Выбрать главу

Утнула жудліва-недарэчная думка, што ўчора я так і не ўдыхнуў лілейнага паху, а ён, пэўна, паспеў. І наўздагон новая: ён ляжыць тут замест мяне. Тым часам ружавата-зялёнае колца, у якое дзяўчына-аквалангістка закруціла доўгую сцябліну лілеі, раптам раскруцілася, і кветка, найбольш напалохаўшы саму аквалангістку, з’ехала тапельцу на жывот.

Нічога больш убачыць я не паспеў: пад галашэнне старэйшай жанчыны і жалобнае маўчанне маладой, якая выплакала ўсе слёзы, тапельца паклалі ў доўгі чорны мех і, зашпіліўшы яго на маланку, павезлі ў трупярню.

22

Карузлік зайшоў у пусты трамвай за тры начныя прыпынкі да майго канцавога. Калі ён наблізіўся, я заўважыў, што ягоная галава акурат мне пад паху. Карузлік, нібы шукаючы спагады, узяў мяне за рукаво. Ён горка плакаў буйнымі, як у чалавека нармальнага росту, слязьмі.

Я не ведаў, што рабіць. Каб гэта было дзіця, я, пэўна, прытуліў бы яго да сябе і пагладзіў па ўскудлачаных валасах, ды побач стаяў дарослы мужчына, які пабачыў у жыцці прынамсі не менш, калі не больш, чым я.

Паміж усхліпамі карузлік мармытаў штосьці няўцямнае на нейкай, як здалося, тарабарскай мове. Знячэўку сярод гэтага мармытання выразна прагучала: Я ведаю.

Нібыта ўзрадаваўшыся, што ў яго атрымалася вымавіць зразумелыя словы, карузлік узяўся паўтараць іх з зацятасцю дзіцяці, якое хоча ў нечым прызнацца або штосьці паведаміць, аднак яшчэ не ўяўляе як. Я ведаю, я ведаю, я ведаю…

Каб вывесці карузліка з гэтага трансу, я гладзіў яго па плячы. Што ведаеце? Што вы ведаеце?

Ён заплакаў яшчэ больш горка. Я ўсё ж не вытрымаў і пагладзіў яго па даўно нястрыжанай галаве. Я ведаю… Котка… Котка… Котка… Я не магу… Чаму там не было мяне?.. Котка…

Я страсянуў яго за вузкія плечы. Якая, якая котка?

І тут ён раптам выцер кулакамі слёзы, паказаў пальцам, каб я нахіліўся, і хуткім гарачым шэптам, нібы пароль, прамовіў мне ў вуха: Гатэль.

Пакуль я асэнсоўваў пачутае, карузлік неверагодна хутка высушыў слёзы. Крутануўшыся на абцасах, ён змяніў тон на амаль вясёлы і, раз-пораз падскокваючы ледзьве не на вышыню свайго росту, пачаў выгукваць: Ёрыкі-морыкі! Пікапу-трыкапу! Ахалай-махалай! Налівай-вылівай! А нас, шаноўная публіка, між іншым, вязе трамвай без вагонаважатага!

Паколькі з публікі ў трамваі прысутнічаў толькі я, карузлік імпэтна ўчапіўся ў маю руку і пацягнуў у галаву вагона. Пр-р-рашу пераканацца! Прад’яўляю пустую кабіну! Я зірнуў праз шкло: месца вагонаважатага сапраўды было пустое.

Наступны прыпынак — канцавы! — абвясціў адсутны вагонаважаты жаночым голасам.

Гіпноз, — падумаў я. — Ён жа, здаецца, працаваў у цырку!

Але адкуль карузлік ведаў пра Гатэль і Котку?..

23

Калі верыць таму, што лінія жыцця на чалавечай руцэ перад нечаканай смерцю мяняецца, на далоні хлопца з завушніцай — учора ці раней, калі лёс зрабіў фатальны паварот і пачаўся новы адлік ягонага часу, — узнікла новая рыска. Але які ў тым сэнс, калі яна не пякла агнём, не змагла засцерагчы, утрымаць, і ён, дакладна, як я ўчора, разагнаўшыся, кінуўся са спякотнага дня ў чыстую халаднаватую ваду. Магчыма, пасля спаткання з рыжавалосай…

Я міжволі паглядзеў на свае далоні і адразу ўспомніў, што правая рука адлюстроўвае жыццёвы шлях, левая ж — прыроджаныя здольнасці і таленты, у прыватнасці, тое, наколькі моцна развітае ў вас уяўленне. Адказная за яго лінія была на месцы і сведчыла: недахопу фантазіі пакуль можна не баяцца. Усё памяталася надзіва выразна, хоць апошні раз я даследаваў малюнак гэтых ліній шмат гадоў таму, калі сустракаўся з жанчынай, захопленай хірамантыяй ды рознымі іншымі эзатэрычнымі рэчамі. Яна, дарэчы, як і заплаканая дзяўчына на пляжы, была рыжавалосай, а яшчэ, здавалася, і ўначы, хаваючы яго пад падушку, не разлучалася са сваім запаветным сшыткам. Ягоныя табліцы дазвалялі вылічыць, у абліччы каго ты выконваў прызначаную табе ролю ў папярэднім жыцці. Дзякуючы таму сшытку — і мне чамусьці падабаецца гэта раз-пораз узгадваць — я даведаўся, што ў ранейшым з’яўленні на свет, дакладней у перадапошняй рэінкарнацыі, я быў, праўдзівей, была мексіканскаю танцоркай, якая выходзіла на сцэну пры канцы васямнаццатага стагоддзя.

Пра тое, кім у глыбінях часу, за смуглявымі плечыкамі мексіканкі, я быў далей, эзатэрычны сшытак колішняй сяброўкі загадкава ці мо прадбачліва маўчаў. Значыць, дагэтуль я заставаўся адно на пару з танцоркай, якая, прызнаюся, няраз блукала па анфіладах маіх эратычных фантазій.

Ува мне загаварыў чорны гумарыст: Учора ты страціў найрэальнейшы шанец патрапіць у тыя табліцы, каб нарэшце сустрэцца — прынамсі, там — з мексіканскаю прыгажуняй, а некалі засмуціць або парадаваць наступніка.

Смерць не трэба шукаць, — ужо больш сур’ёзна думаў я. — Яна, твая апошняя жанчына, сама знойдзе цябе, і да той сустрэчы лепей падрыхтавацца загадзя, дзеля чаго ўвогуле чалавеку і дадзена жыццё. Але ці значыла гэта, што хлопец з перлінкай, якая цяпер успрымалася змрочным знакам воднай стыхіі, быў падрыхтаваны і таму выканаў сваю ролю да фінальных слёз на вачах гледачоў, а ты знаходзішся на паўдарозе…

24

Бывае, у рэдкія хвіліны задаволенасці сабой, хоць значна часцей якраз дзеля ўтаймавання прыступаў уквеленасці і роспачы, я кажу сабе, што ў маім жыцці ўсё, што павінна прычыніцца на шляху мужчыны, на гэты момант ужо адбылося, ды сонца пакуль высока, а таму… Тут я абрываю даволі камфортную, але небяспечную ў развіцці думку, а тады, на беразе, адолеўшы шматкроп’е, давёў яе да канца. Насамрэч усё, што магчыма, здзейснілася ў яго, хлопца ў сініх плаўках. Далей я блазнавата працягнуў вершам: Вы згодныя, што смерць таксама свята, яна ў жыцці бывае толькі раз?..

А Чорны чалавек? Што паспела адбыцца ў ягоным — калі тут можна карыстацца гэтым словам — жыцці? Адно можна сказаць абсалютна дакладна: ён паспеў выратаваць мяне ад лілеі на мёртвых грудзях.

Але ж не выключана, што хлопец з завушніцай сам хацеў сысці адсюль. І ў маім жыцці калісьці быў перыяд, калі я перабіраў розныя віды самагубстваў і такі спосаб — патануць у возеры — не здаваўся найгоршым. Памяць паслужліва разгарнула старонку са здабытымі тады ведамі. Спачатку рэфлекторна перацінаецца дыханне, потым вада залівае лёгкія, дыхальная функцыя канчаткова паралізуецца і праз колькі хвілін замірае сэрца.

Ды версія самагубства не стасавалася з тым, што адбылося. Найперш — з паводзінамі Чорнага чалавека, які ўчора папярэдзіў пра рэальную небяспеку таго берага. Ці абавязкова было, каб утапіцца, плысці туды, да лілеяў? А мо ўладальнік перлінкі, наадварот, хацеў, каб усё выглядала натуральна? У такім разе цалкам дапушчальна, што ён ведаў пра тапляк ды іншую тамтэйшую вусціш і ў нейкім сэнсе вырашыў згуляць у «рулетку», маючы ў запасе, калі не спрацуе, іншы варыянт…

А можа, ён прадчуваў свой лёс, як той малады паэт, што ў дваццаць гадоў склаў геніяльную эпітафію самому сабе, якая прыдалася ўсяго праз некалькі месяцаў, калі яго на начной шашы збіла машына: Мяне заўсёды мучыла пытанне: у чым сэнс смерці? Цяпер я ведаю адказ, а вы, што засталіся, — не.

25

Галава раскалвалася ад абсалютна процілеглых думак, і ў лясной засені я паспрабаваў хоць трохі навесці ў ёй парадак.

Па-першае, я зразумеў, што вельмі доўга не здолею купацца ў маім улюбёным возеры, не кажучы ўжо пра заплывы пад той бераг. Але галоўным было, вядома, іншае.

Як далёкае куванне зязюлі, як спраўная беганіна мурашак у прыдарожным мурашніку, як цёмныя кроплі ягад на чарнічніку, як тое, што я ўсё гэта бачу і чую, не падлягала сумневу, што Чорны чалавек выратаваў маё жыццё. Я не ўяўляў, як магу аддзячыць яму і ці можна тут наогул разважаць у падобных катэгорыях.