Выбрать главу

Выглядала на тое, што парачка ў паніцы запамятавала, з якога яна нумара, бо раз-пораз рабіла роспачныя высілкі пратачыцца то ў Марцінавы, то ў суседнія дзверы злева і справа. Гэтыя высілкі скончыліся тым, што прысадзісты і барадаты, падобны да шкіпера чалавек у клятчастай начной піжаме элегантным рухам выхапіў у зебрастых майткоў пляшку і схаваў яе ў сваю шырокую кішэню.

16

Марцін супакоіўся і ціха радаваўся прыгодзе. Чуйка не здрадзіла: аглушальныя абвесткі, а ўслед за імі і завыванне сірэны, сціхлі. У калідоры з’явілася задыханая супрацоўніца гатэля, якая папрасіла прабачэння: пажарная сігналізацыя спрацавала, бо двое гасцей курылі ў нумары на чацвёртым паверсе. Чалавек з абліччам шкіпера па-англійску, але з нейкім моцным акцэнтам, выказаў здагадку, што гэта расейскія турысты, і прапанаваў неадкладна выселіць парушальнікаў на вуліцу. Сарваныя з ложкаў пастаяльцы ўхвальна зашумелі, аднак кабета ў гатэльнай уніформе зрабіла выгляд, што не пачула.

Публіка паціху вярталася да сваіх дзвярэй. У выніку выявілася: паўголая парачка, што выскачыла ў калідор, зачыніўшы ў ліхаманцы дзверы, за якімі застаўся і ключ, паходзіць з нумара, сумежнага з Марцінавым.

Пакуль адміністратарка хадзіла па запасны электронны ключ-картку, пастаяльцы не спяшаліся разыходзіцца: дзяліліся ўражаннямі і, як падалося Марціну, досыць некарэктна — што, відаць, тлумачылася агульным узбуджэннем — разглядвалі ягоных гаротных суседзяў.

Худы і даўгалыгі маладзён у майтках мог ганарыцца шыкоўнымі рудымі бакенбардамі. Яго спадарожніца, наадварот, мела пышныя формы і сарамліва ўсміхалася з-пад кароткай светлай грыўкі. Сярэдзіну ейнага ілба аздабляла ці то акуратная радзімка, ці то чырвоная плямка-кропка накшталт тых, што ўпрыгожваюць твары індыйскіх жанчын. Марцін успомніў: такая кропелька называецца біндзі, што на адной з індыйскіх моваў, здаецца, на хіндзі, азначае поўню і сімвалізуе трэцяе вока.

Наогул парачка глядзелася імпазантна, і, калі нарэшце перад ёю адчыніліся дзверы, у калідоры прагучалі воплескі. Найбольш заўзята апладзіраваў шкіпер. Натхнёны гэтым, маладзён у паласатых майтках наблізіўся да шкіпера і запатрабаваў вярнуць рэквізаваную бутэльку, на што той пахітаў галавой і ляпнуў даланёй па пустой кішэні.

17

Гадзіннік паказваў тры з чвэрцю, але заснуць Марціну не пашчасціла. Суседзі за сцяной без валаводжання заняліся тым, што ягоны знаёмы літаратар з іроніяй называе святым і вечным таемствам кахання. У спадзеве, што маладзён з напарніцай неўзабаве нацешацца і заснуць, як кацяняты, Марцін пайшоў у душ.

Ён падставіў даўгое, трохі нехлямяжае цела пад цёплыя колкія струменьчыкі і зірнуў у вузкае вертыкальнае люстэрка. Тое падказвала запісацца ў басейн і зноў пачаць гуляць у настольны тэніс. Марцін пагладзіў сябе па прыкметным жыватку. На сняданак будзе адна аўсянка. Але…

Не давядзе мне люстра, што стары я,

Пакуль тваё юнацтва не міне…

Пасля душу Марцін пераканаўся, што сітуацыя не змянілася. Ён паторгаў сябе за вусы, як заўсёды рабіў, калі хацеў утаймаваць нервы, і ўголас сказаў, што рады за суседзяў, але гукаізаляцыя ў чатырохзоркавым гатэлі магла б быць і лепшай.

18

Вяртаючыся са сняданку, Марцін убачыў на кансолі каля ампірнага люстра вялікі плецены з лазы кошык, поўны жаўтабокіх груш і вінаграду. Густоўная картка паведамляла, што пачастунак — прабачэнне за начны пярэпалах. Марцін выбраў дзве грушкі і цяжкую чорную гронку з буйнымі ягадамі.

Да вінаграду ён ставіўся асабліва. У дзяцінстве іх невялікая сям’я з яго, мамы і бабулі жыла беднавата, і вінаград ён еў раз на год — у дзень нараджэння. У той жнівеньскі, ужо з подыхам блізкай восені ранак Марцін прачынаўся, ведаючы, што побач з ложкам стаіць на зэдліку талерка з вінаградам, і гэта — ягоны святочны сняданак, пасля якога дазволена паваляцца ў пасцелі, а калі захочацца, то і зноў заснуць.

Мама зазвычай купляла яму на рынку якраз такую, цёмнафіялетавую, неверагодна сакаўную ды салодкую і, пэўна, самую дарагую гронку. Калі Марцін ласаваўся падарункам, здаралася, што адна-дзве вінаградзіны адрываліся і закочваліся пад ложак. Ён абавязкова знаходзіў іх, абціраў ад пылу і парушынак і таксама з’ядаў. Гадоў да дванаццаці Марцін думаў, што дні нараджэння — найшчаслівейшыя ў жыцці.

Мамы даўно не было на свеце, але ён і цяпер не ўяўляў дня, калі прыйшоў на свет, без вінаграду. Буйная ягадзіна не ўтрымалася на гронцы і, упаўшы на падлогу, закацілася за лядоўню. Марцін знайшоў яе, выцер і кінуў за шчаку.

Знізу патэлефанавалі. Стакгольмскі выдавец Нільс чакаў яго ў кавярні, каб разам выправіцца на кніжны кірмаш.

19

Нільс, з якім яны дагэтуль звязваліся адно праз электронную пошту, выявіўся чалавекам надзвычай камфортным ва ўсім, пачынаючы з аблічча. Гэта быў падхорцісты бландын, чые нечакана карыя, як у самога Марціна, вочы не дазвалялі назваць яго тыповым скандынавам. Нільса вылучала няспешлівасць і, як уявілася Марціну, упэўненасць у кожным слове і руху — пачынаючы ад прывітальнага поціску сухой цёплай рукі. Адчутай да выдаўца сімпатыі спрыяў і іхні прыкладна аднолькавы век.

Велізарнай палёгкай было тое, што Марцін мог гаварыць на сваёй мове. З ліставання, якое распачыналася па-англійску, ён даведаўся, што Нільс тры гады працаваў у Львове і вывучыў украінскую. Пазней — калі швед стварыў сваё выдавецтва — тая акалічнасць прывяла яго да ідэі спецыялізавацца на кнігах усходнееўрапейскіх аўтараў. На Марцінаву просьбу Нільс у лістах перайшоў на ўкраінскую і сам прапанаваў адказваць па-беларуску. У выпадку неразумення яны паслугоўваліся англійскай, але такое здаралася нячаста.

Калі яны селі ў цягнік, Марцін зрабіў усцешлівае адкрыццё, што Нільс па-ўкраінску не толькі ўпэўнена піша, але і гаворыць. Зрэшты, у дарозе яны размаўлялі няшмат. Нільс выбачыўся і, папіваючы каву, узяўся рэдагаваць тэрміновы тэкст: ягонае выдавецтва мела ўсяго трох супрацоўнікаў. Аднак заўтра, сказаў швед, ён будзе дзеля госця самым гаваркім чалавекам у Швецыі.

Цягнік мякка бег на поўнач. Марцін глядзеў на бясконцыя лясы, азёры ды скалы і спадзяваўся ўбачыць статак дзікіх аленяў, аднак Нільс патлумачыў, што для гэтага трэба праехаць сотні кіламетраў.

Узгадваючы сённяшнюю начную прыгоду, Марцін думаў, што магічны дзень яшчэ наперадзе, але ўсё незвычайнае, відаць, ужо адбылося. Праўда, Сервантэс і Шэкспір не пакінулі яго. За вакном праплывалі серабрыстыя ветракі электрагенератараў, і памяць адразу адгукнулася:

Тут вачам іхнім адкрылася ці то трыццаць, ці то сорак ветракоў, якія стаялі пасярод поля, і Дон Кіхот звярнуўся да пахолка з наступнымі словамі: «Лёс кіруе намі найлепшым чынам»…

Пасля маленькага, лялечнага гарадка яны праміналі доўгае возера з парослымі хвоямі скалістымі выспамі. Марціну ўзгадалася, як у юнацтве, аддаючыся сваёй гульні, ён у адпаведныя красавіцкія дні сам па-хлапчукоўску шукаў прыгодаў і аднойчы прыехаў у родныя мясціны на вялікае лясное возера.

20

На лодцы, узятай у дзеда-рыбака, што жыў у доме на высокім беразе, Марцін адплыў далёка на сярэдзіну. Возера ўражвала спакоем і бязлюднасцю. Яму не сустрэлася ніводнай лодкі, адно чародка вужоў, якая кіравалася некуды па сваіх вужыных справах. Вясновы дзень быў па-летняму цёплы. Марцін склаў вёслы, паслаў на карме вятроўку, прылёг на ласкавым сонцы і няўзнак заснуў.

Ён прачнуўся ад моцнай гайданкі. Усё навокал перайначылася. Замест нядаўняга сонечнага зацішку панавала змрочнае сутонне, што дыхала волкім холадам. Палову неба займала чорная, з жудлівым арабінавым падбоем, хмара, якую нястомна разрывалі звілістыя маланкі. Вецер сарваў з кармы і панёс кудысьці ў невараць ягоную вятроўку. Возера разгулялася гэткімі хвалямі, што — каб не важкая, а таму ўстойлівая лодка — ён, відаць, мусіў бы дабірацца да берага наўплаў.