Выбрать главу

З візітамі мамы было збольшага зразумела. Яна, пакуль канчаткова не знайшла сабе месца ў новых, таемных для нас сферах, прыходзіла дамоў. Адкуль жа і чаму акурат у нашай кватэры з’явіўся Чорны чалавек? Што ў яго за мэты? З якой такой прычыны ён абраў менавіта кабінет? З сумам падумалася, што мара вярнуцца дахаты з новай аповесцю мае высокія шанцы пайсці дымам.

9

Трэба было неяк датрываць да раніцы. Мой лёгкі хмельны кураж тым часам стаўся ўспамінам, але задача выглядала цалкам рэальнай, паколькі Чорны чалавек не дэманстраваў варожых намераў.

Я падняўся і выйшаў у калідор. Зачыніў дзверы ў гасцёўню, зрабіў тое самае з усімі астатнімі, акрамя дзвярэй кабінета і кухні, да якіх не рызыкнуў набліжацца. Пасля, зачыніўшыся ў спальні, разаслаў ложак, разнасцежыў вакно, што выходзіла на паркоўку пры гатэлі, і лёг. Позняй парою паркоўка, на жаль, азвалася не ўтульнымі зямнымі гукамі, якіх прагла знерваваная душа, а густой глыбокай цішынёю.

Каб заснуць, я паспрабаваў вынайдзены ў гады студэнцтва досыць дзейсны спосаб: у адваротным парадку, ад апошняга да першага, згадваць імёны нашых вялікіх князёў і каралёў. Звычайна ўжо недзе на сярэдзіне, прыкладна на Жыгімонце Аўгусце або на ягоным бацьку Жыгімонце Старым, жанатым з італійкаю Бонай Сфорца, думкі пачыналі блытацца ў прадчуванні блізкай дрымоты, і астатнія манархі маглі адно прысніца. Гэтым разам мае намаганні скончыліся тунна. Аўгусцейшыя асобы, пакінуўшы старадаўнія партрэты і няроўна пашыхтаваўшыся, кпліва зіркалі на бяссонніка, а Бона з нялюбай нявесткаю Барбарай Радзівіл нечакана аб’ядналіся ў непрыхавана здзеклівым смеху.

Дапамога з’явілася, адкуль я яе не чакаў. У начной вусцішы натхнёна зазвінеў і спікіраваў на мяне камар. Ён падаўся стварэннем бясконца зямным, блізкім і родным. Беспаспяховае, але шчаслівае змаганне з камаром і дазволіла заснуць.

Я не назваў бы сон спакойным і ціхамірным. У ім мроілася, што я ўскокваю ад рыпення дзвярэй і вачам адкрываецца іхні пусты прахон, які, між тым, зусім не пусты. Па-сапраўднаму глыбока заснуць удалося тады, калі ў вакно разам з радасным званком самага ранняга трамвая нарэшце зазірнуў світанак.

10

Раніца падаравала развітанне з тэатрам сціхотных ценяў. Дапамог і кароткі начны дождж, што пакінуў мокрыя газоны ды лужынкі на падсохлым асфальце, якія павінны былі вось-вось дазвання знікнуць разам з рэшткамі трывогі. Яшчэ лежачы ў ложку, я мог бы прысягнуць, што больш у кватэры нікога няма.

Паснедаўшы аўсянкай, я з кубкам гарбаты і сліўкай у шакаладзе за шчакой смела зайшоў у кабінет. На сонечнай стальніцы, як і на зялёнай канапе, нічога — калі не лічыць, што разрадзіўся сотавы тэлефон, — не перайначылася. Акурат затэлефанавала з санаторыя сястра. Мы паразмаўлялі на звычайныя ў такіх выпадках тэмы, і я лёгка развітаўся з прамільгнулым жаданнем запытацца штосьці накшталт: Ці не заўважала ты калі-небудзь у пакоі з кнігамі нечага дзіўнаватага?

Словы-ключыкі пачалі пераўвасабляцца ў сказы і абзацы раней, чым я сеў за стол. Начныя прыгоды надзіва не заміналі, а — прынамсі, хацелася так думаць — абвастрыўшы пачуцці, спрыялі руцэ з асадкай. Нечаканы візітант цяпер успрымаўся чымсьці сугучным маім таксама начным героям, маленькая сябрына якіх удзень распадалася на незнаёмых між сабою чужых людзей.

Нядаўняя прысутнасць Чорнага чалавека ніяк не адчувалася ці, можа, выявілася адно ў тым, што я зноў, ды ўжо асэнсавана, не пайшоў купацца. Урупіўшыся ў тэкст, проста забыўся на начнога госця, але, калі за вакном зашарэла, у душы зварухнуўся неспакой. Чорны чалавек зараз не выглядаў плёнам гульні ўяўлення, якое ўчора на знак падзякі ці пакарання за нешта намалявала тую невераемна жывую карціну — ажно да адметна загнутых мыскоў блазенскіх пантофляў.

І надышоў момант, калі ўва мне прагучаў выразны загад ставіць на сёння кропку, іначай у кабінеце можа зрабіцца зацесна. Без панікі адступаючы на кухню, я не забыў прыхапіць мабілку, халаднаватая пластыкавая рыбінка якой прыкметна дадавала ўпэўненасці.

11

Чорны чалавек з’явіўся той самай парою. Праўда, цяпер ён сядзеў на канапе не закінуўшы нага на нагу, а роўна, з пакладзенымі на калені рукамі. Яго сур’ёзная і ў адначас мірная пастава спадабалася мне значна болей, хоць, зрэшты, што тут магло асабліва падабацца?

Удзень я з дому не выходзіў, таму вячэра была падобнай да ўчорашняй як дзве кроплі вады. Праўдзівей — не вады, а віна, бо разам з рэшткамі халоднага языка чакаў недапіты шыраз. Зрабілася ясна як божы дзень, што Чорны чалавек — наведнік невыпадковы і датычна яго трэба выбудаваць адпаведную лінію паводзін. Няхай, вырашыў я, гэта будзе палітыка асцярожнага нейтралітэту з магчымымі дыпламатычнымі кантактамі.

Калі б Чорны чалавек паседжваў на канапе раней, сястра неадменна б папярэдзіла мяне і без лішніх роспытаў. Адсюль вынікала, што ягонае з’яўленне звязанае якраз з маім прыездам і, відаць, з тым, чым я займаюся.

Перад сном я зачыніўся ў спальні і паспрабаваў чытаць захопленага з дому Марка Аўрэлія. Утульны томік разгарнуўся на кнізе сёмай: Усё матэрыяльнае вельмі хутка знікае ў сусветнай сутнасці… І памяць пра ўсё не менш хутка знаходзіць сваю магілу ў вечнасці. Не сказаць, каб сентэнцыя надта спрыяла добрым снам. Я перагарнуў некалькі старонак. Уяві, што ты памёр, што жыў толькі да гэтага моманту… Дачытаўшы да канца, я быў узнагароджаны: …а час, што табе застаўся, успрымай як дадзены звыш адмеранага і жыві ў ім згодна з прыродай.

Я нечакана супакоіўся: жыві ў ім, жыві ў ім… і на мяжы явы і сну працягнуў: жыві ў ім… пры ім… за ім… над ім… ім… Думкі блыталіся, ды, адплываючы ў сон, я паспеў згадаць дасціпна заўважанае калісьці, што імператар Марк Аўрэлій стаўся адно выпадковасцю, якая напаткала філосафа з тым самым імем. Прысніцца можаце абодва, — запрасіў я, але з Маркам Аўрэліем у тую ноч спаткаўся хтосьці больш шанцоўны.

12

Штораніцы з кубкам першай, наймацнейшай за цэлы дзень гарбаты я перачытваў напісанае напярэдадні і вяртаўся да сваіх танцораў. А мо гэта яны вярталіся да мяне, і я па чарзе нейкай часткаю істоты ператвараўся ў аднаго ці ў адну з іх, не мінаючы і Коткі. Каб перанесціся ў іхні свет, часам я нават пачынаў танчыць, робячы зусім маленькія, адпаведныя памерам кабінета колы. Нарэшце хтосьці з маіх нябачных, ды ўсё больш адчувальных партнёраў дакранаўся мне да рукі або да пляча. Гэта і служыла знакам таго, што вяртанне здзейснілася. На колькі гадзін я забываў і пра Чорнага чалавека, і, калі выпадала шчаслівая карта, пра ўсё астатняе.

13

Травеньская ноч была цёплая і чуйная. Шчыльныя аблокі захінулі месяц і зоркі, аднак, ратуючы наваколле ад цямрэчы, злёгку свяціліся самі. Як звычайна, мы збіраліся па адным, але Залацістая з Коткай заўсёды чакалі астатніх каля квадратнага люка, усё роўна як і не пакідалі даха з мінулага разу.

Тонка праспявала нябачная страла, і ўслед за ёю недзе ўзляцела рука таямнічага дырыжора. Узляцела і застыла ў найвышэйшай кропцы, каб праз няўлоўнае імгненне даць сігнал музыкам…

Мы паспелі прайсці некалькі колаў, мяняючы хуткасць ды кірунак і пакрысе напаўняючы танец усё большай энергетыкай, як раптам нас зрабілася не шасцёра, а сямёра.

У паветры ціха прашамацелі крылы, і на плячук Гімнасткі апусцілася дзіўная начная птушка, падобная да грака, але з двума ярказялёнымі пералівістымі пёрамі на баках і такой самай аблямоўкаю чорнай шыі. Трэцяе пяро — доўгае і вузкае, спакойнага салатавага колеру — птушка трымала ў дзюбе. Прыгледзеўшыся, я зразумеў, што гэта не пяро, а стрэлка аеру.