі замест насоў.