Выбрать главу

У душы незачэпы Осы павеяў нязнаны датуль ветрык. Гімназістка вырашыла пазнаёміцца з цыбатым падлеткам, што стаў героем усяго іхняга маленькага свету. Праз два дні яна знайшла Стэфана на нядаўняй пустцы, дзе цяпер вечарамі таўкліся гараджане рознага веку. За заслугі перад цыркам хлапчына меў права штодня наведваць паказы і праводзіць з сабой аднаго знаёмага. Ганаровага госця нязменна ўсаджвалі ў першым шэрагу, і пры канцы нумара са сланамі якісьці з іх асцярожна падхопліваў Стэфана ды рабіў з ім па пасыпанай пілавіннем арэне адвітальнае кола.

У той вечар, калі прыгажуня з ільнянымі косямі на зайздрасць зграі нешанцоўных кавалераў запыталася ў Стэфана, як яго клічуць, слон далікатна ўзяў за талію яе саму. Гэта і вырашыла лёс: праз колькі гадоў Оса і Стэфан пабраліся, каб у будучыні стаць Нільсавымі дзедам і бабуляй.

На ўспамін пра экстравагантнае знаёмства ў іхняй гасцёўні на вакне заўсёды прысутнічалі сямёра пашыхтаваных па росце парцалянавых слонікаў: самы вялікі памерам з кацяня і найменшы — з дробную мышку. Нільс памятаў хатніх сланоў ад той пары, калі яны — прыцягваючы, паводле кітайскай мудрасці фэн-шуй, удачу — стаялі на вакне, павярнуўшы хобаты ў бок вуліцы. Раней, калі Стэфан з Осай былі маладыя, дом меў іншы набор сланоў, які Нільс знайшоў некалі на гарышчы. Атабарыўшыся ў спальні, тыя цягнуліся апушчанымі хобатамі да сужэнскага ложка, дапамагаючы ў зачацці дзяцей, і выдатна спраўляліся са сваёй роляю.

30

Слухаючы Нільса, Марцін убачыў перад сабой чародку слонікаў, што ў дзяцінстве ішла па этажэрцы ў іхняй з мамаю і бабуляй двухпакаёўцы. Праўда, мама моцна здзівілася б, пачуўшы пра сістэму фэн-шуй і пра тое, што гэтыя статуэткі здатныя на нешта іншае, апрача ўпрыгожвання сціплай абстаноўкі. Побач са слонікамі на этажэрцы сядзела, выцягнуўшы наперад белую ножку, парцалянавая балерына. Яна з’явілася раней за суседзяў з хобатамі, і малы Марцін калісьці скінуў яе на падлогу, адбіўшы балерыне галоўку.

Мама прымудрылася скласці балерыну, засунуўшы ў пустую ўсярэдзіне статуэтку доўгі цвік, на плешцы якога і трымаўся адляцелы кавалачак з чорнымі кудзеркамі і пунсовымі вуснамі. Калі Марціну хацелася пазлаваць маму, ён цягнуў балерыну за галаву, і тая ператваралася ў жанчыну-жырафу.

31

Нільс прапаноўваў усё новыя дэталі і адгалінаванні сюжэта.

Оса і Стэфан шмат гадоў жылі заможна і ў шчасці, пакуль Нільсаў дзед, які служыў на гандлёвым флоце, не прывёз адкульсьці з Індыі або з Інданезіі новых сланоў. Іх, зробленых гэтым разам са слановай косці, зноў жа было сем, але між дзвюма тройкамі цалкам белых адзін меў чорныя біўні.

Бабуля з першага дня знелюбіла мужаў набытак. Яна абвясціла, што здасць яго ў антыкварную краму свайго брата на ратушным пляцы, і рабіла некалькі спробаў запакаваць сланоў у скрынку, аднак Стэфан упарціўся і вяртаў іх на падвоканне. Гэта, маўляў, падарунак, але сказаць, ад каго, — рашуча адмаўляўся. У Нільсавых бацькоў узнікла моцнае падазрэнне — яны, зразумела, хавалі яго ад бабулі, — што тут тоіцца нейкая ўсходняя жанчына. Маці ў такіх размовах называла яе фатальнай.

А потым дзед у адпачынку між плаваннямі выйшаў у мора на апошнюю рыбалку.

Пасля хаўтураў сланы неадкладна пераехалі да антыквара, але не ў краму Осінага брата, а ў іншую, каля царквы. Няхай Госпад іх ачысціць, — патлумачыла бабуля. Рэшту адмераных ёй гадоў яна амаль не выходзіла з дому і ўсяго раз наведала мужаву магілу, хоць і загадала пахаваць сябе поруч.

32

Марцін акурат думаў, што такіх гісторый можна пачуць адну-дзве за цэлае жыццё, як наперадзе з-за рога дома выплыла знаёмая пара са стакгольмскага гатэля. Занятыя размовай, яны і не заўважылі або ўдала прыкінуліся, што не заўважаюць нядаўняга суседа. Жанчына зноў падалася яму істотна старэйшай за сябе самую тры дні таму. Яна як быццам яшчэ больш пастарэла нават з таго моманту, як Марцін убачыў іх на кніжным кірмашы, аднак радзімка на лобе не пакідала сумневаў, што жанчына — тая самая сяброўка бакенбардыста, што лётаў па гатэльным калідоры ў паласатых майтках. Змыла касметыку плюс натуральнае сонечнае асвятленне, — знайшоў тлумачэнне Марцін, хоць яго пачынала турбаваць, ці не зачаста яны сустракаюцца ў краіне, што прыкметна большая за Манака ці Сан-Марына.

Не паспеў ён развітацца з гэтай думкай, як напаткала новая неспадзяванка. Афіцыянтам, што падышоў да іхняга з Нільсам абедзеннага століка ў кавярні, аказаўся не хто іншы, як стакгольмскі шкіпер або ягоны двайнік. Марцін неўпрыкмет паторгаў сябе за вусы. Карцела пацікавіцца ў шкіпера, ці даўно той наведваўся ў сталіцу, аднак, гледзячы на адбаронены ды непранікальны твар афіцыянта, які цяпер, адрозна ад Стакгольма, гаварыў па-англійску без усялякага акцэнту, ён перадумаў. Пытанне магло быць законна расцэненае як умяшанне ў прыватнае жыццё.

Ці не зашмат супадзенняў? Сёрбаючы духмяную юшку, Марцін вырашыў падзяліцца здзіўленнем з Нільсам, але ўрэшце замест гэтага аддаў належнае стэйку з аляніны. Пагатоў выдавец не бачыў раней ні парачкі каханкаў, ні шкіпера.

33

Другая ноч у доме Нільсавых сваякоў аказалася поўнай супрацьлегласцю першай.

У сне Марцін апынуўся ў круглым будынку-ратондзе са сценамі з суцэльнага шкла, але шкла не звычайнага, а празрыстага адно з унутранага боку. Такім чынам вачам Марціна адкрывалася ўсё, што чынілася знадворку, а яго — ён аднекуль ведаў — адтуль убачыць не маглі.

Не маглі, але вельмі імкнуліся: да шкла прыціскаліся, марна ўзіраючыся ў недасяжную для іхняга зроку прастору, знаёмыя і незнаёмыя твары.

Знаёмымі былі тыя, з кім Марцін не хацеў мець аніякіх дачыненняў, бо тыя людзі адыгралі некалі ў ягоным жыцці адмоўную, а то і злавесную ролю. Да шкла ціснуўся, напрыклад, знаёмы паэцік — былы, а відаць, і цяперашні стукач, што, апрача даносаў, пісаў ў сеціве пад рознымі нікамі брыду пра яго, Марціна, і некалі здолеў разлучыць з мастачкай Вітай. Ён пазнаў і двух верагодных шэфаў паэціка — супрацоўнікаў органаў, якія ў гады студэнцтва пагражалі за самвыдат выкінуць Марціна з універсітэта і заслаць у войска куды-небудзь пад Магадан. Гэта мімаволі наводзіла на думкі, што і незнаёмых персанажаў за шклом наўрад ці можна далучыць да ягоных прыхільнікаў і сімпатызантаў.

Крыху ратавала агульную карціну купка з трох чалавек, якія трымаліся трохі воддаль. Марцін пазнаў былую жонку ў строях Афеліі, побач з якой быў, праўда, не Гамлет, а хтосьці са схаваным пад маскаю тварам, падобны да басконскага баевіка, якімі іх паказваюць у тэлерэпартажах пра заявы ЭТА. Найверагодней, ён быў усё ж спадарожнікам іншай жанчыны — мастачкі Віты, хоць яна і стаяла ў добра знаёмым Марціну заплямленым фарбамі балахоне, павярнуўшыся да басконца спінай. Яе тонкі нервовы профіль Марцін пазнаў бы з безлічы іншых, магчыма, яшчэ і таму, што Віта любіла дэманстраваць яго, паўтараючы, што анфас — маска, а сутнасць пазнаецца ў профілі.

Але гэтая купка выглядала не ўдзельнікамі, а староннімі назіральнікамі таго, што адбывалася. Тым часам сітуацыя вакол ратонды імкліва мянялася.

Марцін, бясспрэчна, стакроць згадзіўся б мець справу са сваімі зласліўцамі, чым з чалавекападобнымі істотамі, якія пачалі адціскаць людзей ад шкла і хутка цалкам запанавалі вакол ратонды. Ён дзесьці ўжо бачыў гэтых пачварных стварэнняў з неміргатлівымі вачыма на безвалосых ілбах і шэрымі кашлатымі хабаткамі замест насоў.

Яны прысмоктваліся хабаткамі да шкла і рабілі яго ў тым месцы відавочна празрыстым і з другога, свайго боку. Бязбровыя вочы, якія прынікалі да пакінутых хабаткамі круглых плямак, сведчылі, што ён не памыляецца.

Неўзабаве чалавекападобныя з’адзіночыліся ў адным месцы, і хабаткі-мацуны заміж бязладных плямак на шкле ўтварылі малюнак, падобны да пчаліных сотаў. Тады Марцін убачыў, што яны цягнуць не падобны ні на што загадкавы апарат са шматлікімі стырчакамі-іголкамі. Апарат прыставілі да «сотаў», і ён пачаў роўна гусці. Праз хвілю Марцін зразумеў, што стырчакі-іголкі насамрэч — тонкія свярдзёлкі, якія пачалі прагна ўгрызацца ў шкло ягонай ужо ненадзейнай фартэцы. Хутка свярдзёлкі паказаліся ўжо з гэтага боку шкла.