Выбрать главу

Annotation

Кніга Уладзіміра Арлова, аднаго з самых улюбёных беларускіх празаікаў апошніх трыццаці гадоў.

Героі аповесці «Танцы над горадам», што дала назву кнізе, — самнамбулы. Удзень яны незнаёмыя паміж сабой, а ўначы ўтвараюць свае таемнае брацтва.

Для шырокага кола аматараў метафізічных вандровак.

Уладзімір Арлоў

ТАНЦЫ НАД ГОРАДАМ

ЧОРНЫ ЧАЛАВЕК НА ЗЯЛЁНАЙ КАНАПЕ

ДОМ З ДАМАВІКАМІ

notes

1

2

3

4

5

6

Уладзімір Арлоў

ТАНЦЫ НАД ГОРАДАМ

тры аповесці

.

ТАНЦЫ НАД ГОРАДАМ

О deja vu

у свеце гэтым цесным!

о тайніцы

ў фіранках ветрам гнаных…

1

Гэтая гісторыя пачалася вельмі даўно, калі я быў яшчэ неўміручы. Зрэшты, як і ўсе навокал: сябры, бацькі, настаўнікі. Калі смерць існавала, то — недзе на іншай планеце.

2

Успамін надзвычай выразны і востры — шматколерны, з жывымі гукамі і пахамі.

Я прачынаюся — нібыта вынырваю з утульнай зялёнае глыбіні — і не магу ўцяміць, чаму я, цалкам апрануты, сяджу на лавачцы ў нашым двары. Навокал цёплая травеньская ноч і — неверагодная цішыня, што пахне зацвілым белым бэзам. Мама трасе мяне за плечы, ейныя вусны варушацца, ды я нічога не чую, усё адбываецца, як у нямым кіно. І раптам, быццам з вушэй выліваецца вада, пакрысе вяртаецца слых. У зарасніку бэзу шамаціць ветрык, здалёк азываецца цягнік…

У цішыню ўрываецца мамін голас. Сынок, Уладзя, куды ты сабраўся? — скрозь слёзы паўтарае мама. Яна ўжо не трасе мяне, а гладзіць па галаве. Мама ў сваім улюбёным бэзавым швэдры. Побач у сіняй начной піжаме — тата.

Мяне вядуць за руку дадому. Я сам распранаюся і кладуся ў ложак. Тата перацягвае з бацькоўскае спальні раскладны зялёны фатэль, на якім сцеле сабе пасцель мама. Яна больш не плача і не пытаецца, куды я сабраўся, але, каб і пыталася, гэта не мела б ніякага сэнсу. Я нікуды не збіраўся і ані не разумею, як выйшаў з кватэры і апынуўся на лавачцы. Аднак мне зусім ня страшна. Начное здарэнне нагадвае казку з зачараванымі героямі, што могуць знячэўку заснуць і расплюшчыць вочы праз цэлы год або легчы ў ложак у беднай хаціне, каб ачуцца раніцой у каралеўскім палацы.

Хтосьці ўва мне не пагаджаецца: верыць у казкі шасцікласніку пазнавата. Пад падушкаю ляжаць амаль дачытаныя «Марсіянскія хронікі» Рэя Брэдберы, і я ўсцешана параўноўваю сябе з таямнічым хлопчыкам, які ўначы стукаецца ў дзверы зямных каланістаў.

У вокны просіцца світанак. Ківач старадаўняга насценнага гадзінніка адлічвае апошнія хвіліны перад пятай гадзінаю. Нават не адлічвае, а асцярожна адразае іх двума круглымі лёзамі ад невідочнай крышталёвай прасторы часу, і яны, хвіліны, падаюць на паркет з ціхуткім, меладычным і шматзначным звонам, што здольны пачуць адно я.

3

Назаўтра прыгоды працягваліся.

Усяго праз некалькі дзён травень дзівосным чынам пераходзіў у бясконцыя пакуль летнія вакацыі, і мне ўкрай трэба было паспець выправіць чацвёрку па гісторыі — справа гонару, бо мама, праўда ў іншай школе, выкладала менавіта гэты прадмет. Тата ўсё разумеў, але забраў мяне з урокаў, і мы на яго службовай пракурорскай «Волзе» паехалі да «спецыяліста». Калі машына не спынілася каля дзіцячай паліклінікі, а павярнула да будынка са старасвецкай чырвонае цэглы, дзе на Верхнім замку месціўся «дарослы» шпіталь, я проста ўспеніўся самапавагаю і нагадаў самому сабе кубак, у які мама налівала мне на сняданак гарачае малако.

Мама чакала пры белых дзвярах з габрэйскім прозвішчам на блакітнай таблічцы. Бацькі непахісна верылі, што найлепшыя дактары, прынамсі ў нашым горадзе, — габрэі.

«Спецыяліст» запрасіў спачатку аднаго мяне. Ён застаўся ў памяці найперш акулярамі і чамусьці зусім не нагадваў вясёлых, чарнявых і рудых суседзяў-габрэяў з таго раёна прыватнай забудовы, адкуль мы нядаўна пераехалі ў чатырохпавярховы дом, збудаваны пасля вайны палоннымі немцамі. Дом з высокімі столямі і такімі ж высокімі цяжкімі дзвярыма, з парадным уваходам і шырокімі лесвіцамі ды прасторнымі кватэрнымі пляцоўкамі, дзе цудоўна гулялася ў хованкі і можна было цэлы вечар удала ратавацца ад «вадзілы» — гаротніка, якому выпала доля з завязанымі вачыма паляваць на астатніх.

Гаворка пра хованкі зайшла невыпадкова: доктар цікавіўся маімі ўлюбёнымі гульнямі і, пачуўшы пра хованкі, адразу страпянуўся і ўзяўся штосьці занатоўваць. Яму карцела даведацца, у які час мы гуляем, ці ёсць сярод нас дзяўчаткі і ці даспадобы мне быць тым самым «вадзілам» з завязанымі вачыма. Гулялі мы пераважна ўвечары, дзяўчатак хапала, а соўгацца па пад’ездзе з растапыранымі рукамі і прыслухоўвацца да нечага стоенага дыхання, каб маланкаю кінуцца ў той бок, мне ніколі не падабалася. Пра ўсё гэта я сумленна і паведаміў доктару. Таго мой адказ відавочна расчараваў, і, пашкрабаўшы пальцам скронь, ён вырашыў высветліць, ці часта мне сняцца сны і ці добра я памятаю прыемнае.

Гэты допыт хутка надакучыў, і я вырашыў шыфравацца, адказваючы як мага карацей. Пагатоў, размова скіроўвалася на рэчы, якія належалі да таямніц. Нават сябру Артуру, ці папросту Арціку, з трынаццатай кватэры я не прызнаваўся, што кружляю ў сне вакол вежаў Сафійскага сабора, а бывае, наадварот, спускаюся вельмі нізка і разам з чайкамі імкліва пралятаю над дзвінскаю плынню. Аднойчы мне пашанцавала выхапіць з вады акунька, якога я, аднак, не праглынуў, а выпусціў назад у родную стыхію, прычым, прачнуўшыся, так і не ўзгадаў, як злавіў рыбку — птушынай дзюбаю або чалавечай рукой.

Доктар пачуў, што ягоны пацыент бачыць сны надзіва рэдка і нічога з іх не памятае. А мо ўсё ж нешта ўзгадаецца, бо тое вельмі важна? Добра, — сказаў я і на хаду прыдумаў, што ездзіў у сне на жырафе, а потым, ператварыўшыся ў мядзведзя, зрабіў засаду ў малінніку, каб дачакацца, пакуль дзяўчаткі назбіраюць поўныя кошыкі.

Гаспадар кабінета прыўзняў акуляры і, уважліва гледзячы мне ў вочы, папрасіў працягваць. І тут я, сам не ведаю чаму, мусіць, патрапіўшы пад гіпноз ягонага позірку, прызнаўся, што бачыў у сне аднакласніцу Сіму. І як яна табе снілася? — унікліва запытаў доктар. Голай, — шчыра адказаў я. Доктар заззяў і падняў угору ўказальны палец. Здалося, тое самае зрабілі і два барадатыя партрэты на сценах. А іншыя голыя… дзяўчаткі табе сняцца? У мяне бліснула здагадка: ён хацеў запытацца і пра дарослых жанчын, аднак чамусьці не ўдакладніў, і я з чыстым сумленнем мог прамаўчаць пра сон, дзе гуляў у футбол з голай настаўніцай біялогіі.

Акуляры цікавіла таксама, якія кнігі я люблю чытаць. Адказ быў імгненна гатовы: падручнікі для сёмага класа. Доктар зноў утаропіўся ў мае вочы. Што я чытаў учора перад сном? Гэтым разам з гіпнозам у яго не атрымалася. Падручнік па геаграфіі, — абвясціў я, увайшоўшы ў змову з Рэем Брэдберы.

Назваўшы мяне «маладым чалавекам», доктар папрасіў пачакаць у калідоры і запусціў у кабінет бацькоў. Мама няшчыльна зачыніла дзверы — і, як пішуць у кніжках, я адразу ператварыўся ў слых.

Пачуць удалося вобмаль. Спярша ў маміным выкананні я выслухаў добра знаёмую гісторыю. Я-маленькі не баяўся цемры, смела заходзіў у цёмны пакой, зачыняўся і доўга глядзеў на неба. З’явіўшыся пасля астранамічных назіранняў перад бацькамі, я — бо толькі нядаўна загаварыў — быў лаканічным: Ула і месяц! Калі месяца не было, справаздача мела два варыянты: Ула і зоркі! або — Ула і неба!

Потым я разабраў, што доктар пацікавіўся, ці не хварэю я на нейкую хваробу на літару «э». Крый Божа! Крый Божа! — спалохана адгукнулася мама. Яны размаўлялі даволі доўга, і да майго слыху данеслася некалькі разоў паўторанае слова — перарасце. Было зразумела, каго яно датычыла, але перарастаць самога сябе чамусьці не хацелася.