Дарогу пераходзіў вожык. Адчуўшы пагрозу, ён спыніўся, імгненна скруціўся ў клубок і цікаваў са сваіх калючак. Такі самы калючы клубок варушыўся ў душы. Не, слабое параўнанне. За пазухай, як некалі ў спартанскага хлопчыка, сядзела і грызла мяне бязлітаснае лісяня.
Раздумваючы пра няўхільнае вяртанне Чорнага чалавека ў мой часовы кабінет, я аніколі не запытаўся сябе, як ён сам, неспадзяваны і зусім нядаўна яшчэ нежаданы госць, пачуваецца на нашай зялёнай канапе. З чыёй волі ён тут, найверагодней, у абсалютна нязвыклай яму прасторы? Як сябе паводзіць, калі ён, мой выратавальнік, чарговы раз матэрыялізуецца?..
26
Дома я, не знаходзячы сабе месца, усё ж сеў да стала. І тут аднекуль з-пад прытульных белых аблокаў, што як быццам прыпыніліся на выцвілым ад спёкі небе, на маю знерваваную істоту знячэўку зляцеў гаючы супакой.
Неспадзявана я напісаў цэлыя дзве старонкі. Непрыкметна наблізіўся момант саступіць кабінет Чорнаму чалавеку. Дзякуй, — прамовіў я падымаючыся і з вітальні паўтарыў: — Дзякуй табе, хто б ты ні быў. Другі раз голас прагучаў іначай: словы не спяшаліся растаць у паветры, а ціхім водгуллем блукалі з пакоя ў пакой. Перад вачыма ўзнікла возера, па-над чуйнай вечаровай паверхняю якога яны, мае ўдзячныя словы, цяпер нібыта звернутыя да кагосьці іншага, канчаткова заціхлі дзесьці воддаль — ці то ў зарасніках трыснягу за кладкаю з прычаленай адзінокай зялёнаю лодкай, ці то за белым трамплінам вадналыжнікаў, што, люструючыся ў незварушнай вадзе, ператварыўся ў наканечнік гіганцкай стралы, скіраванай у самае сэрца ночы.
Чорны чалавек вярнуўся. У яго паводзінах я не знайшоў нічога новага: нага, перакінутая цераз нагу, зухавата падкручаныя мыскі пантофляў… Ці з’явіўся б ён тут, каб гэта мяне зашпілілі сёння на маланку ў доўгім чорным мяху?
Гатуючы на вячэру яечню з памідорамі, я знячэўку сутыкнуўся з ідэяй новага, прычым не легкадумна-гуллівага, а паважнага і, бясспрэчна, небяспечнага эксперыменту, у параўнанні з якім былыя доследы выглядалі дзіцячымі забаўкамі. Выпіўшы некалькі кілішкаў каньяку і тым самым парушыўшы датрыманы да сёння зарок цвярозасці, я гатовы быў распачаць эксперымент неадкладна, пагатоў, калісьці любіў начныя купанні. Мой імпэт здолеў астудзіць толькі свежы ўспамін пра лілею, што знікла разам з тапельцам у чорным мяху.
Добра памятаю: каляндар паказваў сераду. Калісьці я чытаў раман, які пачынаўся словамі: Тут заўсёды серада. У сераду забілі галоўнага героя, і дзеянне адбывалася пасля.
27
У мяне пасля серады надышоў чацвер.
Але перад ім была ноч, калі я кахаўся з рыжавалосай юнай жанчынаю, што ўчора аплаквала азёрнага тапельца. Там, у сне, я ведаў: гэта — ягоная жанчына і ён зусім нядаўна пакінуў яе, аднак я не адчуваў аніякага сораму, таму што… таму што я таксама… таксама быў жанчынаю.
Мы лашчылі адна адну на шырокім нізкім ложку ў зацягнутым духмянай смугою пакоі, дзе замест шкла ў бэтонныя рамы былі ўштукаваныя вялікія люстэркі. Люстэркі аздаблялі і сцены без вокнаў, і столь, што нязмерна пашырала прастору пакоя, ды пры гэтым не пазбаўляла яго ўтульнасці. Ані не бянтэжыла і тое, што гульня люстэркаў мела дзіўную асаблівасць: у іх адбіваліся сцены з іншымі люстэркамі, але адсутнічалі абліччы нас саміх. Праўда, пераканацца ў маім пераўвасабленні ў жанчыну было нескладана і без люстраных адбіткаў, адно што кароткая фрызура не дазваляла даведацца, якога колеру мае валасы.
Дзівосныя перамены адбыліся і з рыжавалосай. Не, яна не набыла анічога мужчынскага, ды ўсё яе суладнае маладое цела, за выняткам твару, цяпер пакрывала тонкая, густая і цёплая марэлевая поўстка, што надавала маёй партнёрцы падабенства са зграбнай гнуткаю малпачкай.
Тое, чым мы так утрапёна займаліся, дарыла неймаверную шматсэнсавую асалоду. Яна пачыналася з лёгкіх прагулянак пальцаў, што ўзаемна вывучалі сусветы нашых целаў, і зусім не заканчвалася апантанасцю вуснаў і языкоў, якія цалавалі, прысмоктвалі, пяшчотна, а то і з салодкім болем кусалі, імкнуліся пранікнуць, праслізнуць у патаемныя глыбіні… І ўвесь час мне мроіліся касачы, жоўтыя і ліловыя касачы, бо форма гэтых кветак непаўторна эратычная.
Целы спляталіся ў самых мудрагелістых фантастычных паставах, якія, тым не менш, заўсёды дазвалялі нам беспамылкова дацягвацца да патрэбных куточкаў і кропачак. Часам, з заплюшчанымі або проста прымружанымі вачыма, нашая пара ўяўлялася мне любоўным альянсам дзвюх дасканалых чалавекамалпаў.
Мы кахаліся бясконца доўга, і, хоць стомы тут, напэўна, увогуле не існавала, целы ўсё больш нагадвалі дзве напятыя цецівы, гатовыя да срэбнай успышкі адначасовага стрэлу…
Той бязгучна-аглушальны стрэл здолеў перамагчы абыякавасць пустых вакольных люстэркаў, дзе ўрэшце з’явіліся нашыя шматкроць паўтораныя абліччы, ды ў іхнім калейдаскопе колер сваіх валасоў пабачыць ужо не выпала, бо срэбная віхура падхапіла мяне і, прабіўшы люстраныя сцены, асцярожна апусціла на знаёмы ложак, адкуль пачалося маё падарожжа.
Колькі хвілін я ляжаў шчаслівы і лёгкі, як галубінае пяро. У розных кутках цела жыла, пульсавала аксамітная памяць пра цёплую марэлевую поўстку жанчыны-малпачкі. Але ў вакно далікатна прасіўся дзень, і я гэтаксама асцярожна, таймуючы лёгкае хваляванне, пераканаўся, што я — па-ранейшаму мужчына.
28
Апрача ўсяго астатняга, у трактаце Тэрэнцыяна Маўра «Пра літары, склады і метры Гарацыя» даследваўся містычны сэнс літар. Містыка прысутная і ў гісторыі самога твора У 1493 годзе манускрыпт знайшлі ў бібліятэцы аднаго з італійскіх манастыроў. Праз чатыры гады яго надрукавалі ў Мілане, пасля чаго рукапіс знік. Адзін з выдаўцоў, чалавек таксама схільны да містыкі, выказаў здагадку, што манускрыпт вярнуўся на дванаццаць стагоддзяў назад да аўтара, бо застаўся ў свой час незавершаным. Маўляў, як шчаслівае адшуканне, так і таямнічае знікненне трактата былі абумоўленыя зашыфраванымі Маўрам у ягоных радках формуламі-заклёнамі. Мела сваіх прыхільнікаў і версія, паводле якой, зноў апынуўшыся ў мінулым, вершаваная праца рымскага граматыка патрапіла не ў рукі яе стваральніка, а — непасрэдна да самога Гарацыя.
29
Як я ўжо казаў, на змену серадзе прыйшоў чацвер. Заварваючы ранішнюю гарбату, я ўспомніў улюбёнае выслоўе мастака, перад дзвярыма якога канкурэнт і зайздроснік рассыпаў блакітны парашок. Секс, — любіць паўтараць ён, — дае адчуванне, што ты — жывы. Думаць пра нядаўні сон як выключна пра — няхай сабе і фантасмагарычны — секс не хацелася, але на тым свеце такіх сноў, пэўна, сапраўды не прысніш. Выціскаючы ў кубак з гарбатай палову цытрыны, я ўявіў, што гэты сон бачыла ў сённяшнюю ноч і сама рыжавалосая. А мо — у сваім васямнаццатым стагоддзі — і мексіканская танцорка?
Хоць і праглася, я не мяняў працоўнага графіка. Жыццё паспела раскідаць маіх самнамбулаў па свеце, і галоўны герой часам сумняваўся, ці не прымроіліся яму тыя танцы ў прывідным месяцовым святле.
Парою маёй адвячоркавай выправы да ракі ў горадзе шалела не меншая, чым апоўдні, спёка. Калі глабальнае пацяпленне не спыніцца, у нашых шыротах трэба будзе ўводзіць сіесту. Такая хада разважанняў перад тым, што я меўся зрабіць, прыйшлася мне даспадобы.
У некалі чыстай, а цяпер памутнелай Дзвіне ў межах горада купаліся даволі рэдка. Большасць верыла рэкамендацыям санітарных службаў і аддавала перавагу недалёкаму возеру, дзе ўчора здарылася трагедыя, ці іншым навакольным азёрам, куды нескладана было зганяць нават на ровары.
Каб не купацца ў Дзвіне, існавала і больш важкая прычына. Пасля пабудовы новага моста характар ракі ў наваколлі колішняга пляжа прыкметна змяніўся. Відаць, будаўнікі неабачліва закранулі патаемныя нізавыя плыні, зрушылі донныя камяні, засыпалі або, наадварот, пакінулі пасля сябе глыбокія яміны-бохаты. Карацей, Дзвіну нечым уразілі, і яна адказала: насупраць занядбаных, некалі жоўтых кабінак-раздзявальняў раней задуменна-спакойная рака за які дзясятак метраў ад берага раптам пачынала цячы хутчэй і наравіста вірыцца. Гэта не было бяскрыўдным капрызам. Тут некалі патанула схопленая вірам дзяўчынка, а летась сястрын сусед апавядаў, як яго пачало круціць, бы шрубку механічным зашрубнікам, але ён, дзякаваць богу, ведаў, што рабіць у такіх выладках: даў нырца ды, чапляючыся за камяні на дне, выбраўся са смяротнага вадакруту перад самым мостам з ягонымі небяспечнымі «быкамі».